Абітурыенты з розных рэгіёнаў акунуліся ў атмасферу студэнцкага жыцця ў ПДУ

- 10:20Абитуриент, Образование

Днямі ў ПДУ сабралася больш за 600 абітурыентаў з розных куткоў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей і каля 10 арганізацый — заказчыкаў кадраў, каб знайсці адно аднаго. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кожны ўніверсітэт на працягу навучальнага года некалькі разоў запрашае да сябе старшакласнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў на розныя праф­арыентацыйныя мерапрыемствы. Апошнім часам пачалі арганізоўваць сумесныя дні адкрытых дзвярэй і кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, каб патэнцыяльныя абітурыенты не толькі маглі азнаёміцца з будучай альма-матар, але і загадзя знайсці работадаўца, які будзе суправаджаць іх на працягу вучобы. Так, днямі Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай дазволіў старшакласнікам акунуцца ў атмасферу студэнцкага жыцця.

— Фармат сумеснага дня адкрытых дзвя­рэй з кірмашом мэтавай падрыхтоўкі зручны і для ўніверсітэта, і для абітурыентаў, і для заказчыкаў кадраў. Школьнікі могуць не толькі даведацца пра спецыяльнас­ці, але і на розных пляцоўках паглядзець, чым жыве кожны факультэт, што сабой уяўляе ўніверсітэцкая навука і над чым працуюць маладыя вучоныя, як студэнты ба­вяць вольны час і чым захапляюцца, — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі ПДУ Павел Мікалаевіч Салдаценка.

Пачалося мерапрыемства брыфінгам, на якім з асаблівасцямі ўступнай кампаніі — 2024 азнаёміў рэктар установы Юрый Раманоўскі. Вітаючы гасцей універсітэта, ён падкрэсліў, што ганарыцца сваімі выкладчыкамі, студэнтамі і выпускнікамі, і нагадаў, што новаўвядзенні сістэмы адукацыі адкрываюць перад абітурыентамі мноства траекторый для паступлення.

— Полацкі ўніверсітэт — гэта высакакласная адукацыя па 30 спецыяльнасцях, а таксама развіццё ўсіх навыкаў будучага прафесіянала. Мы рыхтуем спецыялістаў, здольных браць на сябе адказнасць, ства­раць працоўныя групы і прыводзіць арганізацыі да высокіх паказчыкаў. Наш універсітэт часта называюць тэхнічным, але ўзровень гуманітарнага напрамку дазваляе нам гарманічна развіваць абодва вектары і ствараць якасныя міждысцыплінарныя праекты. А таму, шаноўныя абітурыенты, карыстайцеся магчымасцямі сённяшняга дня і ідзіце да нас, каб ажыццявіць сваю мару, — дадаў Юрый Яцэнтавіч.

Затым выпускнікі школ атрымалі ўнікальную магчымасць наведаць інфасесіі з удзелам дэканаў факультэтаў, дзе даведаліся пра адметнасці навучання па канкрэтных спецыяльнасцях. А пасля старшакласнікі паспрабавалі падабраць сабе будучую прафесію пры дапамозе Сareer test, які паказаў ім іх моцныя бакі. На спецыяльнай дыялогавай пляцоўцы Career zone яны пазнаёміліся з непасрэднымі заказчыкамі кадраў, якія расказалі пра ўсе тонкасці мэтавага навучання.

— Адна з праблем у тым, што абітурыенты не ведаюць, куды звяртацца па мэтавае накіраванне, а прадпрыемствы не ведаюць, дзе шукаць зацікаўленых у мэтавым навучанні. На такіх мерапрыемствах наш універсітэт якраз і выступае сувязным звяном паміж заказчыкамі кадраў і абітурыентамі. Старшакласнікі атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з прадстаўнікамі арганізацый і абгаварыць умовы заключэння дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы, даведацца, якія спецыялісты ім патрэбны, і абмяняцца кантактамі для далейшага ўзае­мадзеяння, — расказаў П.М.Салдаценка.

Па яго словах, на запрашэнне ўніверсітэта паўдзельнічаць у кірмашы мэтавай пад­рыхтоўкі аператыўна адгукнуліся 8 арганізацый — заказчыкаў кадраў. Прадстаўнік аднаго з будучых работадаўцаў — начальнік упраўлення па рабоце з персаналам ААТ “Нафтан” Аляксандр Цялегін. Ён адзначыў, што ад студэнтаў-мэтавікаў чакаюць якаснай вучобы і высокай матывацыі.

У сваю чаргу многія старшакласнікі, пабываўшы на такім дні адкрытых дзвярэй, з захапленнем гаварылі, што ПДУ іх уразіў нават больш, чым сталічныя УВА, бо “гэты ўніверсітэт — вельмі сучаснае і перспектыўнае месца для атрымання вышэйшай адукацыі”.

— У нас атрымалася сапраўды ўнікальнае мерапрыемства. Сумяшчэнне дня адкрытых дзвярэй і кірмашу мэтавай пад­рыхтоўкі дало станоўчы эфект. Мы змаглі прадставіць рэкордную колькасць арганізацый — заказчыкаў кадраў і шмат цікавых пляцовак, якія наведала рэкордная колькасць абітурыентаў, бацькоў і настаўнікаў. Мерапрыемства стала карысным для ўсіх бакоў, — пераканана прарэктар па вучэбнай рабоце ПДУ Кацярына Ігараўна Галешава.

Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі ПДУ, у канцы сакавіка — пачатку красавіка ва ўніверсітэце адбудуцца яшчэ два прафарыентацыйныя фэсты. На фестывалі гуманітарных спецыяльнасцей абітурыенты азнаёмяцца з гуманітарным, юрыдычным і фінансава-эканамічным факультэтамі. А на фестывалі тэхніка-тэхналагічных спецыяльнасцей будуць прадстаўлены такія факультэты, як інжынерна-будаўнічы, механіка-тэхналагічны, інфармацыйных тэхналогій і камп’ютарных навук і электронікі. Абітурыенты змогуць наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі, вучэбныя карпусы і лабараторыі ўніверсітэта.

Вольга АНТОНЕНКАВА