Абсалютныя знаўцы рускай мовы

- 11:25Адукацыйная прастора, Рознае

Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, якая нядаўна завяршылася ў Смаленску, зноў стала пераможнай для беларускіх удзельнікаў. На нашым рахунку абсалютнае першынство ў камандным заліку і абсалютны пераможца ў індывідуальным выступленні.

Турнірную табліцу ў камандным заліку ўзначаліла каманда Ліцэя БДУ. Ліцэісты набралі 399,5 бала. Затым ідзе каманда школьнікаў Варонежскай вобласці (333,5). Другое месца з варонежскімі ўдзельнікамі падзялілі мінскія навучэнцы. Каманда Мінска набрала 315,5 бала. Трэцяе месца падзялілі каманды Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей, якія набралі адпаведна 313, 307 і 304 балы.
А абсалютным пераможцам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” стаў навучэнец 11 класа гімназіі № 27 Мінска Цімафей Пракапенка.
Рускай мовай і літаратурай юнак захапляецца з 7 класа. І па словах яго настаўніцы Ларысы Аляксандраўны Сенажэнскай, Цімафей дэманстраваў сваю мэтанакіравасць практычна з 5 класа.
— Безумоўна, перамога Цімафея — гэта не выпадковасць. Рускую мову і літаратуру ў яго класе я выкладаю з 5 класа. І Цімафей заўсёды праяўляў напорыстасць у атрыманні новых ведаў. Яму заўсёды і ўсё было цікава. Цімафей — вопытны алімпіяднік. Акрамя рускай мовы, ён удзельнічае і ў алімпіядах па матэматыцы. У Цімафея шырокі кругагляд, ён вельмі начытаны малады чалавек і з’яўляецца тым рэдкім вучнем, які вучыцца з задавальненнем. Што б я яму ні рэкамендавала да чытання ці вывучэння, ён заўсёды ўсё прачытае. І гэта адбываецца не таму, што я злосная і патрабавальная настаўніца, а таму, што яму падабаецца.
Цімафей, як тая губка, убірае ў сябе ўсю інфармацыю. Яго алімпіядны шлях пачаўся ў 7 класе з інтэрнэт-алімпіяд. Акрамя таго, Цімафей з’яўляўся капітанам каманды на гарадскім конкурсе па літаратуры, дзе мы, дарэчы, таксама атрымалі дыпломы. А ў чэрвені бягучага года юнак стаў пераможцам і на міжнароднай алімпіядзе па рускай мове, якая праходзіла ў Маскве. Ён ўдасканальваў сябе паступова, з кожнай перамогай, з кожнай прачытанай кнігай. Канцэнтрацыя ведаў і поспехаў і дазволіла Цімафею стаць пераможцам алімпіяды такога ўзроўню. Яго перамога на алімпіядзе — заканамерная з’ява, тым больш што Цімафей прытрымліваецца меркавання, што чалавек за жыццё павінен паспець многае. Цяпер ён на шляху назапашвання ведаў, — адзначыла Ларыса Аляксандраўна.
Трэба адзначыць, што Цімафей Пракапенка не навічок і на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы. У мінулым годзе ён таксама прымаў удзел у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах і атрымаў два дыпломы ІІ ступені. І хоць алімпіядны вопыт у юнака быў (акрамя пералічаных, былі дыпломы і Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове), такая перамога для яго ўсё роўна стала нечаканасцю.
— Руская мова мае вялікае значэнне ў маім жыцці, але я не магу сказаць, што гэта сэнс майго жыцця ці вызначальны прадмет. Вывучэнню рускай мовы я, безумоўна, удзяляю вельмі шмат часу, многа працую са сваёй настаўніцай. Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта вялікая праца, таму я, канечне, вельмі рады перамозе.
Калі гаварыць непасрэдна пра алімпіяду, то, па-першае, мне спадабаўся Смаленск і тое, як там нас прымалі. Валанцёры Смаленскага ўніверсітэта былі вельмі ўважлівымі да кожнага ўдзельніка. Па-другое, сама алімпіяда была таксама цікавай, хоць некаторыя заданні і выклікалі пэўныя цяжкасці. Напрыклад, заданні, арыентаваныя на гісторыю мовы, звязаныя з юбілеем М.Лермантава, саюзам Расіі і Беларусі, Вялікай Айчыннай вайной, былі для нас нязвыклымі. Было крыху складана, бо мы прывыклі да іншага тыпу заданняў. Тым не менш, нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю, мы справіліся. І, па шчырасці, я не чакаў, што мне ўдасца так усіх абысці, — расказаў Цімафей.
Трэба адзначыць, што пэўная частка жыцця гэтага юнака аддадзена гульні “Што? Дзе? Калі?”. За чатыры гады ён паспеў стаць і чэмпіёнам рэспублікі па інтэлектуальных гульнях, і чэмпіёнам Еўропы. Юнак удзельнічае і ў тэлевізійных здымках перадачы “Што? Дзе? Калі?”, выступае за каманду “Амега”. Як адзначыў Цімафей, інтэлектуальныя гульні таксама зрабілі свой уклад у перамогу на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы.
— Я не разглядаю рускую мову як сферу сваіх будучых прафесійных інтарэсаў, бо мяркую працаваць у галіне праграмавання. Але ў сучасным свеце вельмі важна ўмець пісьменна гаварыць, пісаць і ўмела выказваць свае меркаванні, — адзначыў на развітанне Цімафей.
У заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” прынялі ўдзел прадстаўнікі 22 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, усіх абласцей Беларусі, Мінска, Ліцэя БДУ — усяго 178 удзельнікаў (48 беларускіх школьнікаў і 130 расійскіх).
Праграма заключнага этапу алімпіяды прадугледжвала правядзенне абавязковых тураў (напісанне сачынення, выкананне комплекснай работы па рускай мове і літаратуры), а таксама творчых конкурсаў (конкурс рытарычнага майстэрства, конкурс знаўцаў, конкурс выразнага літаратурнага чытання). У склад журы алімпіяды ўвайшлі вядучыя выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Расіі.
Пераможцамі алімпіяды сталі 77 удзельнікаў (35 беларускіх і 42 расійскія школьнікі). Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 13 беларускіх і 4 расійскія удзельнікі, дыпломамі II ступені — 14 беларускіх і 9 расійскіх, III ступені — 8 беларускіх і 29 расійскіх навучэнцаў.
Наступная алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” пройдзе ў Гомелі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.