“Абы Бог да добры людзі, то ўсё добра будзе”

Да 2020 года Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў пры падтрымцы кампаніі А1 выпусціла мастацкі каляндар “Добрыя жарты”.

Ён складаецца з прыгожых малюнкаў прафесійнай мастачкі Таццяны Быц, якія ілюструюць 13 беларускіх прыказак, адабраных з 8000 (!) варыянтаў. Адметна тое, што ў яго распрацоўцы бралі ўдзел наведвальнікі Мінскага клубнага дома “Адкрытая душа”, дзе праходзяць рэабілітацыю людзі з псіхічнымі расстройствамі. Прэзентацыя выдання адбылася пры ўдзеле лідара этна-трыа “Тройца” Івана Кірчука.

Шлях ад пацыента да асобы

“У адным толькі Мінску на рознага віду ўліках па псіхічных захворваннях знаходзіцца каля 19 000 чалавек. З іх каля 9000 маюць расстройствы шызафрэнічнага спектра і біпалярнае расстройства, — расказала Кацярына Гузоўская-Гара, прадстаўніца Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў. — Людзі з падобнымі парушэннямі часта застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, сутыкаюцца з непаразуменнем блізкіх, ад іх адварочваюцца сябры і калегі, што часта прыводзіць да страты працы, і ў выніку яны трапляюць у сацыяльную ізаляцыю. Кагосьці псіхічная хвароба закранае даволі моцна, чалавек вымушаны піць сур’ёзныя лекі і цярпець разбуральныя наступствы свайго стану. Паступова знікаюць вера ў сябе, сілы штосьці рабіць, нават самыя элементарныя побытавыя справы падаюцца вельмі цяжкімі. Эфектыўнай формай сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі захворваннямі, паляпшэння якасці іх жыцця ў многіх краінах свету прызнана мадэль “клубны дом”. Яна ўключана ў сіс­тэму псіхіятрычнай дапамогі, бо пры пераадоленні такіх захворванняў важным з’яўляецца не толькі медыкаментозная тэрапія, але і псіхалагічная рэабілітацыя, сацыялізацыя”.

 Пераадолець стэрэатыпы

У 2011 годзе грамадская арганізацыя “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” пры падтрымцы нямецкіх партнёраў адкрыла першы ў краіне клубны дом. Яго супрацоўнікі прайшлі стажыроўку ў Мюнхенскім клубным доме. Створана сетка такіх арганізацый у Мінску, Брэсце, Віцебску і Гродне. Падобны праект рэалізуецца таксама Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Работа з людзьмі з псіхічнымі захворваннямі і іх блізкімі ў гэтых установах вядзецца праз дабрачынныя праграмы. Больш за 170 чалавек з’яўляюцца сёння членамі Мінскага клубнага дома “Адкрытая душа”, якім кіруе Павел Лотвін. Сюды прыходзяць дарослыя людзі з рознымі жыццёвымі гісторыямі, аб’яднаныя жаданнем пераадолець наступствы хваробы, стаць упэўненымі ў сабе, жыць актыўна і шчасліва, набыць карысныя навыкі і знайсці сяброў. Тут кожны зможа атрымаць падтрымку ў крызіснай сітуацыі, даведацца больш пра сваю хваробу, каб атрымаць кантроль над ёй. Важная ўмова знаходжання ў клубным доме — адсутнасць агрэсіі ў паводзінах, стабільны стан, які не патрабуе знаходжання ў бальніцы.   

Валанцёры клубнага дома праводзяць для наведвальнікаў псіхалагічныя трэнінгі, творчыя майстар-класы, заняткі па акцёрскім майстэрстве, англійскай мове, арт-тэрапіі, навучанні ігры на гітары, рабоце на камп’ютары. У клубным доме рэалізуецца праграма працаўладкавання людзей з псіхічнымі расстройствамі, якая ўключае дапамогу ў пошуку вакансій, падрыхтоўку да сустрэчы з наймальнікам, юрыдычнае суправаджэнне і кансультацыі. Тут працуюць групы псіхаадукацыі і самадапамогі — гэта неабходны кампанент рэабілітацыі, найменш затратны і даволі эфектыўны. З лекцыямі перад наведвальнікамі клубнага дома і іх сваякамі выступаюць медыкі, псіхолагі, рэабілітолагі. Юрыдычную дапамогу аказвае юрыст Бюро сацыяльнай інфармацыі грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” Віталь Паўлаградскі.

Адзін з кірункаў дзейнасці арганізацыі — псіхаактывізм, накіраванасць на распаўсюджанне дакладнай інфармацыі ў грамадстве аб псіхічных расстройствах, на разбурэнне грамадскіх стэрэатыпаў і страхаў, якія ўзнікаюць вакол гэтай тэмы. Актывісты клубнага дома рэалізуюць праект “Партрэт”, у межах якога праходзяць адкрытыя творчыя сесіі, калі мастак малюе партрэт галоўнага героя сустрэчы: чалавека з псіхічным расстройствам, а ў гэты час усе прысутныя могуць, па жаданні, таксама маляваць яго партрэт, або задаваць яму свае пытанні, або проста слухаць і назіраць за гэтым працэсам. А герой творчай сесіі дзеліцца гісторыяй свайго жыцця. Яшчэ адзін праект клубнага дома — (не)псіхіятрычны фестываль “Галасы” — гэта платформа, якая аб’ядноўвае ўсіх, хто неабыякава адносіцца да тэмы псіхічнага (не)здароўя: спецыялістаў, супрацоўнікаў службаў рэабілітацыі, якія ў свабодным фармаце адкрытых лекцый, семінараў, размоў расказваюць пра важныя моманты, звязаныя з праблемамі псіхікі і пошукам іх вырашэння, адказваюць на пытанні. Стэрэатыпы вакол псіхічнага (не)здароўя не дазваляюць людзям звяртацца па дапамогу, шукаць падтрымку. Больш інфармацыі пра гэта чытайце на сайце stopstigma. by — гэта яшчэ адна ініцыятыва, якая рэалізуецца Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў.

Навагодні праект “Добрыя жарты”

Сумесная творчая дзейнасць, наведванне выстаў, экскурсій, культурных мерапрыемстваў, работа над праектамі дапамагаюць людзям з псіхічнымі захворваннямі вярнуць адчуванне ўласнай значнасці. На працягу некалькіх апошніх месяцаў спецыялісты Мінскага клубнага дома “Адкрытая душа” разам з яго наведвальнікамі рэалізоўвалі праект па падрыхтоўцы календара “Добрыя жарты”. Мэта праекта — падтрымаць беларускую мову, культуру і нацыянальную спадчыну, а таксама раска­заць пра дзейнасць клубнага дома. Удзельнікі ініцыятывы прачыталі каля васьмі тысяч беларускіх трапных выразаў з двухтомніка “Прыказкі і прымаўкі” пад рэдакцыяй А.С.Фядосіка, асэнсавалі іх і адабралі найбольш цікавыя, пасля чаго прапанавалі ўвасобіць іх у малюнках беларускай мастачцы Таццяне Быц. “Быў бы сад, а салаўі прыляцяць”, “Гаспадарку весці — не барадой трэсці”, “Абы Бог да добры людзі, то ўсё добра будзе”, “У родным краю, як у раю”, “Устань раней ды шагні далей” — з падобных выслоўяў пачынаецца кожны месяц у календары.

“У Беларусі жывуць дзівосныя людзі. Нашы дзяды і пра­дзеды, бабулі і прабабулі перажылі цяжкія часы і назапасілі багатую духоўную спадчыну. Важнае месца ў гэтай спадчыне займаюць народныя прыказкі, — адзначыла Кацярына Гузоўская-Гара падчас прэзентацыі праекта. —  Гэта скарбніца мудрасці нашых продкаў, выяўленая часта ў жартаўлівай, але тонкай, ненадакучлівай і адначасова яркай форме. Такая мудрасць здольная прымусціць задумацца і ўзняць настрой. Мы сабралі вясёлыя і яркія беларускія прыказкі і аб’ядналі іх з ілюстрацыямі, выкананымі ў незвычайным стылі, які спалучае ў сабе авангард і народныя матывы”.  

Гісторыя руху клубных дамоў пачалася ў 1948 го­дзе, калі некалькі чалавек, якія прайшлі курс лячэння ў Нью-Ёркскай псіхіятрычнай клініцы (ЗША), аб’ядналіся для стварэння групы “Мы не адзінокія”, якая ўзнікла першапачаткова як група самадапамогі, а пазней ператварылася ў інавацыйную суполку, якая грунтуецца на праграме падтрымкі людзей з псіхіятрычнымі праблемамі. Даказаўшы сваю эфектыўнасць, клубныя дамы распаўсюдзіліся па ўсім свеце, і сёння ў 48 краінах дзейнічае каля 400 клубных дамоў. Філасофія  іх грунтуецца на прынцыпе “прайсці шлях ад пацыента да асобы”.

“Работа над праектамі, якія дапамагаюць у яскравай форме прадставіць беларускую мову і культуру, — адзін з найважнейшых кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці А1. Каляндар “Добрыя жарты” працягвае гэтую традыцыю”, — адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Віктар Пазнякоў.

Мерапрыемства прахо­дзіла з удзелам аднаго з самых вядомых даследчыкаў беларускага фальклору — лідара этна-трыа “Тройца” Івана Кірчука. Ён прадставіў гасцям імпрэзы свой знакаміты монаспектакль “Дарожка мая”, які створаны на аснове народных песень і з’яўляецца сінтэзам духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускай культуры. “Фальклор продкаў— скарбніца мудрасці. Мы слухаем і спяваем іх песні, бяром удзел у абрадах — і быццам па кропельцы напаўняем і ачышчаем сябе. Любы падобны праект ці канцэрт для мяне — рытуальная споведзь, да якой я сур’ёзна рыхтуюся. Бо гэта прысвячэнне продкам, якія сышлі, але бачаць нас, чуюць і дапамагаюць, калі мы шануем тую мудрасць, што яны пакінулі нам у спадчыну. Мы ж таксама будзем продкамі. Але якімі? Мне падаецца, стваральнікі календара таксама думалі пра гэта”, — адзначыў Іван Кірчук. Тыраж календара “Добрыя жарты” — 1000 экзэмпляраў. Распаўсюджвацца ён будзе бясплатна праз Мінскі клубны дом “Адкрытая душа”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.