Абарона і супрацьдзеянне тэрарызму — галоўныя прыярытэты знешняй палітыкі

- 11:47Інфармацыйная гадзіна

Абаронны інвестыцыйны фонд ЕС пачне дзейнічаць у поўным аб’ёме з 2018 года. Пра гэта, як інфармуе ТАСС, заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні.

Заява была зроблена на адкрыцці планавай сустрэчы кіраўнікоў дыпламатычных місій ЕС, якая апярэджвае пачатак новага палітычнага сезона ў Бруселі. “Абаронны фонд ЕС выйдзе на поўны ўзровень аперацыйнай гатоўнасці ў 2018 годзе”, — сказала яна.

Еўракамісія 8 чэрвеня прадставіла праект Абароннага інвестыцыйнага фонду, які, па выказванні кіраўніка ЕК Жан-Клода Юнкера, дазволіць Еўрасаюзу стаць найбуйнейшым у свеце інвестарам у абаронны сектар. Абаронны фонд павінен забяспечваць да 5,5 млрд еўра інвестыцый у ваенна-прамысловы комплекс дзяржаў ЕС на год.

Федэрыка Магерыні адзначыла, што абарона і супрацьдзеянне тэрарызму стануць галоўнымі прыярытэтамі знешняй палітыкі Еўрасаюза ў наступныя 12 месяцаў. Пералічваючы прыярытэты знешняй палітыкі ЕС, на першым месцы яна назвала абаронную палітыку, на другім — барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам, на трэцім — міграцыю. Па яе словах, у найбліжэйшы час будзе створана сетка экспертаў, адказных за барацьбу з тэрарызмам ва ўсіх місіях ЕС за мяжой.