Абароне інтарэсаў мацярынства і дзяцінства ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня абароны дзяцей, прайшлі ва ўсіх кутках краіны. Міністр адукацыі Ігар Карпенка з нагоды свята наведаў гарадскі пасёлак Крывічы, што ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці.

Тут для навучэнцаў Крывіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы і выхаванцаў Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу ў мясцовым Доме культуры быў арганізаваны святочны канцэрт з удзелам беларускіх артыстаў Вольгі Рыжыкавай і Тэа, якія павіншавалі дзяцей са святам і пачаткам канікул.

На сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю раёна і прадстаўнікамі СМІ міністр адукацыі адзначыў, што абароне інта­рэсаў мацярынства і дзяцінства ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. “Гэта вялікі комплекс розных мер, у тым ліку па сацыяльнай падтрымцы дзяцей і мацярынства. У нас склалася добрая традыцыя правядзення шэрага дабрачынных акцый у Дзень абароны дзяцей. Да святочных мерапрыемстваў падключыліся дзяржаўныя служачыя, грамадскія аб’яднанні, прадпрыемствы і арганізацыі. Гэта добрая нагода яшчэ раз сустрэцца з дзецьмі, пагутарыць з імі, пажадаць ім выдатных канікул, правесці розныя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты. Сёння мы прыехалі ў Крывіцкае вучылішча закрытага тыпу. Міністэрства адукацыі даўно шэфствуе над гэтай установай. Мы часта тут бываем, сістэмна праводзім розныя мерапрыемствы. Вось і ў гэты дзень нашы выхаванцы не застануцца без падарункаў”, — адзначыў Ігар Карпенка.

У Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу выхоўваюцца юнакі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе яны знаходзяцца ва ўстанове па рашэнні суда і не могуць пакідаць яе па сваім жаданні.

У Крывіцкім СЛВПТВ хлопцы атрымліваюць не толькі школьную адукацыю, але і прафесійную (спецыяльнасць слесара па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка). Ва ўстанове быў адкрыты клас прафесійнага майстэрства для правядзення прафарыентацыйнай работы і новая вучэбна-вытворчая майстэрня з сучасным абсталяваннем.

Выхаванцы ўстановы, акрамя вучобы, займаюцца спортам, развіваюць свае творчыя здольнасці: займаюцца вакалам, асвойваюць розныя віды дэкаратыўна-прыклад- нога мастацтва.

Гаворачы пра Дзень абароны дзяцей, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што гэта не проста разавая акцыя, а комплекс мер, вялікая работа Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, інспекцый і камісій па справах непаўналетніх, органаў і ўпраўленняў па адукацыі, грамадскіх арганізацый.

1 чэрвеня пачаліся доўгачаканыя летнія канікулы.“Галоў­ная задача сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у канікулярны перыяд — забяспечыць занятасць дзяцей і падлеткаў. Гэта не проста адпачынак дзеля адпачынку, а арганізацыя змястоўнага і пазнавальнага вольнага часу ў тым ліку ў летніках працы і адпачынку, профільных летніках, лагерах спартыўнай, творчай, а таксама патрыятычнай накіраванасці. У нас будуць працаваць як летнікі з кругласутачным знаходжаннем на розных выязных базах за горадам, так і школьныя. Акрамя таго, у штатным рэжыме будуць працаваць цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе арганізавана работа гурткоў, спартыўных секцый, для таго каб нашы падлеткі былі актыўна занятыя”, — паведаміў Ігар Карпенка.

Летам працягнуць сваю работу грамадскія аб’яднанні, у тым ліку валанцёрскія праекты. Так, напрыклад, у Мінску на працягу некалькіх гадоў дзейнічае валанцёрскі праект “Дзеці сталіцы” — спецыяльна сфарміраваны педагагічны атрад Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка для работы з дзецьмі, якія не з’ехалі адпачываць за горад, а засталіся ў сталіцы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак будучыя педагогі праводзяць пазнавальныя віктарыны, інтэлектуальныя гульні і турніры, арганізуюць творчыя майстэрні, гульні-падарожжы, КВЗ, музычна-забаўляльныя конкурсы. Падобныя праекты будуць працаваць і ў іншых кутках нашай краіны.

З 11 па 15 чэрвеня 2021 года на бюджэтнай аснове ва ўсіх школах Беларусі будуць арганізаваны спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. А 16 чэрвеня пачнецца ўступная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

“Мы ўдзячныя сістэме МУС, МНС, нашай арміі, якія дапамагаюць арганізоўваць летнікі ваенна-патрыятычнай накіраванасці для рознай катэгорыі падлеткаў. Такія летнікі працуюць як на базе вайсковых часцей, так і за межамі воінскіх фарміраванняў”, — расказаў Ігар Карпенка.

1 чэрвеня быў дадзены старт школьным выпускным экзаменам, якія завершацца 9 чэрвеня. 10 чэрвеня па ўсёй краіне пройдуць выпускныя балі. Міністр засяродзіў увагу на важным моманце.

“Гэтая схема ўжо наладжана, і я думаю, што яна прынясе свой плён. Увогуле магу сказаць, што ў нас каля 52 тысяч выпускнікоў 11-х класаў і крыху больш за 90 тысяч выпускнікоў 9-х класаў. Перад імі адкрыты ўсе дарогі!” — дадаў міністр.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.