Абновіцца дзіцячы садок

- 10:05Навіны рэгіёнаў

Некалькі гадоў назад яслі-сад № 6 Ашмян удзельнічаў у праекце “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні”, які фінансаваўся ЕС і быў рэалізаваны ПРААН і Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. І вось яшчэ адна дашкольная ўстанова горада ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта Еўрапейскага саюза “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”.

Аб тым, як рэалізуецца гэты праект, якія мэты ставіць перад сабой калектыў дзіцячага сада, мы папрасілі расказаць загадчыцу ясляў-сада № 3 Ашмян Т.А.Бізукойць.

— Адным з напрамкаў нашай дзейнасці ўжо шмат гадоў з’яўляецца прапаганда рацыянальнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў, выхаванне ў дзяцей беражлівасці да прыродных рэсурсаў, — гаворыць Таццяна Антонаўна. — Удзел у праекце дазволіць перавесці інфармацыйную і тлумачальную работу ў практычную плоскасць, на прыкладзе дзіцячага сада прадэманстравац­ь прымяненне энергаэфектыўных тэхналогій і эфект ад іх укаранення. Ды і будынак дзіцячага сада, які быў узведзены паўстагоддзя назад па нормах таго часу, абсталяванне і мэбля састарэлі, таму патрабавалі змяненняў і абнаўлення.

Праект “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі” стартаваў у ліпені 2018 года. Ён рэалізуецца па Праграме Еўрапейскага саюза “Пагадненне мэраў — дэманстрацыйныя праекты”. Тэрмін заканчэння праекта — чэрвень 2021 года.

Яслі-сад № 3 быў пабудаваны ў 1970 годзе. У рамках праекта плануецца правесці цеплавую рэабілітацыю будынка: ужо ўцеплены сцены, памяняны дах і вокны. Ідзе работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі. У дзіцячым садку ў найбліжэйшы час будзе ўстаноўлены сонечны калектар з цеплавымі помпамі і акумулюючымі ёмістасцямі для патрэб гарачага водазабеспячэння і часткова ацяплення. Прадугледжаны мерапрыемствы па рэгуляванні спажывання цеплавой энергіі.

Акрамя таго, будуць устаноўлены сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, сонечныя панэлі для забеспячэння знешняга і ўнутранага асвятлення, сістэмы сучаснага асвятлення. Састарэлае энергаёмістае абсталяванне кухні таксама заменяць на сучаснае. Усё гэта дазволіць скараціць энергаспажыванне амаль на 50 працэнтаў і, адпаведна, выкіды ў паветра вуглякіслага газу. У грашовай форме гэта будзе азначац­ь і зніжэнне выдаткаў на аплату цеплавой і электрычнай энергіі амаль на 70 тысяч рублёў у год. Будуць створаны максімальна камфортныя ўмовы для нашых выхаванцаў.

Агульны бюджэт праекта складае 696 614 еўра, з якіх 554 993 еўра, або 80 працэнтаў, — гэта сродкі Еўрапейскага саюза, а астатнія 20 працэнтаў — суфінансаванне з боку Ашмянскага райвыканкама. Акрамя гэтага, з абласнога бюджэту выдзелены сродкі на капітальны рамонт і перапланаванне памяшканняў у дзіцячым садзе і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

У нашай дашкольнай установе праводзіцца і вялікая работа па выхаванні рацыянальнага стаўлення да рэсурсаў. Гэтая работа вядзецца не толькі з выхаванцамі, але і з соцыумам. У садку створана агітбрыгада “Эканомка”. Праведзена “энергаэфектыўнае” мерапрыемства для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ветэранаў дашкольнай адукацыі. З міні-праграмай дзеці і выхавальнікі наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ашмянскага раёна.

Педагогі нашага ясляў-сада сталі пераможцамі ў раённым конкурсе “Педагог-наватар — 2019”, мэтай якога было стварэнне і распаўсю­джанне новых інавацыйных форм і тэхналогій работы з выхаванцамі дзіцячых садоў, іх бацькамі і насельніцтвам у вырашэнні задач рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Акцыя “Мая ашчадная сям’я” была накіравана на эканомнае і рацыянальнае выкарыстанне энергіі, цяпла і вады ў дамашніх умовах. У раённых навукова-практычных канферэнцыях дашкольнікаў “Я — даследчык” на працягу некалькіх гадоў мы станавіліся пераможцамі. У рамках Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергетыкі ў дзіцячым садзе праведзены мерапрыемствы “Забег лямпачак”, “Экалагічны дэсант”, што дазволіла ўсім удзельнікам у простай і даступнай форме пазнаёміцца з асноўнымі пытаннямі энергазберажэння і альтэрнатыўнай энергетыкі і наблізіцца да разумення мастацтва беражлівага і разумнага выкарыстання рэсурсаў Зямлі.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.