Абудзіць любоў да радзімы

- 10:38Адукацыйная прастора

Рэспубліканская культурна-­асветніцкая акцыя “Грані творчасці”, арганізаваная Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, працягвае крочыць па Магілёўшчыне. Зараз творчыя работы моладзі на тэму малой радзімы прэзентуюцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

На ўсеагульны агляд на пляцоўках акадэміі прадстаўлена звыш 250 тво­раў студэнтаў з 26 устаноў вышэйшай адукацыі пад агульнай тэмай-дэвізам “Магутнае слова ты, роднае слова!”. У розных творчых напрамках і тэхніках студэнцтва краіны паказала сваё бачанне вядомых вершаў і цытат беларускіх класікаў. Дарэчы, сярод аўтараў работ ёсць і студэнты БДСГА.

Як заўважыў прарэктар па выхаваўчай рабоце БДСГА Максім Патапенка, значнасць такіх акцый, як “Грані творчасці”, відавочная.

— Наведванне падобных выстаў не толькі развівае творчыя здольнасці, але і вучыць моладзь любіць свой родны край. Дазваляе студэнтам не проста задумацца ці пачуць пэўныя словы пра малую радзіму, а дакрануцца да тых адчуванняў, таго сэнсу, які праз творчасць укладвалі ў гэтае паняцце іх аднагодкі. Для кожнага чалавека малая ра­дзіма — гэта нешта сваё. У кагосьці — гэта дом, дзе жывуць родныя і блізкія, у ка­госьці — куст бэзу пад акном, у кагосьці — мілыя сэрцу прыродныя краявіды. А вялікае заўсёды становіцца бліжэй праз вось гэтыя маленькія рэчы, якія па-асабліваму дарагія для кожнага з нас. Менавіта гэта нараджае пачуццё любові да сваёй радзімы ў цэлым, фарміруе ў маладога пакалення патрыятычныя якасці, — падкрэс­ліў Максім Валянцінавіч.

Выстава “Грані творчасці” будзе праца­ваць у Горках на працягу амаль двух месяцаў. Увесь гэты час у рамках рэспубліканскай акцыі тут будуць не толькі экспанаваць выставачныя работы, але і праводзіць уласныя тэматычныя мерапрыемствы. 

— Наш раён — зямля, з даўніх часоў багатая на пісьменнікаў. Тут жыў і пісаў Максім Гарэцкі, тварыў праездам Янка Купала. У знак памяці і павагі да беларускіх песняроў у месцах, дзе яны жылі і тварылі, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Распрацоўваючы мерапрыемствы да работы выставы, мы зрабілі акцэнт менавіта на гэтым, — расказала выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДСГА Таццяна Буранкова.

Паводле яе слоў, для студэнтаў будзе арганізавана літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная 130-годдзю Максіма Багдановіча. Цікава, што маладыя людзі паспрабуюць прачытаць творы таленавітага беларускага паэта ў новым фармаце. Таксама пройдзе літаратурнае чытанне “Любімыя купалаўскія радкі…”. Падчас гэтага мерапрыемства моладзь будзе абмяркоўваць стаўленне Янкі Купалы да Радзімы, яго каштоўнасці і неверагодную любоў да Беларусі, тыя пачуцці, якія вызначылі жыццёвы шлях і паэзію класіка. Дыялог адбу­дзецца за круглым сталом, дзе пойдзе гаворка і пра творчасць паэта. Пасля студэнты зачытаюць любімыя Купалавы творы.

— У акадэміі вучыцца шмат маладых лю­дзей з іншых краін, асабліва з Туркменістана. Таму плануем правесці прэзентацыю “Культура і традыцыі Туркменістана”. Галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства будзе знаёмства туркменскай і беларускай моладзі з культурнымі дзеячамі абедзвюх краін, асаблівасцямі і традыцыямі сяброўскіх народаў, — паведаміла Таццяна Аляксандраўна.

Акрамя студэнтаў акадэміі, выставу “Грані творчасці” змогуць наведаць таксама школьнікі Горацкага раёна. Усяго за два месяцы экспазіцыю пабачаць больш за паўтары тысячы маладых людзей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй.