Абітурыент: аналізуй і выбірай 

- 9:20Абитуриент

Новыя спецыяльнасці, новаўвядзенні і змяненні ва ўступнай кампаніі — 2022, а таксама тэрміны залічэння ў навучальныя ўстановы краіны.

Каледжы і ліцэі чакаюць

Нагадаем, што ў Беларусі прафесіі можна атрымаць на трох узроўнях: прафесійна-тэхнічнай, ся­рэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Сёлета глабальных змяненняў не прадбачыцца, але пэўныя дапаўненні ўсё ж такі бу­дуць. Так, выпускнікі спартыўна-педагагічных класаў з адзнакамі па профільных прадметах не ніжэйшымі за 8 балаў, а па астатніх — не ніжэйшымі за 7, маючы рэкамендацыі педсавета, змогуць паступаць на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту без уступных экзаменаў. Гэтак жа і абітурыенты з мэтавымі накіраваннямі змогуць паступаць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці без іспытаў. 

У сваю чаргу паступленне па-за конкурсам патрабуе здачы ўступных экзаменаў, але ў такім выпадку абітурыент з ніжэйшымі баламі зможа быць залічаны ў выбраную УВА. Напрыклад, выпускнікі профільных класаў або груп ваенна-патрыятычнай накіраванасці, якія асвоілі факультатыўную праграму “Гатовы Радзіме слу­жыць”, змогуць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства абароны і на ваенныя факультэты па-за конкурсам.

Прыём на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў гэтым го­дзе будуць ажыццяўляць 122 ус­тановы прафтэхадукацыі і яшчэ 43 фі­ліялы УВА, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафтэх­адукацыі. “Плануецца прыняць каля 26 тысяч абітурыентаў. Прыём для атрымання праф­тэх­адукацыі вя­дзе­цца ў асноўным на бюджэтную форму навучання за рэдкім выключэннем, а прыём на платную форму складзе ўсяго толькі 50 чалавек. Пры гэтым навучанне, звязанае з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі і атрыманнем рабочай прафесіі, ажыццяўляецца ў вочнай форме. Таму на яго плануецца залічыць каля 24,6 тысячы чалавек, яшчэ 420 — на завочную форму і крыху больш за 980 — на вячэрнюю форму атрымання адукацыі”, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.

Паводле яго слоў, на ўзровень прафтэхадукацыі штогод карэкціруецца структура прыёму з улікам рэгіянальных патрэб. “У 2022 годзе плануецца прыпы­ніць прыём па 132 спецыяльнасцях або прафесіях, якія не запатрабаваны ў пэўных рэгіёнах. Гэта не азначае, што прыёму па гэтых спецыяльнасцях не будзе ў іншым рэгіёне. Калі ў прадпрыемстваў канкрэтнага рэгіёна няма патрэбы ў нейкіх спецыялістах, рабочых, то ва ўстановах прафтэхадукацыі гэтага рэгіёна прыём па адпаведных спецыяльнасцях ажыццяўляцца не будзе, — патлумачыў Сяргей Антонавіч. — Затое будзе адкрыта падрыхтоўка па 141 прафесіі, якія запатрабаваны ў рэгіёнах. Такім чынам, прыпыненне набору на асобныя спецыяльнасці і адкрыццё прыёму на іншыя запатрабаваныя прафесіі ў любым выпадку забяспечаць рынак працы неабходнымі спецыялістамі”.

У структуры прыёму ва ўстановы прафтэхадукацыі будуць захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў. Спецыяльнасці рэальнага сектара складуць каля 74%. Пры гэтым будзе крыху скарочаны прыём па профілях адукацыі “Камунікацыі”, “Права”, “Эканоміка”, “Сельская гаспадарка”, “Грамадскае харчаванне” і павялічаны прыём па напрамках “Мастацтва і дызайн” і інш.

Тэрміны прыёму на ўзровень прафтэхадукацыі традыцыйныя: з 15 чэрвеня па 20 жніўня, але залічэнне на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадоўжыцца да 25 жніўня.

 У 2022 годзе прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць ажыццяўляць 110 ус­таноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 84 іншыя ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адпаведныя праграмы. План прыёму сфарміраваны з улікам патрэб заказчыкаў кадраў, усяго збіраюцца прыняць каля 39,5 тысячы чалавек. Пры гэтым на дзённую форму — 24,3 тысячы абітурыентаў, на завочную бюджэтную форму — 2 тысячы, на платную форму навучання — 13,2 ты­сячы чалавек (на дзённую — 9,3 ты­сячы і завочную — 3,9 ты­сячы). Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 18 жніўня.

Найбольшую колькасць абітурыентаў установы ССА чака­юць на спецыяльнасці па профілях “Тэхніка і тэхналогія”, “Ахова здароўя”, “Сельская і лясная гаспадарка”, “Садова-паркавае будаўніцтва”, “Педагогіка”, “Архітэктура і будаўніцтва”. “Акрамя таго, сёлета 17 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі пашырылі пералікі спецыяльнасцей, па якіх будуць ажыццяў­ляць падрыхтоўку. Напрыклад, Мінскі гарадскі педагагічны каледж і Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню аб’яўля­юць набор на новую спецыяль­насць “Педагагічнае суправаджэнне”. Пад­рыхтоўка па ёй іншымі ўстановамі адукацыі ў краіне раней не вялася, — праінфармаваў Сяргей Антонавіч. — Пры гэтым таксама адкрываюцца новыя спецыяльнасці для асобных устаноў. Так, у філіяле БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж” адкрываецца спецыяльнасць “Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя”. Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, філіял БДТУ, запрашае на спецыяльнасць “Абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі”.

УВА прапануюць

УВА плануюць прыняць каля 53,5 тысячы абітурыентаў: на бюджэт —  27,7 тысячы чалавек, на платную форму навучання — 25,8 тысячы. “Пры гэтым у структуры бюджэтнай формы дамінуе дзённая форма навучання — гэта каля 23 тысяч чалавек, у той час як платная складае прыблізна 4,5 тысячы. А вось у структуры завочнай формы пераважае платная форма атрымання адукацыі, — паведаміў С.А.Каспяровіч. — Найбольшая колькасць месцаў адведзена профілям “Тэхніка і тэхналогія”, “Садова-паркавае будаўніцтва”, “Сельская і лясная гаспадарка”, “Ахова здароўя”, “Педагогіка”. Таксама ў гэтым го­дзе плануецца павелічэнне прыёму на медыцынскія спецыяльнасці, на бюджэтную форму атрымання адукацыі ў тым ліку”.

БрДУ імя А.С.Пушкіна пачне прыём на новую спецыяльнасць “Урбаналогія і сіці-менеджмент”. БДУ плануе ажыццяўляць прыём на новыя спецыяльнасці “Геа­тэхналогія турызму і экскурсійная дзейнасць” і “Біяінжынерыя і біяінфарматыка”. Акрамя таго, БНТУ ўжо аб’явіў набор на спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” па напрамку “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” — гэта так званая індустрыя 4.0. БДТУ будзе набі­раць на мадэрнізаваную спецыяль­насць “Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў”, а МДЛУ — на спецыяльнасць “Японская мова і другая замежная мова” са спецыялізацыяй “Спецыяльны пераклад”. У сваю чаргу ПДУ запрашае на спецыяльнасць “Штучны інтэлект (інструментальныя сродкі і тэхналогія праектавання інтэлектуальных сістэм)”, а ГДТУ імя П.В.Сухога — на спецыяльнасць “Кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве”. У ГрДУ імя Янкі Купалы запланаваны набор на новыя спецыяльнасці “Журналістыка”, “Аналітычная біяхімія” і “Біяхімія лекавых сродкаў”, у ВДУ імя П.М.Машэрава — на спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”, а ў МДУ імя А.А.Куляшова — “Кіраванне
інфармацыйнымі рэсурсамі”.


РІКВ паведамляе

Цэнтралізаванае тэсціраванне ў 2022 годзе пачнецца 14 чэрвеня з беларускай мовы, а завершыцца асноўны этап ЦТ 6 ліпеня. 

–Як і ў мінулыя гады, чакаецца, што самымі масавымі прадметамі стануць руская мова і матэматыка. ЦТ па гэтых прадметах будзе праходзіць на працягу двух дзён. Рассадка прадугледжваецца камфортная і бяспечная. Акрамя таго, сёлета ў інтарэсах абітурыентаў было прынята рашэнне павялічыць на 30 мінут час выпрабаванняў па фізіцы і матэматыцы, — расказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Рэгістрацыя на ЦТ пачнецца 2 мая і прадоўжыцца да 1 чэрвеня ўключна ў 41 пункце тэсціравання. Яна бу­дзе право­дзіц­ца ў зручнай для абітурыентаў форме. Так, запоўніць анкету папярэдняй рэгістрацыі можна ў асабістым кабінеце на сайце РІКВ або асабіста наве­даць выбраны пункт тэсціравання.

— Калі гаварыць пра матэрыялы ЦТ, то спецыфікацыя на сайце РІКВ ужо даўно размешчана. Абітурыенты змаглі з ёй азнаёміцца, прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне ў розных формах. Таму можна гаварыць, што істотных змяненняў у плане складанасці і структуры тэстаў няма і не будзе. Абітурыенты мо­гуць спакойна рыхтавацца да здачы ЦТ, а затым прыйсці і паказаць свае веды, — падкрэсліў Ю.І.Міксюк.

Графік ЦТ:

  • 14 чэрвеня — беларуская мова,
  • 16 і 17 чэрвеня — руская мова,
  • 19 чэрвеня — грамадазнаўства,
  • 21 і 22 чэрвеня — матэматыка,
  • 24 чэрвеня — біялогія,
  • 26 чэрвеня — замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская),
  • 28 чэрвеня — хімія,
  • 30 чэрвеня — фізіка,
  • 2 ліпеня — гісторыя Беларусі,
  • 4 ліпеня — геаграфія,
  • 6 ліпеня — сусветная гісторыя (найноўшы час).

Рэзервовыя дні:

  • 12 і 14 ліпеня — беларуская і руская мовы,
  • 12 і 16 ліпеня — астатнія прадметы.

Пачатак ЦТ ва ўсе дні — 11:00.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.