Абноўленая, сучасная, самабытная

- 10:26Адукацыйная прастора

Цудоўны падарунак да зімовых свят атрымалі навучэнцы і педагогі сталічнай гімназіі № 4 — трэцяя вучэбная чвэрць пачалася ў абноўленым пасля капітальнага рамонту будынку.

— Адкрыццё новага будынку гімназіі мы чакалі з нецярпеннем, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Наталля Зайцава. — Нашы вучні былі размеркаваны паміж трыма суседнімі навучальнымі ўстановамі. Многім класам давялося вучыцца ў другую змену, ды і настаўнікам было нязручна пераходзіць на перапынках з установы ва ўстанову. У канцы снежня будынак гімназіі быў уведзены ў эксплуатацыю, і ўсе канікулы мы рыхтаваліся да яе ўрачыстага адкрыцця.

Знешні выгляд гімназіі сапраўды змяніўся, яна абнавілася, папрыгажэла. Будаўнікі адрамантавалі дах, усталявалі зенітныя вокны з сістэмай аўтаматычнага адкрывання для праветрывання, уцяплілі фасад, цалкам змянілі сістэму ацяплення і сістэму пажарнай сігналізацыі. Былі ўстаноўлены сістэма кантролю доступу ў будынак і сістэма відэаназірання, што спрыяе стварэнню бяспечных умоў знаходжання ў гімназіі навучэнцаў і педагогаў.

Ва ўрачыстым адкрыцці абноўленага будынку прынялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня камітэта па адукацыі Наталля Праскурава, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргей Шкруднеў. Госці з цікавасцю агледзелі новы будынак, дзе на кожным паверсе былі разгорнуты інтэрактыўныя пляцоўкі. Разам з навучэнцамі прыгадалі гісторыю гімназіі і пазнаёміліся з яе сучаснымі дасягненнямі. Старшыня Мінгарвыканкама ўручыў дырэктару гімназіі Андрэю Гоцману сертыфікат на набыццё камп’ютарнага класа.

Гасцінна расчыніўшы дзверы, гімназія працягвае вабіць да сябе дзяцей і баць­коў. Сярод іншых устаноў адукацыі сталіцы яна вылучаецца не толькі самабытным інтэр’ерам кабінетаў, фае, абедзенных залаў, але і адметным беларускамоўным адукацыйным асяроддзем. Для самавызначэння навучэнцаў тут створаны спрыяльныя ўмовы. У гімназіі на павышаным узроўні вывучаюцца беларуская мова, матэматыка, англійская мова. А набыццё новага абсталявання для кабінетаў хіміі і біялогіі дазволіла вывесці выкладанне гэтых прадметаў на новы якасны ўзровень, узмацніць практычны складнік вучэбных праграм. Акрамя ўрокаў, у другой палове дня вучням прапануецца шырокае кола заняткаў. Гэта спектр прадметных факультатываў па беларускай і рускай мовах, матэматыцы, хіміі і біялогіі, англійскай і польскай мовах. Навучэнцы маюць магчымасць вучыцца іграць на музычных інструментах: фартэпіяна, скрыпцы, цымбалах, баяне, займацца сальфеджыа — усё як у музычнай школе. Творчых навучэнцаў запрашаюць фальклорны гурток і эстрадна-вакальны ансамбль, а юныя інтэлектуалы з задавальненнем займаюцца ў гуртку “Робататэхніка”. Не забываюць у гімназіі і пра здароўе і спорт. Тут працуюць спартыўныя секцыі па футболе, валейболе, гандболе, настольным тэнісе, мастацкай гімнастыцы, усходніх адзінаборствах і дзюдо, шахматах. Дарэчы, у планах кіраўніцтва гімназіі — рамонт прышкольнага стадыёна, які павінен адпавядаць усім сучасным патрабаванням.

Асаблівая гордасць гімназіі — два ўзорныя калектывы, якія даўно сталі яе візітоўкамі. Гэта ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзянніца” (кіраўнікі Анатоль і Наталля Струевы) і ўзорны хор “Сябрына” (кіраўнік Таццяна Барташук).

Па словах Наталлі Зайцавай, настаўнікі гімназіі — адказныя, крэатыўныя лю­дзі, якія з любоўю ставяцца да сваёй працы. Яны хутка адаптуюцца да сучасных умоў навучання. У кожным вучэбным кабінеце ёсць доступ у інтэрнэт, сучаснае абсталяванне для навучання анлайн, настаўнікі паспяхова выкарыстоўваюць электронныя лічбавыя рэсурсы. Педагогі прымаюць актыўны ўдзел у напаўненні нацыя­нальнага інфармацыйна-
адукацыйнага рэсурсу, штогод становяцца пераможцамі гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. З 2020 года гімназія ўдзельнічае ў эксперыментальнай дзейнасці па апрабацыі мадэлі “Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” (прафілактыка булінгу).

У аснове створанага адукацыйнага асяроддзя ляжаць нацыянальныя традыцыі. У гімназіі працуюць Цэнтр беларускай нацыянальнай культуры “Сялянская хатка” і музей “Мой родны кут”. У музеі захоўваюцца старажытныя прадметы побыту беларускага селяніна і прылады працы з беларускай вёскі. У “Сялянскай хатцы” штогод традыцыйна ладзяцца народныя святы (Багач, Пакроўскія вячоркі, Каляды, Масленіца), право-
дзяцца літаратурныя гасцёўні, музычна-паэтычныя вечарыны з ігрой на нацыянальных музычных інструментах. На думку Наталлі Зайцавай, уключэнне ў адукацыйнае асяроддзе нацыянальнага кампанента дазваляе трывала фарміраваць у навучэнцаў такія асобасныя якасці, як грамадзянскасць і патрыятызм.

Захаванне сваёй ідэнтычнасці ў такім глабалізаваным сучасным свеце натхняе навучэнцаў на перамогі ў гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Так, сёлета на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды прадстаўнікі гімназіі заваявалі 5 дыпломаў: па беларускай мове і літаратуры — дыплом ІІ ступені ў адзінаццацікласніцы Вікторыі Кішко і дыплом ІІІ ступені ў васьмікласніцы Лізаветы Таўрыкінай (настаўніца Аксана Пінчук), дыплом ІІІ ступені ў дзевяцікласніцы Святланы Тарасевіч (настаўнік Ягор Нехвядовіч), па біялогіі — дыплом ІІ ступені ў навучэнкі 11 класа Соф’і Асадчай (настаўнік Эдуард Варанько), па фізіцы — дыплом ІІІ ступені ў дзевяцікласніка Андрэя Холада (настаўнікі Аляксандр Зязюля і Таццяна Рукша).

Настаўнікі і кіраўніцтва гімназіі перакананы, што ўпэўнена кро­чыць у будучыню могуць толькі тыя, хто добра ведае сваю гісторыю, культуру, захоўвае народныя традыцыі і самабытнасць. Менавіта таму ў гімназіі паспяхова сышліся разам, ствараючы гарманічнае адукацыйнае асяроддзе, музеі народнага побыту і сучасныя вучэбныя кабінеты з камп’ютарамі і мультыбордамі, народныя святы з песнямі і танцамі і інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта дапамагае педагогам установы раскрываць новыя таленты сваіх выхаванцаў, а навучэнцам — у поўнай меры рэалізоўваць свае здольнасці. У найбліжэйшых планах гімназіі — удзел у рэспубліканскіх інтэрнэт-квестах “Скарбы краіны”, “Мастацтва падарожнічаць”, міжнародным фестывалі-конкурсе “Песні, абпаленыя вайной”, Рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”, а таксама рэалізацыя сумеснага з Белтэлерадыёкампаніяй праекта “Чытацкая гасцёўня”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.