Абвешчаны творчы конкурс, прсвечаны роднаму краю

- 12:05Інфармацыйная гадзіна

Стартаваў Рэспубліканскі творчы конкурс “Пад знакам Года малой радзімы!”, паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі, якое з’яўляецца яго арганізатарам.

На конкурс прадстаўляюцца матэрыялы, апублікаваныя ў друку або выпушчаныя ў эфір тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ, размешчаныя на інтэрнэт-сайтах на працягу 2018 года.

Конкурс праводзіцца ў катэгорыях “Рэспубліканскія друкаваныя СМІ”, “Рэгіянальныя друкаваныя СМІ”, “Рэспубліканскія электронныя СМІ” і “Рэгіянальныя электронныя СМІ”. У першай і другой катэгорыях работы прадстаўляюцца ў намінацыях “Землякі”, “Традыцыі і гісторыя роднага краю”, “У Год малой радзімы — вялікія справы”, “Малая радзіма ў фатаграфіях”. Для электронных СМІ вызначаны намінацыі “Землякі”, “Традыцыі і гісторыя роднага краю”, “У Год малой радзімы — вялікія справы”.

Матэрыялы з паметкай “на конкурс” не пазней за 15 студзеня 2019 года накіроўваюцца ў Міністэрства інфармацыі на адрас: 220004, г.Мінск, пр.Пераможцаў, 11. Журы вызначыць пераможцаў у кожнай намінацыі. Лаўрэаты будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства інфармацыі І, ІІ і ІІІ ступені. Па рашэнні журы найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсу могуць быць адзначаны спецыяльнымі дыпломамі, прызамі і іншымі ўзнагародамі. Узнагароджанне пераможцаў будзе арганізавана ў лютым будучага года.

Асноўныя мэты конкурсу — рэалізацыя задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў развіцці рэгіёнаў краіны, фарміраванне пашаны да малой радзімы, уклад у яе развіццё, паказ яркіх дасягненняў па захаванні і адраджэнні роднага краю, садзейнічанне выхаванню ў моладзі патрыятызму і любові да Радзімы праз паняцце “малая радзіма”, фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі маладога пакалення краіны.

Інфармацыя і Палажэнне аб конкурсе размешчаны на сайце ведамства.