Абласны клуб педагогаў «Зорнае крыло» адзначае 15-­годдзе

- 17:15Новости

Абласны клуб педагогаў “Зорнае крыло” адзначае 15-­годдзе. За гэты час педагогі Гомельшчыны нястомна абменьваюцца вопытам, дэманструючы сучасныя і крэатыўныя падыходы ў адукацыйным працэсе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі на пашыраным пасяджэнні клуба чарговы раз аб’ядналіся пераможцы і лаўрэаты конкурсаў прафесійнага майстэрства, у тым ліку конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў. У мерапрыемстве таксама прымалі ўдзел спецыялісты з Мінска, Мінскай вобласці, Лідскага раёна, Магілёва, Оршы. Свае звароты да ўдзельнікаў даслалі старшыня рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” Іван Якіменка і пераможца рэспуб­ліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023” Сяргей Шамінскі.

Наталля Нікіценка, Вольга Афанасьева і Любоў Палын

Насычаныя два дні выдаліся для прадстаўнікоў галіны адукацыі: майстар-класы, постарная сесія, панэльная дыскусія з экспертамі пакінулі незабыўныя ўражанні ва ўдзельнікаў, захліснуўшы станоўчымі эмоцыямі надоўга. Спецыялісты дзяліліся вопытам, паказвалі свае напрацоўкі — і ўсё для таго, каб трымаць руку на пульсе і быць гатовымі ўжо сёння да іспытаў конкурснага руху. Прыемным момантам сус­т­рэчы стала ўручэнне падзяк і грамат самым актыўным удзельнікам. Акрамя таго, кожны атрымаў сімвал клуба — статуэтку “Зорнае крыло”.

Настаўніца хіміі і біялогіі гімназіі Хойні­каў Вікторыя Мастабай, стаўшы лаўрэатам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”, адразу ўступіла ў клуб. Ужо 8 гадоў педагог знахо­дзіцца ў пастаянным прафесійным руху разам з іншымі прадстаўнікамі “Зорнага крыла”. Яна прызнаецца, што ў клубе з’явіліся сябры, з якімі можна ў агонь і ваду. А ўдзел у мерапрыемстве з нагоды 15-годдзя абласнога клуба пакінуў глыбокія ўражанні і станоўчыя эмоцыі. Абмен энергіяй з калегамі дазволіў стварыць атмасферу адзінства і натхнення, што надало сіл і стала дадатковым імпульсам для актыўнай работы на ўвесь новы навучальны год.

— Падчас мерапрыемства правяла для настаўнікаў мікранавучанне па тэме “Сучасныя сродкі візуалізацыі адукацыйнага кантэнту ва ўмовах лічбавізацыі адукацыі”, — адзначыла Вікторыя Уладзіміраўна. — На майстар-класах калег удасканаліла навыкі каманднай работы і актыўнага слухання. Думаю, гэта паспрыяе майму прафесійнаму росту. Сіла зносін на такіх мерапрыемствах заключаецца ў магчымасці абмену ідэямі і вопытам, што садзейнічае развіццю ў прафесіі, адкрывае новыя гарызонты для ўзаемадзеяння. Я адзіная ў раёне з’яўляюся ўдзельніцай гэтага аб’яднання, таму, несумненна, хочацца, каб перамога ў маючым адбыцца рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства была на баку прадстаўнікоў Хойніцкага раёна.

Настаўніца геаграфіі гімназіі Светлагорска Наталля Нікіценка правяла мікранавучанне, паўдзельнічала ў абмеркаванні вынікаў работы за апошні міжконкурсны перыяд, перспектыў развіцця конкурснага руху.

— За два дні пасяджэння клуба прысутныя не толькі атрымалі магчымасць абмяняцца вопытам і абмеркаваць актуальныя праблемы, але і наведалі майстар-класы і мікранавучанне ад беларускіх педагогаў, — падкрэсліла Наталля Мікалаеўна. — Гэта дазволіла пашырыць кругагляд і павысіць свае прафесійныя навыкі. Сустрэча адбылася ў цёплай атмасферы супрацоўніцтва і творчага абмену. У рамках пасяджэння клуба я правяла мікранавучанне на тэму “Маршрутызацыя як спосаб метадычнага суправаджэння маладых спецыялістаў”. У сваім выступленні расказала пра актуальнасць індыві­дуальнага падыходу ў рабоце з маладымі спецыя­лістамі і спосабы павышэння эфектыўнасці работы з рознымі крыніцамі інфармацыі. Традыцыйныя мерапрыемствы клуба яшчэ і нагода сустрэцца з сябрамі. У мяне засталіся самыя цёплыя ўражанні ад творчых зносін з сапраўднымі прафесіяналамі.

Прарэктар па вучэбнай рабоце ГАІРА Вольга Блажко адзначыла, што пасяджэнне было тэматычным і прысвечана дэманстрацыі эфектыўных форм метадычнай работы. Таксама яна падкрэсліла, што ўвага да дзейнасці клуба і падтрымка клубнага руху галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама, калегамі з іншых рэгіёнаў краіны сведчаць аб значнасці работы і запатрабаванасці гэтага напрамку ў метадычнай вертыкалі вобласці.

— Мы ўдзячныя за высокую ацэнку работы настаўнікаў — членаў клуба, — падсумавала Вольга Аляксандраўна.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлены суразмоўнікамі