ДТСААФ трэба вывучыць магчымасць падрыхтоўкі новых катэгорый спецыялістаў для эканамічнага сектара дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час пасяджэння VII пленума Цэнтральнага савета Добраахвотных таварыстваў садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) СНД.
“У сучасных рэаліях неабходна працаваць сумесна, знаходзіць новыя формы для пашырэння інтэграцыі і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Абаронным таварыствам СНД трэба вывучыць магчымасць падрыхтоўкі новых катэгорый спецыялістаў для эканамічнага сектара дзяржаў, у першую чаргу для прамысловасці і сельскай гаспадаркі”, — сказаў Андрэй Кабякоў.
Акрамя таго, на думку прэм’ер-міністра, задача ДТ СААФ бачыцца і ў тым, каб актыўна шукаць новыя шляхі ў патрыятычным выхаванні, развіцці авіяцыйных і тэхнічных відаў спорту. “Выказваю ўпэўненасць, што спартыўна-тэхнічныя арганізацыі ДТСААФ будуць і ў далейшым уносіць значны ўклад у развіццё сваіх краін і Садружнасці”, — дадаў ён.
Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што кіраўніцтва Беларусі разглядае ДТСААФ як адно з самых аўтарытэтных грамадскіх аб’яднанняў, якія вырашаюць найважнейшую задачу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Таварыства з’яўляецца апорай дзяржавы ў пытаннях падрыхтоўкі моладзі да ваеннай службы і працоўнай дзейнасці.