Абмен вопытам, або Педагог вучыць педагога

Па ініцыятыве Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ва ўстановах адукацыі па ўсёй краіне рэалізоўваецца эксперыментальны праект “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Праект аб’яднаў 22 навучальныя ўстановы розных тыпаў: ад дашкольных да агульных сярэдніх і спецыяльных.

Як расказала начальнік цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых АПА Таццяна Кажамякіна, мэта ініцыятывы — прапаганда і распаўсюджванне лепшага педагагічнага вопыту вядучых устаноў адукацыі.— Удзельнікамі праекта сталі навучальныя ўстановы з усіх рэгіёнаў, якія не стаяць на месцы, пастаянна ідуць па шляху развіцця. У кожнай з іх на сённяшні дзень ужо назапашаны пэўныя станоўчыя напрацоўкі па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Праект дае магчымасці трансліраваць, распаўсюджваць гэты вопыт на ўзроўні рэспублікі. Адной з задач таксама з’яўляецца апрабацыя мадэлі адзінага інавацыйнага рэсурснага цэнтра, які дазволіць наладзіць плённае ўзаемадзеянне паміж установамі-ўдзельнікамі, стварыць пэўнае падабенства тэхналогіі “роўны вучыць роўнага”. Такая форма работы павінна прынесці адпаведны эфект, бо абмен вопытам будзе праходзіць у тым ліку і на практыцы, у ходзе наведвання навучальных устаноў, — адзначыла Таццяна Іванаўна.

За два гады ўдзельнікі і кіраўнікі праекта плануюць пабываць ва ўсіх дваццаці дзвюх установах. Днямі яны наведалі гарадскую гімназію № 1 Магілёва, дзе ў рамках праекта працуюць над індывідуалізацыяй працэсу навучання на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.

На Магілёўшчыне першая гімназія — своеасаблівы адукацыйны брэнд. Гэта ўстанова са сваім стылем, традыцыямі, іміджам, якая неаднаразова прызнавалася лепшай у горадзе і вобласці. Дзякуючы кіраўніцтву і згуртаванасці калектыву педагогаў-аднадумцаў, гімназія знаходзіцца ў пастаянным рэжыме развіцця. Тут ставяць высокія мэты і працуюць над іх рэалізацыяй. Нядзіўна, што ўстанова запатрабавана як сярод дзяцей, так і сярод іх бацькоў.

— У Магілёве функцыянуюць чатыры гімназіі, але першая — самая запатрабаваная. Навучальную ўстанову з задавальненнем наведваюць нават дзеці, якія пражываюць у зусім іншых частках горада. Такая запатрабаванасць — лепшы паказчык работы педагагічнага калектыву, — падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Ірына Новікава.

Як высветлілася, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасцю мясцовыя педагогі займаюцца ўжо не адно дзесяцігоддзе. Зараз настаўнікі агульнымі намаганнямі працуюць над стварэннем умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу на аснове пабудовы індывідуальных адукацыйных траекторый навучэнцаў.

— Мы імкнёмся прадаставіць гімназістам якасную адукацыю з улікам іх здольнасцей на працягу ўсяго перыяду навучання. Для найбольш поўнага развіцця патэнцыялу дзяцей кожная ступень адукацыі мае свае асаблівасці, — адзначыў дырэктар гімназіі Аляксандр Цвілік.

Паводле яго слоў, на першай ступені, у пачатковай школе, пры гімназіі забяспечваецца атрыманне трывалай асновы для наступнага паспяховага навучання. Каб максімальна выканаць гэтую задачу, ва ўстанове дзейнічае суботняя школа развіцця, якую наведваюць дзеткі пяцігадовага ўзросту. У сярэднім звяне гімназіі працягваецца развіццё і паглыбленне ведаў. З пятага класа ажыццяўляецца ранняя дапрофільная дыферэнцыяцыя пры вывучэнні матэматыкі. У 8—9 класах навучэнцам даецца магчымасць перадпрофільнай дыферэнцыяцыі навучання па фізіка-матэматычным, філалагічным, хіміка-біялагічным напрамку. Завяршальны этап — навучанне на старшай ступені. У гімназіі яно вядзецца па мадэлі мультыпрофільнай школы: кожны вучань можа выбраць індывідуальны вучэбны план.

Раскрыццё здольнасцей, паспяховасць навучэнцаў магчымы толькі пры стварэнні ва ўстанове неабходных для гэтага ўмоў. У Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 такія ўмовы ёсць. Тут нястомна развіваюць матэрыяльна-тэхнічную базу. Самарэалізацыі дзяцей значна спрыяе і шырокі спектр аб’яднанняў па інтарэсах, розных відаў пазаўрочнай дзейнасці. У навучальнай установе праводзіцца больш за 20 традыцыйных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел не толькі навучэнцы, але і іх бацькі. Тут плённа працуе каля 90 аб’яднанняў па інтарэсах для навучэнцаў: творчыя студыі, спартыўныя секцыі, узорныя творчыя калектывы. Паралельна з агульнаадукацыйным курсам больш за 200 вучняў вучацца іграць на музычных інструментах.

Такі падыход дазваляе дасягнуць усебаковага развіцця навучэнцаў. Сярэдні вынік выпускнікоў гімназіі на цэнтралізаваным тэсціраванні складае 62,5 бала. Навучэнцы паспяхова праяўляюць сябе ў алімпіядным руху. Сёлета імі заваявана 80 дыпломаў на гарадскім, 11 — на абласным, а таксама 2 дыпломы і заахвочвальны водгук на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. А ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх творчых фестывалях і конкурсах іх вынік — больш за 150 прызавых дыпломаў.

Таленты гімназістаў удзельнікі інавацыйнага праекта ўбачылі на свае вочы. У імправізаваным гарадку майстроў ім была прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладная творчасць вучняў пачатковай школы, а падчас невялікага канцэрта — вакальнае, інструментальнае і харэаграфічнае майстэрства навучэнцаў сярэдняга і старшага звяна.

Азнаёміліся прысутныя і з выкладчыцкімі методыкамі педагогаў гімназіі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Бандарэнка правяла адкрыты ўрок-даследаванне. Праз чытанне з прыпынкамі педагог стварала ўмовы для максімальнага ўсведамлення вучнямі ідэйнай накіраванасці і сутнасці мастацкага твора. Матэматык гімназіі Якаў Слаін падчас факультатыўных заняткаў з дзевяцікласнікамі прадэманстраваў метад зваротнага ходу. Аўтарская методыка настаўніка заключаецца ў фарміраванні ў вучняў уменняў думаць у нестандартнай матэматычнай сітуацыі праз выкарыстанне апорных задач. Дзякуючы рашэнню вялікай колькасці мэтазгодна падабраных складаных заданняў, вучні атрымліваюць неабходны матэматычны вопыт, які дазваляе ім далей паспяхова генерыраваць уласныя прадукцыйныя ідэі. Настаўніца пачатковых класаў Ірына Жыгірава і настаўніца музыкі Святлана Громава наглядна паказалі, як павысіць эфектыўнасць навучання шляхам інтэграцыі вучэбных прадметаў. Сваёй аўтарскай методыкай навучання напісанню водгука на літаратурны твор падзялілася з калегамі настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Татарава. А настаўнік беларускай мовы і літаратуры Юрый Каласоўскі правёў для іх майстар-клас па выкарыстанні стратэгіі актыўнай ацэнкі, якая значна павышае моўную адукацыю.

На падвядзенні вынікаў мерапрыемства многія адзначалі неабходнасць такіх сустрэч. Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 Асіповіч Кацярына Свіркова знайшла для сябе шмат карыснага ў плане сістэмы індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання з улікам узроставых здольнасцей вучняў. Шмат чаго ўзяла для сябе і намеснік дырэктара Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Тэрэса Сямёнава, як і іншыя ўдзельнікі праекта. Адметна, што прадстаўнікі гімназіі № 1 Мінска, якія пабывалі на семінары-практыкуме ў якасці назіральнікаў, цяпер таксама плануюць далучыцца да эксперыментальнага праекта.

Што тычыцца ў цэлым работы па фарміраванні мадэлі рэспубліканскага рэсурснага цэнтра, то яна будзе працягвацца. Пасля ж плануецца скласці адпаведныя метадычныя рэкамендацыі, якія будуць распаўсюджаны па ўсіх установах адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *