Абноўленыя праграмы гуманітарных прадметаў запланавана ўкараняць у наступным навучальным годзе

- 11:40Інфармацыйная гадзіна

Рабочая група падрыхтавала новую канцэпцыю зместу, структуры і аб’ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у ВНУ. Мадэрнізаваныя праграмы будуць укараняцца ў 2019/2020 навучальным годзе, як паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў кіраўнік рабочай групы Ігар Марзалюк.

Праграмы істотна перапрацаваны з улікам новых патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да сацыяльна-гуманітарнага блока, яны абмяркоўваліся на ўзроўні ВНУ, атрыманыя рацыянальныя заўвагі будуць улічаны, адзначыў Ігар Марзалюк. “Мы цяпер уступаем у заключную фазу рэалізацыі канцэпцыі. Аўтарскія калектывы паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі. Створаны новыя тыпавыя праграмы. Яны будуць укараняцца з наступнага навучальнага года”, — адзначыў ён.

Паводле слоў парламентарыя, агульны аб’ём вучэбнай нагрузкі па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах складзе 540 вучэбных гадзін для ўсіх спецыяльнасцей, пры гэтым 50 працэнтаў будзе прыпадаць на самастойную работу. Цыкл будзе складацца з базавай (абавязковыя курсы “Філасофія”, “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”) і варыяцыйнай частак (адзін прадмет на выбар установы адукацыі і адзін — студэнта). Пералік варыяцыйных курсаў і іх змест установы адукацыі вызначаць самі. Рабочая група імкнулася такім чынам забяспечыць, з аднаго боку, фарміраванне навуковага светапогляду, грамадзянскіх і патрыятычных пазіцый незалежна ад спецыяльнасці, а з другога — улічыць яе спецыфіку і індывідуальныя патрэбнасці студэнта, асаблівасці рэгіёна і навучальнай установы.

Дэпутат падрабязней расказаў пра курс па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, які, як чакаецца, увядуць у ВНУ з наступнага навучальнага года. Плануецца, што вывучаць гэты прадмет будуць і ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Цяпер аўтарскі калектыў на чале з Ігарам Марзалюком вядзе актыўную падрыхтоўку падручніка.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы назначэнне Міхаіла Лусцянкова рэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, запатрабаваў рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд вучэбныя праграмы — школьныя і ВНУ. Парламентарый адзначыў, што гэта апраўдана, дадаўшы, што галоўнае ў той жа час — не зводзіць работу да механічнага выразання і аб’ектыўна ацэньваць праграмы на выхадзе.