Абмеркавалі дзіцячае эксперыментаванне

- 12:24Навіны рэгіёнаў

Агульнапрызнана, што вядучай дзейнасцю ў дашкольным узросце з’яўляецца гульнявая. Разам з тым ёсць пэўныя сумненні ў абсалютнай правільнасці гэтага меркавання. На працягу многіх гадоў навука шукае такія формы дзіцячай дзейнасці, якія інтэнсіўна развіваліся б не толькі без дапамогі дарослых, але нават насуперак іх дзеянням. Такой дзейнасцю з’яўляецца дзіцячае эксперыментаванне.

У нашай установе прайшоў семінар-практыкум выхавальнікаў “Дзіцячае эксперыментаванне — аснова пошукава-даследчай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту”. У пачатку мерапрыемства намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці С.М.Ляшкевіч адзначыла, што эксперыментаванне з’яўляецца адным з вядучых відаў дзейнасці дашкольнікаў, засяродзіла ўвагу на тэарэтычных аспектах гэтага актуальнага пытання.

Падчас групавой работы выхавальнікі выконвалі практыкаванні “Выберы дыстанцыю”, “Знайдзі вызначэнне вопыту і эксперымента”, “Вызначы парадак структурных кампанентаў эксперымента”. Найбольшую цікавасць выклікала бліцгульня “Пытанне — адказ”, дзе разгарнулася дыскусія на тэму вызначэння форм работы па развіцці пазнавальна-даследчай дзейнасці дзяцей ва ўзросце 2—3, 3—4, 4—5, 5—6 гадоў.

Падчас гульні “Загадкі ад дзяцей” дашкольнікі спрабавалі растлумачыць, што такое мікраскоп, эксперымент, прабірка і лабараторыя, а педагогі здагадваліся, пра што ідзе гаворка.

Практычная частка семінара прайшла ў форме казкі з праблемнымі пытаннямі, на якія неабходна было адказаць з дапамогай доследаў і эксперыментаў.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.