Абмен вопытам на англійскай мове

Фестываль педагагічнага майстэрства сабраў больш за 200 настаўнікаў замежнай мовы Гродзенскай вобласці.

Традыцыйна фестываль правёў Гро­дзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, гэтым разам у анлайн-фармаце. Асноўная яго мэта — трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту выкладання замежнай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Форум ужо зарэкамендаваў сябе як пляцоўка для прафесійнага дыялогу, дэманстрацыі педагагічнага майстэрства выкладчыкаў замежнай мовы і як школа, дзе вучаць і вучацца. У многіх секцыях рабочай мовай стала англійская.

— Фестываль падняў высокую планку, бо ў ім прымаюць удзел спецыялісты сапраўды высокага ўзроўню: педагогі-метадысты, настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй, энтузіясты сваёй справы, — падкрэсліў, адкрываючы форум, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гро­дзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Сёння мы не павінны адмаўляцца ад вывучэння адных замежных моў на карысць іншых. Некаторыя сцвярджаюць, што трэба вучыць толькі англійскую мову як сродак міжнародных зносін. Лічу, што аднолькава важным для нас з’яўляецца выкладанне нямецкай, іспанскай, французскай і іншых моў, мы за павелічэнне спектра вывучаемых моў. Пакуль ні ў адной са школ не пачалі вывучаць арабскую мову, і гэта трэба планаваць у найбліжэйшай перспектыве. Кожная мова каштоўная, і манаполія адной абмяжоўвае нашы магчымасці. Вывучэнне ўсіх замежных моў з’яўляецца для нас прыярытэтам.

Як адзначыў Руслан Абрамчык, навык валодання замежнай мовай сёння перастае быць нечым элітарным, гэта патрэба любога спецыяліста, які хоча быць канкурэнтаздольным на рынку працы. Нават рабочым неабходна веданне замежнай мовы для таго, каб павышац­ь свой узровень кваліфікацыі. Разам з тым настаўнікі павінны стымуляваць маўленчую актыўнасць вучняў на ўроках, навучыць дзяцей гаварыць.

— Фестываль стаў цудоўнай магчымасцю аб’яднаць крэатыўных, творчых, актыўных, амбіцыйных, таленавітых педагогаў замежнай мовы. Такі форум — гэта яркая дэманстрацыя лепшых практык, унікальная камунікатыўная пляцоўка. Тут можна падзяліцца сваім вопытам, ідэямі і знаходкамі, якія стануць карыснымі для ўсіх удзельнікаў. Хочацца пажадаць, каб, выкладаючы англійскую, нямецкую, іспанскую, кітайскую мовы, педагогі вучылі дзяцей гаварыць на гэтых мовах пра нашу Беларусь прыгожа і цікава.

У рамках фестывалю быў прадстаўлены вопыт эфектыўнай педагагічнай дзейнасці па такіх напрамках, як навучанне замежнай мове на першай ступені, эфектыўныя методыкі і прыёмы навучання аспектам замежнай мовы і відам маўленчай дзейнасці, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, пазавучэбная дзейнасць і інш. Цікава і змястоўна была арганізавана работа педагагічных майстэрняў і майстар-класаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.