Аб’яднаныя ведамі

- 10:28Навіны рэгіёнаў

Софія Палюта вучыцца ў 4 класе Нясвіжскай гімназіі, але ўжо зараз дзяўчына можа ганарыцца сваім даследаваннем, якое атрымала высокую ацэнку на міжнародным узроўні.

У Маскве прайшла VI навукова-практычная канферэнцыя “Аб’ядноўваемся ведамі”. Канферэнцыя з міжнародным удзелам праводзіцца штогод і з’яўляецца комплекснай праграмай падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі, формай узаемадзеяння адукацыйных устаноў, навучэнцаў, настаўнікаў, выкладчыкаў і навукоўцаў з розных краін. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве бралі прадстаўнікі Румыніі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Абхазіі, Германіі, Кітая, Латвіі, Казахстана і іншых краін.

Канферэнцыя ўключае конкурс даследчых работ “Аб’ядноўваемся ведамі”, спаборніцтвы па робататэхніцы “Нашэсце робатаў” і “РобатаБум”, а таксама кінафестываль дзіцячых кароткаметражных фільмаў “ГімКінФес-1517”.

Конкурс даследчых работ праводзіцца ў два этапы: дыстанцыйны і вочны. Вочны этап праходзіць у Маскве ў форме стэндавай сесіі. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца дашкольнікі, школьнікі ўсіх узростаў, студэнты 1 курса УВА і навучэнцы 1 курса каледжаў. Сёлета ўдзельнікаў было 262. У тым ліку і Софія Палюта, якая прадставіла сваё даследаванне “Матэматычная мова прыгажосці”. Софія за сваю працу была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. Дзяўчынка пад кіраўніцтвам настаўніцы Святланы Вітальеўны Прасмыцкай вывучала, што такое “залатое сячэнне”, шукала і знаходзіла яго паўсюль: у жывапісе, дызайне, прыродзе, штодзённых рэчах. Работа стваралася на працягу двух гадоў, такая працавітасць юнай даследчыцы атрымала годную ацэнку.

Дар’я РЭВА.