Абсалютнае першынство

- 18:30Навіны рэгіёнаў

Каманда беларускіх школьнікаў паспяхова выступіла ў V Кубку ISI Junior — 2022 (Міжнароднай алімпіядзе школы ЮНІЁР па інфармацыйных тэхналогіях).

Вынікам удзелу нашай каманды стала абсалютнае першынство ў асабістым, а таксама “золата” і “серабро” ў камандным заліку. Усе 12 удзельнікаў заваявалі медалі: 8 залатых, 3 ся­рэбраныя і 1 бронзавы. Кіраўнік каманды — старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ БДУ Аляксандр Буслаўскі. 

Спаборніцтвы праводзіліся з 30 чэрвеня па 7 ліпеня ў Душанбэ (Таджыкістан) і былі прысвечаны 20-годдзю развіцця прыродазнаўчых, дакладных і матэматычных навук. Беларускія школьнікі ўдзельнічалі ў Кубку ўпершыню. Дарэчы, асноўнымі канкурэнтамі нашых школьнікаў былі ўдзельнікі з Расіі, Кітая і Казахстана. 

У алімпіядзе прынялі ўдзел 158 навучэнцаў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў і 28 трэнераў у скла­дзе 27 юнацкіх каманд з Таджыкістана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Беларусі, Афганістана, Туркменістана, Расіі і іншых краін. 

Мэта мерапрыемства — стварыць пляцоўку для стартапа ўсіх юніёраў свету, аб’яднаць школьных настаўнікаў і трэнераў-наватараў у галіне інфарматыкі ў адзіную міжнародную трэнерскую супольнасць.

Алімпіяда складалася з чатырох тураў: матэматычнага, дзе прапаноўваліся матэматычныя задачы алгарытмічнага характару, кодэрнага, марафонскага (кожнаму ўдзельніку даваліся чатыры задачы на чатыры гадзіны) і эстафеты (кожнаму ўдзельніку прапаноўвалася адна ўнікальная задача на гадзіну, залік — камандны). Сёлета дабавіўся новы кодэр-тур, у рамках якога ўдзельнікі павінны былі тэсціраваць гатовыя праграмы і знаходзіць памылкі на спецыяль­най платформе. Акрамя таго, у праграме алімпіяды былі прадугледжаны семінары, спартыўныя спаборніцтвы і экскурсіі па гора­дзе.

Навучэнцы гімназіі № 1 Брэста Мацвей Кулініч і Дарына Стасевіч заваявалі медалі. Мацвей стаў уладальнікам залатога медаля, Дарына — сярэбранага. Узнагароды навучэнцаў не выпадковыя. Яны — выдатнікі вучобы, рознабаковыя і мэтанакіраваныя маладыя людзі. Мацвей — пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, уладальнік бронзавага медаля Еўрапейскай алімпіяды IATI — 2021. Дарына Стасевіч — неаднара­зовая пераможца трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, прызёр V Міжнароднай алімпіяды НДТУ “МИСиС” і Cognitive Tehnologies па праграмаванні ў Маскве. Вялікі ўклад у поспех навучэнцаў зрабіла настаўніца інфарматыкі Ірына Гарбацэвіч. 

Адным з уладальнікаў залатога медаля стаў навучэнец сярэдняй школы № 14 Баранавіч Захар Цвірко. Любоў да інфарматыкі ў хлопца нарадзілася ў школе. Пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Сасім сёлета на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы юнак узяў 1-е месца. Наведваў ён і рэсурсны цэнтр на базе гімназіі № 4: па 5—6 гадзін займаўся праграмаваннем, рашаў задачы.

— Я атрымаў карысны вопыт у Душанбэ, які, думаю, дапаможа мне зрабіць кар’еру ў IT-сферы, — адзначае Захар.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.