Абшары Палесся…

- 11:42Краязнаўства

Днямі ў Мінску адбылося адкрыццё вялікага міжнароднага праекта “Палессе — дзікая прырода без меж: захаванне аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы”.

У студзені гэтага года было падпісана грантавае пагадненне паміж Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія) і грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (Беларусь) аб рэалізацыі праекта “Палессе — дзікая прырода без меж: захаванне аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы”. Тэрмін яго рэалізацыі — 5 гадоў (студзень 2019 — снежань 2023). Бюджэт праекта для беларускага боку складае амаль 1,5 млн долараў ЗША.

Згаданы праект з’яўляецца кампанентам праграмы захавання пагражальных ландшафтаў, якая фінансуецца “Аркадзіяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Элізабет Раўсінг.

Як паведамілі ў ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, мэты праекта — забяспечыць узаемадзеянне прыродаахоўных структур, грамадскіх арганізацый, мясцовых жыхароў і іншых зацікаўленых дзеля захавання аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы, садзейнічаць натуральным працэсам, якія будуць вызначаць экалогію і фарміраваць ландшафт, а таксама падтрымаць рух мясцовай эканомікі ў напрамку адказнага і ўстойлівага кіравання.

Партнёрамі праекта з’яўляюцца Украінскае таварыства аховы птушак, Брытанскі траст па арніталогіі, Інстытут экалогіі жывёл і прыродазнаўчых навук (Германія), Інстытут вывучэння млекакормячых Акадэміі навук Польшчы, кампанія “Капітал для захавання дзікай прыроды”.

Мяркуецца, што рэалізацыя праекта будзе спрыяць сацыяльна-эканамічнаму развіццю Палесся. Мясцовае насельніцтва атрымае істотныя выгады ад экасістэмных паслуг, што павысіць іх дабрабыт і зацікаўленасць у захаванні рэгіёна.

…і сцежкі батанічнага саду

Каб даць старт самаму вялікаму праекту па ахове дзікай прыроды Палесся, у Беларусь прыехалі вядучыя спецыялісты з Вялікабрытаніі, Германіі, Украіны. Сярод іх быў і сэр Джон Лоўтан — брытанскі заолаг, эколаг, кіраўнік камісіі Праграмы захавання пагражальных ландшафтаў прыродаахоўнай ініцыятывы Кембрыджа, віцэ-прэзідэнт Каралеўскага таварыства абароны птушак, прэзідэнт Ёркшырскага прыродаахоўнага траста, апякун Сусветнага фонду прыроды (World Wide Fund for Nature — WWF). Па запрашэнні ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” брытанскі госць наведаў Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук. Разам з сэрам Лоўтанам ранішнюю прэс-прагулку здзейснілі і нашы журналісты.

Сэр Джон Лоўтан прызнаўся, што пабываў у мностве батанічных садоў па ўсім свеце, але ў мінскім садзе ўпершыню. І яго тут цікавіла ўсё: ад біяразнастайнасці — да асаблівасцей догляду раслін. Побач з брытанскім прафесарам мы атрымалі магчымасць паглядзець на прывычную тэрыторыю з іншага ракурсу.

Што прыцягвае ўвагу звычайных наведвальнікаў батанічнага саду? Прыгожа аздобленыя куточкі з аформленымі дарожкамі, акуратна пастрыжанымі кустамі і яркімі кветкамі. Для большасці абывацеляў батанічны сад — гэта як вельмі прыгожы парк. Усе сэлфі робяцца на фоне самых дагледжаных ландшафтаў. Аднак спецыяліст успрымае сад зусім па-іншаму.

Сэр Джон Лоўтан спыняўся якраз там, дзе многія наведвальнікі бываюць толькі мімаходзь. Напрыклад, яго ўвагу прыцягнуў сумны на першы погляд участак, зарослы несамавітымі рамонкамі і іншымі казяльцамі, — тыповая флора Беларусі. Эколаг прызнаўся, што яго асабісты сад у Вялікабрытаніі таксама месцамі выглядае не надта прэзентабельна, але менавіта на такіх участках можна назі­раць найбольшую біяразнастайнасць. Сэр Джон Лоўтан паведаміў, што ў барацьбе са шкоднікамі не выкарыстоўвае ніякай хіміі і гэта дазваляе прыцягнуць у сад мноства птушак.

Госць заўважыў, што Цэнтральны батанічны сад вельмі дагледжаны, і здзівіўся, што тут працуе зусім нямнога людзей.

— За мяжой садам вельмі дапамагаюць валанцёры, — заўважыў сэр Джон Лоўтан. — Але мы, напрыклад, не косім траву паўсюль, у большасці месцаў пакідаем яе расці. Вядома, многія садоўнікі хацелі б пастрыгчы ўсё навокал. Гэта прыгожа, толькі не зусім адпавядае мэтам батанічнага саду.

У суправаджэнні супрацоўніка Цэнтральнага батанічнага саду Міхаіла Рудзевіча мы крочым па прысадах і спыняемся ля дрэў, якія служаць жывым сведчаннем катастрафічных кліматычных змен. Міхаіл Мікалаевіч паказаў прыгожую белую піхту, хвоя на якой прыкметна парыжэла.

— Спякотныя і засушлівыя перыяды паўтараюцца з году ў год, і гэта згубна ўздзейнічае на дрэвы, — адзначыў біёлаг. — У нас за апошнія 3 гады ў лесапаркавай зоне загінула каля 280 дзевяностагадовых елак. Дрэвы знаходзяцца ў стане моцнага стрэсу, і іх імкліва засяляюць шкоднікі. Ніякія хімічныя спосабы барацьбы ў такіх аб’ёмах прымяніць немагчыма. Асабліва церпяць хвойныя дрэвы, у якіх няма вялікай колькасці пупышак для наступнага аднаўлення.

Сэр Джон Лоўтан пацвердзіў, што з падобнай праблемай сутыкнуліся многія краіны. Змены клімату, якія адбываюцца проста на нашых вачах, становяцца не толькі праблемай эколагаў, але і сапраўднай бядой для лясной, сельскай гаспадаркі. Ёсць рызыка таго, што наступныя пакаленні атрымаюць у спадчыну іншы свет, які адрозніваецца ад нашага.

Прагулка з сэрам Лоўтанам па батанічным садзе стала для нас сапраўдным майстар-класам, як трэба назіраць за прыродай. Здавалася б, трэба вучыцца разбірацца ў музыцы, літаратуры, жывапісе, а чуць і бачыць прыроду дадзена нам само па сабе. Але гэта не так. Вылучыць у гарадской какафоніі галасы птушак, убачыць рух у кроне дрэў і разгледзець там штосьці жывое, атрымаць асалоду ад усяго гэтага — таксама майстэрства. Нездарма сэр Лоўтан першым убачыў вавёрку на верхавіне дрэва, заўважаў усіх птушак — жыхарак саду. І побач з ім мы ўбачылі намнога больш, чым звычайна.

— Каб прыцягнуць турыстаў для любавання вашай незвычайнай прыродай, трэба больш актыўна супрацоўнічаць са спецыялістамі турыстычнай галіны, — заўважыў сэр Джон Лоўтан. — Я актыўна чытаю лекцыі на тэму прыродаахоўнай дзейнасці і расказваю ў тым ліку пра Беларусь. Аднак напрыканцы многія падыхо­дзяць і кажуць: “Такі цікавы край! Але як туды патрапіць?” Калі б можна было проста ўзяць і прыехаць, многія прыехалі б сюды ўжо заўтра. У вас вельмі шмат цікавых відаў птушак, якіх у Еўропе няма. Калі б да людзей дайшла інфармацыя аб прыгажосці беларускай прыроды, многія захацелі б пабачыць гэта на свае вочы.

Сэр Джон Лоўтан расказаў, што ён пабываў у многіх мясцінах свету, але адным з самых яркіх уражанняў для яго стала сустрэча з барадатай няясыццю на беларускім Палессі.

— Яна сядзела на суку разам з двума сваімі птушанятамі і спрабавала прагнаць нас незвычайным вухканнем, — эмацыянальна расказвае вучоны, і мы, як тыя еўрапейскія слухачы, таксама захапляемся месцам, дзе такая сустрэча магчыма.

Расказваючы аб праекце “Палессе — дзікая прырода без меж”, сэр Джон Лоўтан паведаміў, што ў конкурсе на фінансаванне прынялі ўдзел 48 заявак (“Я чытаў іх 4 дні запар!”) і толькі 8 выйгралі гранты.

— Праблема захавання Палесся — не мясцовая, а агульнаеўрапейская і нават глабальная, — заўважыў спецыяліст, — бо водная сістэма рэгіёна выкарыстоўваецца міграцыйнымі птушкамі для гнездавання. Любое ўмяшанне будзе аказваць на іх негатыўны ўплыў.

У грантавай праграме — некалькі частак, і тая, што звязана з Палессем, першая і самая вялікая. Фінансаванне накіравана на аднаўленне асушаных балот, вяртанне туды зніклай флоры і фаўны. Другая частка грошай пой­дзе на найм прафесіяналаў, якія дапамогуць палепшыць турыстычнае асяроддзе рэгіёна і будуць садзейнічаць альтэрнатыўнаму заробку мясцовых людзей. У гэтых прафесіяналаў ёсць вопыт падобнай дзейнасці па ўсім свеце. Яны стваралі і рэалізоўвалі экапраекты, якія дапамаглі падняцца цэлым рэгіёнам.

У планах таксама падаць заяўку на ўнясенне Палескага біясфернага рэзервата ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падтрымаць бізнес і палепшыць жыццё людзей

Еўрапейскі саюз запускае праграму падтрымкі лічбавай эканомікі і грамадства ў краінах “Усходняга партнёрства”.

Днямі ў Мінску прайшла канферэнцыя, дзе быў прэзентаваны новы праект Еўрапейскага саюза “EU4Digital: падтрымка лічбавай эканомікі і грамадства ва “Усходнім партнёрстве”. Ініцыятыва мае на мэце распаўсю­джанне пераваг адзінага лічбавага рынку ЕС на Беларусь і іншыя краіны “Усходняга партнёрства”.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра зніжэнне тарыфаў на роўмінг, развіццё высакаскораснай шырокапалосай сувязі для стымулявання эканомікі і пашырэння электронных паслуг, гарманізацыю лічбавых структур у грамадстве — ад лагістыкі да аховы здароўя, забеспячэнне кібербяспекі і развіццё лічбавых навыкаў.

— EU4Digital прапануе Беларусі прывабныя магчымасці для гарманізацыі з лічбавымі рынкамі ЕС, — адзначыў кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Беранд дэ Гроат. — Бюджэт праекта складае каля 10 млн еўра, але, акрамя гэтага, ёсць яшчэ і двухбаковыя праграмы, якія рэалізоўваюцца краінамі, уключаючы Беларусь. На іх ажыццяўленне накіравана каля 30 млн еўра. І калі будзе неабходна прыцяг­нуць інвестыцыі ў больш шырокім маштабе, гэта таксама можа быць зроблена. Мы абмяркоўваем адпаведныя пытанні з Сусветным банкам.

Праграма EU4Digital разлічана на тры гады — да канца 2021 года. Яна ахопіць усе шэсць краін “Усходняга партнёрства” (Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну) і ставіць задачай падтрымаць бізнес, стымуля­ваць эканамічны рост, як вынік — палепшыць жыццё людзей.

— Мы хочам знізіць або фактычна адмяніць плату за роўмінг у рамках рэгіёна, — заявіў кіраўнік праграмы EU4Digital Артурас Піліпоніс. — Таксама будуць развівацца праекты ў сферах ІКТ-інавацый, электроннага гандлю, электронных уменняў і кампетэнцый, даверных паслуг, бяспекі і электроннага здароўя.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ і Алега ІГНАТОВІЧА.