Абмен вопытам педагагічнай прафілізацыі: у Мінску адбылася сустрэча з удзельнікамі міжнароднага адукацыйнага туру

- 17:40Образование

У БДПУ імя Максіма Танка адбылася сустрэча з удзельнікамі міжнароднага адукацыйнага туру «Плануем будучыню разам», перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Адукацыйны тур прайшоў у межах супрацоўніцтва ў галіне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання педагагічнай накіраванасці паміж установамі адукацыі Расіі і Беларусі. Ён аб’яднаў педагогаў і навучэнцаў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 11 Электрасталі Маскоўскай вобласці і сярэдняй школы № 6 Мінска.

У праграме наведвання БДПУ былі экскурсія па ўніверсітэце ў форме квеста, падрыхтаванага студэнцкім саветам, трэнінг «У ролі настаўніка» і РОР-сустрэча «Бліц на роўных», якую правялі члены студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «Профіль+».

Падчас трэнінгу навучэнцы педкласаў называлі моцныя і слабыя бакі педагагічнай прафесіі, разважалі пра якасці педагога, выбар прафесіі, вырашалі кейс-сітуацыі.

Таксама госці азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі дзейнасці 6-й мінскай школы. Вопыт работы па тэме «Валанцёрства як стартавая пляцоўка для будучага педагога» прадставілі настаўніца гісторыі Людміла Гарбацэвіч і настаўніца геаграфіі Вольга Хлябко, а таксама вучні 10 педагагічнага класа. Экскурсаводы школьнага аб’яднання «Сігма» правялі экскурсію па музейным пакоі, расказалі пра экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народа, арганізавалі экскурсіі па мікрараёне Сухарава і гістарычным цэнтры Мінска.

Беларускія педагогі падзяліліся вопытам вырашэння задач педагагічнай прафілізацыі. Так, аб пабудове ўзаемаадносін настаўніка з бацькамі расказала настаўніца пачатковых класаў К.Лабус. Настаўніца інфарматыкі І.Аляхновіч і настаўніца рускай мовы і літаратуры Л.Муравейка падзяліліся сваім поглядам на фарміраванне інфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў шляхам стварэння праграмных прадуктаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі.

– На працягу апошніх 5 гадоў адміністрацыя, педагогі і навучэнцы нашых устаноў адукацыі адкрываюць усё новыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва ў прафесійнай супольнасці педагагічных класаў: гэта ўзаемныя візіты, экскурсіі, прэзентацыі праектаў, канферэнцыі, семінары, сумесныя майстэрні, дзелавыя гульні, летнія школы педагагічнай практыкі і прафесійных проб, круглыя сталы, інфаўрокі і інш., – адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 6 Мінска Ала Фядосава. – Так, напрыклад, прадстаўнікі абедзвюх устаноў адукацыі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы», якія традыцыйна праходзяць у БДПУ. Педагогі прадстаўляюць свой вопыт на пленарных пасяджэннях і дыскусійных пляцоўках; старшакласнікі ўдзельнічаюць у выставах дасягненняў педагагічных класаў, праводзяць майстар-класы і прэзентацыі.

У ходзе такіх мерапрыемстваў адбываецца абмен вопытам педагагічнай прафілізацыі, удасканальваюцца прафесійныя кампетэнцыі педагогаў, якія працуюць у педагагічных класах, навучэнцы знаёмяцца і ўзаемадзейнічаюць з аднагодкамі з іншых краін, якія гэтак жа, як і яны, спасцігаюць асновы педагагічнай прафесіі, праходзяць прафесійныя пробы, рыхтуюцца да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара