Абудзіць дзіцячы талент

У Свіслачы Гродзенскай вобласці ёсць яслі-сад № 2, у якім з адкрыцця і на працягу 40 гадоў музычнымі кіраўнікамі працуюць пераважна мужчыны. Некалькі гадоў назад іх было трое — іх нават называлі “тры волаты з казкі”. Сёння засталіся працаваць Яўген Яўгенавіч Жук і Дзмітрый Віктаравіч Салдаценкаў. А з імі ў адной камандзе — музычны кіраўнік Аксана Валер’еўна Цуніна. Яна змяніла Дзмітрыя Уладзіміравіча Бародзіча, які працаваў тут больш за 20 гадоў, быў з ліку першых выпускнікоў установы, а трапіў у яе па запрашэнні свайго дзядзькі (на той момант музычнага кіраўніка).

“Я выбраў педагагічную прафесію таму, што нарадзіўся ў сям’і педагогаў, — расказаў Яўген Жук. — Мой тата да выхаду на пенсію працаваў музычным кіраўніком у нашым дзіцячым садку (пачынаў у яслях-садзе № 1). Мама была настаўніцай пачатковых класаў. Жонка, брат і яго жонка, сястра і яе муж таксама педагогі. Пасля заканчэння школы я паступіў у Гродзенскае музычнае педагагічнае вучылішча. Працаваў настаўнікам музыкі ў сярэдняй школе № 2 Свіслачы. Завочна скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Музыка і спевы” з дадатковай спецыяльнасцю “Сусветная і айчынная культура”. І з тых часоў працую музычным кіраўніком у яслях-садзе № 2 Свіслачы. Быў перыяд, калі мне прыйшлося пайсці на іншую работу, але ўсё роўна вярнуўся ў свой любімы дзіцячы сад. Мне настолькі тут камфортна, што ўзнікае адчуванне, што на работу штодня прыходжу, як дадому. Сёння вучу ўжо дзяцей сваіх былых выхаванцаў”.

Прафесійныя мэты, якія Яўген Жук ставіць перад сабой, — гэта выхаванне ў дзяцей любові і цікавасці да музыкі, далучэнне іх да розных відаў музычнай дзейнасці, фарміраванне ўспрымання музыкі і простых выканальніцкіх навыкаў у кірунку спеваў, рытмікі, ігры на дзіцячых музычных інструментах, развіццё агульнай музыкальнасці дзяцей (пачуццё рытму, фарміраванне чыстага інтаніравання і выразнасці выканання), садзейнічанне першапачатковаму развіццю музычнага густу. Са сваімі выхаванцамі ён выступае на гарадскіх мерапрыемствах і раённых канцэртах.

“Маё крэда — дапамагчы абудзіцца дзіцячаму таленту. Вынік маёй штодзённай работы, да якога імкнуся, — гэта ўсмешкі дзяцей і іх добры настрой. Важна любіць дзяцей, адчуваць іх патрэбы і інтарэсы, быць чулым, тактоўным, умець слухаць і чуць, быць псіхолагам, — гаворыць Яўген Жук. — Размаўляючы з дзецьмі, разумею, што яны чакаюць мяне кожны дзень не толькі як музычнага кіраўніка, але і як чалавека. Яны шчыра мяне любяць, для іх я як добры дзядуля ці казачны герой. Сваёй усмешкай, тэмбрам голасу дзесьці супакойваю іх, падымаю настрой. Я жыву з імі адным жыццём: гуляю, танцую, часам, калі таго патрабуе роля, скачу, падаю на падлогу і качаюся, на каленках па музычнай зале хаджу, гучна смяюся. І яны, як пацешныя кацяняты, паўтараюць за мной. І Дзеда Мароза мне трэба сыграць так, каб дзеці паверылі, што я сапраўдны, як у казцы. Выхоўваю ў дзяцей любоў да нашых добрых старых казак і мульцікаў. У чэрвені ў садзе праходзяць заняткі мацярынскай школы, куды мамы прыво­дзяць сваіх зусім маленькіх дзяцей. Каб разварушыц­ь іх, даводзіцца папацець, падыграць ім, паказаць пацешныя сцэнкі з жыцця жывёл і г.д. Калі дзіця сарамлівае, то стараюся ў­дзяліць яму больш часу, дзесьці лішні раз пахвалю, у тым ліку перад іншымі выхаванцамі. Такім дзецям трэба абавязкова даваць галоўныя ролі, у тым ліку смелых персанажаў (напрыклад, ваўка, мядзведзя), прапаноўваць ім узяць у рукі вядучы інструмент і сыграць галоўную партыю. Прыйшоўшы дадому, такі малы з захапленнем і гордасцю раскажа бацькам, што сёння ён быў у цэнтры ўвагі. Так паступова дзіця пачне разнявольвацца. У старшай групе я ўжо дакладна ведаю, на што кожны з маіх выхаванцаў здольны. А іх бацькі потым дзякуюць за тое, што навучыў іх сына ці дачку ўпэўнена спяваць, танцаваць і іграць на інструменце”.

У рабоце з дзецьмі Яўген Жук кіруецца наступнымі прынцыпамі: мэтанакіраванасць, сістэматычнасць, пастаноўка мэты на кожныя заняткі, дакладнае планаванне відаў дзейнасці, выкарыстанне дыферэнцыраванага падыходу, улік індывідуальных асаблівасцей дзяцей, добразычлівасць і адкрытасць. Педагог цесна супрацоўнічае з выхавальнікамі, якія актыўна дапамагаюць яму на музычных занятках і ў засваенні дзецьмі музычнага рэпертуару, навучанні танцавальным рухам. У сваю чаргу Яўген Яўгенавіч дапамагае калегам з падборам музыкі да заняткаў. Бацькі малышоў таксама актыўна ўдзельнічаюць у святах і забавах, заўсёды гатовы аказаць разнастайную дапамогу ў іх падрыхтоўцы.

“Сярод тэхналогій, якія я выкарыстоўваю на занятках, на першым месцы, вядома ж, музычная гульня, — адзначае Яўген Жук. — ІКТ таксама дазваляюць ажывіць музычныя заняткі, разнастаіць паднясенне музычнага і дыдактычнага матэрыялу. Паказ камп’ютарнай прэзентацыі да песні дапамагае правесці з дзецьмі размову па тэме песні. Сярод кірункаў выхаваўчай работы хочацца вылучыць аб’яднанні па інтарэсах. Я з’яўляюся кіраўніком аб’яднання “Дударыкі”, дзе вучу дзяцей ігры на народных інструментах, у тым ліку на балалайцы. У садзе таксама працуюць аб’яднанні па вакале і танцах, якія вядуць мае калегі. Асноўны музычны інструмент, які я часцей за ўсё выкарыстоўваю на занятках, — баян. Іграю таксама на піяніна, духавых інструментах, гітары. Знаходзячыся побач з маленькімі дзецьмі, пад гукі музыкі і дзіцячых спеваў ты забываеш пра ўсе непрыемнасці, вучышся не перажываць і не нервавацца, бо музыка і спевы павышаюць узровень гармонаў радасці”.

Яўген Яўгенавіч пастаянна ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства: наведвае заняткі калег, семінары і курсы, запрашае да сябе на заняткі, удзельнічае ў раённых метадычных аб’яднаннях, конкурсах і святочных мерапрыемствах, займаецца самаадукацыяй. У яго планах на будучыню — працягваць працаваць у дзіцячым садзе і развіваць музычныя здольнасці сваіх выхаванцаў, вучыць іх слухаць і чуць музыку.

“Я лічу, што трэба быць удзячным за ўсё, што ёсць у жыцці, нават за дрэннае і сумнае. Бо калі жыццё зачыніць перад вамі адны дзверы, то абавязкова адчыніць іншыя. Трэба толькі не пабаяцца ў іх увайсці і знайсці сваю крыніцу радасці і натхнення. Куды б вас ні закінуў лёс, старайцеся гаварыць з людзьмі прама, быць адкрытымі, сумленнымі і не забываць пра пачуццё гумару”, — а­дзначае Яўген Жук.

“Музычныя кіраўнікі ў дзіцячым садзе — гэта ў адной асобе рэжысёры-пастаноўшчыкі, касцюмеры, харэографы, забаўнікі і пры гэтым універсальныя майстры на ўсе рукі, — гаворыць аб сваёй прафесіі Дзмітрый Віктаравіч Салдаценкаў. — Я родам са Свіслачы. Мама ўсё жыццё працавала выхавальніцай у нашым дзіцячым садзе (пачынала ў яслях-садзе № 1), тата — выкладчыкам у ВВК. Мабыць, па матуліных генах перадалася мне любоў да маленькіх дзяцей. І жонка мая, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі, працуе ў школе завучам. Так супала, што бацька майго калегі Яўгена Жука быў маім музычным кіраўніком. Скончыў музычную школу я па класе баяна, затым музычнае вучылішча ў Гродне. Па першым дыпломе я выкладчык дзіцячай музычнай школы. У 35 гадоў паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, вучыўся завочна па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Вучоба была ў радасць, зразумеў, што вучыцца ніколі не позна.

Першым маім месцам работы стаў наш раённы Дом культуры, паралельна падпрацоўваў музычным кіраўніком у са­дзе. Год працаваў у сельскай школе настаўнікам спеваў, але зразумеў, што лепш, чым у дзіцячым садзе, мне нідзе не бу­дзе. Заўсёды іду на работу з задавальненнем. Мае ўжо дарослыя дзеці жартуюць: “Кожнае дзіця хоча хутчэй стац­ь дарослым, а калі вырастае, то хоча вярнуцца ў дзіцячы сад, і толькі нашаму тату гэта ўдалося”. Калі іду па вуліцы, захо­джу ў магазіны, выхаванцы, якіх сустракаю па дарозе, заў­сёды радасна вітаюць мяне і гавораць сваім бацькам: “Гля­дзі, наш дзядзька Дзіма ідзе!” Як тут не ўспомніць героя фільма “Джэнтльмены ўдачы”, ролю якога бліскуча выканаў Яўген Лявонаў. І я іх вітаю ў адказ. Стараюся ўсіх дзяцей у садзе (іх у нас 230) і іх бацькоў запомніць па імёнах.

У мяне ёсць два любімыя дашкольныя ўзросты — гэта яслі і старшая група. Калі дзеці яшчэ зусім маленькія, я як педагог, па сутнасці, ляплю іх з нуля. А са старэйшымі, з якімі займаўся на працягу 4 гадоў, ужо адчуваю вынікі сваёй работы, яны з аднаго погляду мяне разумеюць. Я хутчэй “чалавек у футляры”, чым “чалавек-аркестр”. Мне больш падабаецца штодзённы руцінны педагагічны працэс. А падчас свят, забаў і ранішнікаў я вельмі хвалююся за дзяцей, каб ім было камфортна і радасна, каб яны прыгожа выступілі. За сябе не перажываю, бо за плячыма вопыт, да сцэны я прывык з дзяцінства, часта вёў канцэртныя праграмы ў Доме культуры. Асноўны інструмент, на якім іграю, — баян. Валодаю таксама акардэонам, фартэпіяна, народнымі інструментамі і гітарай”.

У музычнай зале дзіцячага сада створана добрая матэрыяльная база: набыты 4 радыёмікрафоны, праектар, сучасная гукаўзмацняльная апаратура, ноўтбук, забяспечаны доступ у інтэрнэт і г.д. Акрамя асноўных заняткаў, Дзмітрый Віктаравіч вядзе ў дзяцей вакальны гурток. У кожнай садаўскай групе ёсць невялікія бумбоксы, што дазваляе наладзіць пераемнасць у рабоце музычнага кіраўніка і выхавальнікаў, бо ёсць магчымасць праслухаць прапанаваны для развучвання музычны матэрыял у вольны час, на прагулцы, у працэсе гульні. Выхавальнікі проста ўключаюць малышам песні, і тыя, слухаючы, падпяваюць і запамінаюць словы, а таксама развучваюць танцы, праглядаючы відэа і паўтараючы рухі за выканаўцамі.

Хтосьці ўжо ў яслях дэманструе вакальныя здольнасці, а хтосьці толькі ў старшай групе пачынае чыста спяваць. Выступаюць выхаванцы Дзмітрыя Віктаравіча пераважна вакальнымі групамі, хорам. Некаторыя лепш за ўсё праяўляюць сябе ў танцах, наведваюць танцавальны гурток, які вядзе Аксана Валер’еўна Цуніна. З самымі здольнымі педагог займаецца індывідуальна. Адзін раз у тры гады ў Свіслацкім раёне праводзіцца агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Белавежскія зорачкі” (для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі), дзе ў розных намінацыях прымаюць удзел і выхаванцы Дзмітрыя Віктаравіча. Выступаюць дзеці на сцэне Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, на гарадской плошчы. З касцюмамі і атрыбутамі дапамагаюць бацькі, добра шыюць кастэлянка і педагогі сада. Дзмітрый Віктаравіч падтрымлівае кантакт са спецыялістамі музычнай і агульнаадукацыйнай школ, якія падхопліваюць выпускнікоў сада і развіваюць іх музычныя таленты.

Дзмітрый Віктаравіч Салдаценкаў стварыў свой вэб-сайт “Віртуальны кабінет музычнага кіраўніка”, дзе прадстаўлены раздзелы: слуханне музыкі, спевы, музычна-рытмічныя рухі, элементарнае музіцыраванне. Адным з кампанентаў змястоўнага напаўнення сайта з’яўляецца відэарад на старонцы “Медыятэка”: фрагменты оперы, балета, аперэты, мюзікла, канцэрта класічнай і папулярнай музыкі, народных свят, музычнага кінафільма, мультфільмаў, мастацкіх і дакументальных фільмаў пра жыццё і творчасць кампазітараў. Фарміраванне ўяўленняў дзяцей пра спецыфіку розных відаў мастацтва (музыка, жывапіс), іх выразных сродкаў ажыццяўляецца праз параўнанне, супастаўленне мастацкіх вобразаў. Для такіх заняткаў педагог падабраў музычныя творы і творы выяўленчага мастацтва, у якіх прадстаўленыя вобразы супадаюць. Так у дзяцей фарміруецца паняцце аб тым, што аўтары карціны і музычнага твора гавораць пра адно і тое ж, але выкарыстоўваюць для гэтага розныя выразныя сродкі. Рэпрадукцыі карцін, фрагментаў твораў мастацкай літаратуры падчас успрымання музыкі ўзмацняюць уражанні дзяцей, выклікаюць разнастайныя асацыяцыі. Напрыклад, падчас слухання твораў з “Дзіцячага альбома” П.Чайкоўскага педагог дэманструе ілюстрацыі В.Паўлавай, якія ўзнаўляюц­ь сюжэты п’ес.

Умовай развіцця добрай дыкцыі, выразных спеваў з’яўляецца разуменне сэнсу слоў, музычнага ладу песні. Дзмітрый Віктаравіч выкарыстоўвае сінтэзаваны зрокавы рад: ілюстрацыі вобразаў, невядомых раней дзецям з’яў, тэматычных малюнкаў, нотнай графікі, твораў выяўленчага мастацтва і інш. Інфармацыя, якая захоўваецца ў выглядзе аўдыяфайлаў, выкарыстоўваецца ў якасці фанаграм для спеваў, слухання музычнага твора, выканання дзецьмі песень на занятках, святах і забаўках. Электронныя гукавыя файлы аблягчаюць завучванне песень, праслухоўванне музычных твораў, спевы пад фанаграму. Уключэнне ў заняткі музычных казак спрыяе развіццю музычных здольнасцей, увагі, памяці, пачуцця рытму, слыху, уменняў слухаць і разумець музыку, праяўляць сябе ў тэатралізаванай дзейнасці, спевах. Відэаролікі дазваляюць азнаёміць выхаванцаў з рознымі відамі мастацтва. Працэс развучвання танцаў з дапамогай відэаролікаў становіцца больш займальным і эфектыўным у параўнанні з традыцыйным тлумачэннем рухаў і практыкаванняў. Для суправаджэння музычна-дыдактычных гульняў створана старонка з матэрыяламі: “Адгадай гучанне музычнага інструмента”, “Хто да нас у госці прыйшоў?”, “Музычны домік”, “Угадай мелодыю” і інш. Прапанаваны дыдактычныя развіццёвыя гульні, створаныя з дапамогай сэрвісу Web 2.0 LearningApps: “Хто гаворыць?”, “Пазнай інструмент па яго гучанні”, “Казачныя героі” і інш.

Пры навучанні элементарнаму музіцыраванню выкарыстоўваюцца відэазапісы канцэртаў сімфанічнага аркестра, аркестра рускіх народных інструментаў, сольнага гучання розных інструментаў. Так у дзяцей з’яўляецца цікавасць да зладжанага выканання на дзіцячых музычных інструментах, правільнае гуказдабыванне.

“У жыцці трэба імкнуцца рабіць толькі добрае, быць прафесіяналам, бязмежна любіць сваю сям’ю, паважаць і цаніць сваіх калег. Трэба любіць тое, што робіш, і тых, для каго гэта робіш”, — падсумоўвае Дзмітрый Віктаравіч Салдаценкаў. 

Надзея ЦЕРАХАВА.