Абмеркавалі праблематыку міжнароднай інфармацыйнай бяспекі

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась сустрэўся з намеснікам сакратара Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі Алегам Храмавым і спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта РФ па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інфармацыйнай бяспекі Андрэем Круцкіх. Пра гэта паведамілі ў Дзяржсакратарыяце Савета бяспекі.

На сустрэчы абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння і каардынацыі пазіцый Беларусі і Расіі па развіцці падыходаў да забеспячэння міжнароднай інфарма­цыйнай бяспекі на розных міжнародных пляцоўках. Канкрэтызаваны шляхі рэалізацыі расійска-беларускага міжурадавага пагаднення 2013 года аб супрацоў­ніцтве ў галіне забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

Удзельнікі адзначылі выніковасць і важнасць сумесных намаганняў, якія прыкладаюцца ў сферы гарантавання міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, выказалі задавальненне вынікамі беларуска-расійскіх міжведамасных кансультацый, якія адбыліся 13 сакавіка ў Мінску.

У ходзе дыялогу падкрэслена, што беларускі бок разглядае рэзалюцыю Генеральнай асамблеі ААН “Дасягненні ў сферы інфарматызацыі і тэлекамунікацый у кантэксце міжнароднай бяспекі”, прынятую па ініцыятыве расійскага боку ў суаўтарстве з Беларуссю ў лістападзе 2018 года, як найважнейшы практычны прававы інструмент у сферы далейшага развіцця міжнароднай інфармацыйнай бяспекі і ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства.

Станіслаў Зась праінфармаваў ра­сійскіх калег аб праведзеным напярэдадні пасяджэнні Савета бяспекі, у ходзе якога Прэзідэнту Беларусі быў прадстаўлены праект канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, а таксама аб базавых палажэннях дакумента.