Абмеркавалі бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце

Інтэрнэт ужо даўно стаў часткай нашага жыцця. Мы шукаем у сусветнай павуціне неабходную інфармацыю, чытаем кнігі, перапісваемся з сябрамі, гуляем, глядзім кіно, слухаем музыку, купляем розныя рэчы, дзелімся цікавымі думкамі і фотаздымкамі. На першы погляд інтэрнэт выглядае бяспечна, але гэта далёка не так.

У нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца бяспечным паводзінам вучняў у інтэрнэце. Гэтай праблеме прысвячаўся адпаведны ўрок, які нядаўна прайшоў ва ўстанове. Паколькі з мінулага года школа рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў шляхам арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”, урок праводзілі старшакласнікі, якія ў якасці валанцёраў роўнага навучання пастараліся данесці важную інфармацыю да сваіх равеснікаў. Падлеткі не толькі тлумачылі правілы бяспечных паводзін у інтэрнэце, але і прыводзілі прыклады асноўных памылак карыстальнікаў і наступствы гэтых дзеянняў. Старшакласнікі выкарыстоўвалі мультымедыйныя сродкі, якія рабілі інфармацыю больш даступнай і зразумелай.

Валанцёры падрыхтавалі для равеснікаў выставу тэматычнай інфармацыі і брашуры, а таксама правялі тэст-апытанне “Ці правільна я сябе паводжу ў інтэрнэце?”.

Педагогі адзначылі, што, нягледзячы на вялікую ўвагу да праблем бяспечных паводзін у інтэрнэце, работа ў гэтым напрамку патрабуе яшчэ большай актывізацыі.

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *