Абмен вопытам і думкамі адбыўся на Елабужскім фестывалі

- 11:40Актуально, Рознае

Як вядома, новы год прадстаўнікі настаўніцкай прафесіі адзначаюць не адзін раз, а два, і яшчэ невядома, які з іх важнейшы. Колькі б настаўнікі ні скардзіліся на нагрузкі, стомленасць, зніжэнне прэстыжу прафесіі, большасць з іх не ўяўляе свайго жыцця без любімых навучэнцаў.

Напярэдадні 1 верасня праводзіцца шмат мерапрыемстваў педагагічнай тэматыкі, але ў большасці сваёй яны ахопліваюць чыноўнікаў, адміністрацыю, а галоўная асоба — школьны настаўнік — застаецца, чаго граху таіць, “за кадрам”. Свой адказ гэтаму стэрэатыпу напярэдадні штогадовай жнівеньскай нарады работнікаў адукацыі і навукі прапанавалі арганізатары Пятага (юбілейнага) фестывалю школьных настаўнікаў, які праходзіў з 11 па 14 жніўня на базе Елабужскага інстытута Казанскага федэральнага ўніверсітэта, навучальнай установы з больш чым векавой педагагічнай гісторыяй, якая стала ў гэтыя дні сапраўднай інавацыйнай пляцоўкай абмену вопытам.
У рабоце фестывалю прынялі ўдзел больш як 500 настаўнікаў з Татарстана і іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі сістэмы сярэдняй і вышэйшай прафесійнай адукацыі, а таксама вучоныя, якія актыўна супрацоўнічаюць з агульнаадукацыйнымі ўстановамі.
У якасці мадэратараў выступілі 50 прафесараў, дактароў і кандыдатаў навук, пераможцы конкурсаў “Настаўнік года” з 7 краін свету: ЗША, Ізраіля, Германіі, Тайланда, Беларусі, Швейцарыі, Расіі.
Фестываль школьных настаўнікаў праводзіцца ў сценах Елабужскага інстытута з 2010 года. За мінулыя пяць гадоў гэты форум стаў міжнародным і зарэкамендаваў сябе як унікальная пляцоўка для прэзентацыі, ацэнкі і акумуліравання перадавога педагагічнага вопыту.
Папулярнасць Елабужскага фестывалю рэктар Казанскага федэральнага ўніверсітэта Ільшат Гафураў растлумачыў так: “Асаблівую ўвагу падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў мы ўдзяляем па той простай прычыне, што гэта — аснова асноў. Які настаўнік у школе — такія і навучэнцы, а потым — студэнты. Ад настаўніка ў многім залежыць, ці будуць развіты дадзеныя дзіцяці ад прыроды здольнасці. Вопыт фестывалю будзе вывучацца на працягу года, лепшыя практыкі мы перанясём на пляцоўку перападрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў”.
Нездарма, адкрываючы фестываль, міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Татарстан Энгель Фатахаў заўважыў, што асноўнымі напрамкамі дзейнасці педагогаў сёлета стануць павышэнне якасці адукацыйнага працэсу, паляпшэнне яго метадычнай падтрымкі, рост эфектыўнасці і мэтавага характару кадравага забеспячэння галіны.
Праграма фестывалю ўключала публічныя лекцыі, майстар-класы вучоных-спецыялістаў у галіне сучаснай адукацыі, круглыя сталы на актуальныя тэмы, дзелавыя гульні, трэнінгі, прэзентацыі перадавога педагагічнага вопыту, выставу-кірмаш вучэбна-метадычнай літаратуры, творчыя і прафесійныя конкурсы.
Сапраўдным падарункам удзельнікам фестывалю стала публічная лекцыя заслужанага настаўніка Расійскай Федэрацыі доктара педагагічных навук Я.А.Ямбурга. Сваё выступленне Яўген Аляксандравіч прысвяціў актуальным праблемам, якія хвалююць усіх, хто працуе з дзецьмі. Ён гаварыў пра выклікі, якія стаяць перад педагогікай: пра генетычную стомленасць і зменлівы свет, пра неабходнасць накіраваць увагу кіраўнікоў устаноў на псіхолага-педагагічную падтрымку дзяцей, пра выхаванне талерантнасці, верацярпімасці ў шматнацыянальнай і шматканфесіянальнай дзяржаве, пра стратэгію і тактыку адукацыі, немагчымай без аднаўлення духоўных каштоўнасцей.
Вялікую цікавасць у расійскіх настаўнікаў выклікаў і вопыт беларускіх калег. У рамках майстар-класа “Як з двоечніка зрабіць выдатніка?” настаўнікі пачатковай школы з вялікім задавальненнем слухалі дацэнта кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі кандыдата педагагічных навук Святлану Іванаўну Гін, якая раскрыла сакрэты фарміравання крэатыўнасці малодшых школьнікаў пры дапамозе ТРВЗ-тэхналогіі.
Загадчык філіяла кафедры педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Лідзія Аляксандраўна Казінец дзялілася вопытам на майстар-класе па тэме “Выяўленне і развіццё адораных навучэнцаў пры дапамозе комплекснай вучэбна-дыягнастычнай тэхналогіі “Даследчык”, а таксама ў рамках круглага стала “Рэалізацыя ідэй інавацыйнага педагагічнага вопыту ў прафесійнай падрыхтоўцы настаўніка”.
Сваім вопытам дзялілася і я. Расійскія педагогі распрацавалі мадэль асобасна арыентаванага ўрока замежнай мовы з выкарыстаннем інтэрактыўных прыёмаў пры навучанні розным відам маўленчай дзейнасці і аспектам мовы, пазнаёміліся з методыкай работы з адукацыйнымі сэрвісамі Web 2.0. Таксама ім былі прадстаўлены беларускія інтэрнэт-рэсурсы і інтэрактыўныя комплексы па навучанні англійскай мове.
Акрамя напружанай работы, гасцей фестывалю чакала і шырокая забаўляльная праграма: экскурсіі па горадзе, канцэрт джазавага аркестра, тэатральная пастаноўка, пасля наведвання якой настаўнікі самі ззялі на сцэне ў рамках конкурсу талентаў.
Падобная форма прафесійных зносін настаўнікаў дае ім магчымасць абмеркаваць актуальныя праблемы і перспектывы развіцця сучаснай сістэмы школьнай адукацыі ва ўмовах яе мадэрнізацыі; абмяняцца вопытам і думкамі па псіхолага-педагагічным, інфармацыйным і метадычным суправаджэнні адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе; пазнаёміцца з новымі распрацоўкамі і дасягненнямі ў галіне адукацыйных тэхналогій, матывуючы на інавацыйную дзейнасць.
Упэўнена, ні адзін з удзельнікаў фестывалю не пашкадаваў пра апошнія дні адпачынку, праведзеныя ў зносінах, дыскусіях, на лекцыях і майстар-класах.

Інеса ЗУБРЫЛІНА,
старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі
Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска.