Аб’яднаныя адной мэтай

- 14:44Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У апошні дзень работы ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасці прайшло пленарнае пасяджэнне яго ўдзельнікаў, на якім былі падведзены вынікі работы секцый і выпрацавана рэзалюцыя педагагічнага форуму.

На працягу чатырох дзён форуму для ўсіх яго ўдзельнікаў была створана магчымасць абмеркаваць злабадзённыя пытанні, якія тычацца развіцця адукацыйных галін краін СНД, пазнаёміцца са здабыткамі сістэмы адукацыі нашай краіны, пачынаючы са сталіцы і заканчваючы рэгіёнамі. Удзельнікі з’езда пабывалі ва ўстановах адукацыі ўсіх абласцей Беларусі, сустрэліся з педагогамі, навучэнцамі, кіраўнікамі сістэмы адукацыі. Не менш змястоўнай была і культурная праграма, дзе ўдзельнікі з’езда змаглі пазнаёміцца з культурнымі аб’ектамі і гістарычнымі мясцінамі Беларусі.
У парадак дня з’езда ўвайшлі два пленарныя пасяджэнні, дзе прадстаўнікі ўсіх дэлегацый выказвалі сваю зацікаўленасць у далейшым развіцці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на прасторы СНД і прапаноўвалі яго новыя, больш эфектыўныя напрамкі. Акрамя гэтага, аўдыторыя пленарных пасяджэнняў упершыню была выкарыстана лектарамі, у ролі якіх выступілі вядомыя вучоныя з Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі. Вучоныя гэтых краін у сваіх лекцыях звярнулі ўвагу ўдзель-нікаў форуму на самыя актуальныя пытанні развіцця нацыянальных сістэм адукацыі краін Садружнасці, у прыватнасці на якасць навучання і выхавання, і прадставілі каштоўны вопыт у гэтым кірунку.
На другі дзень работы з’езд часова пераехаў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, дзе былі адкрыты секцыі вучоных і практыкаў па самых розных напрамках развіцця адукацыі. На заключным пленарным пасяджэнні мадэратары гэтых секцый выступілі з вынікамі работы і тымі прапановамі, якія ў далейшым былі ўнесены ў рэзалюцыю з’езда.
Адметнай падзеяй у рамках педагагічнага форуму стала правядзенне ў выканкаме СНД пасяджэння Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі краін Садружнасці. Упершыню ў рабоце савета ў якасці назіральнікаў прымалі ўдзел кіраўнікі дэлегацый шэрага краін СНД. Адным з галоўных пытанняў, якое абмяркоўвалася на пасяджэнні, стала вызначэнне месца правядзення чарговага, ІV з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасці. Члены савета аднадушна вырашылі правесці чарговы педагагічны форум на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Было прынята рашэнне правесці чарговае пасяджэнне Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД у Казахстане. Акрамя таго, было вырашана стварыць сеткавы духоўна-тэалагічны ўніверсітэт і сеткавы каледж прафесійнай адукацыі. У ходзе пасяджэння савета былі выпрацаваны канкрэтныя палажэнні аб функцыянаванні гэтых устаноў, якія будуць накіраваны на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД. Беларускі бок ініцыіраваў правядзенне ў бліжэйшым будучым фестывалю педагагічнага майстэрства, які можа быць праведзены адначасова з чарговым з’ездам настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасці.
Выступаючы на пачатку другога пленарнага пасяджэння, міністр адукацыі нашай краіны С.А.Маскевіч падкрэсліў важнасць правядзення ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД.
— Тая змястоўная прафесійная размова, якая адбылася на кожнай з пляцовак з’езда, павінна прыўнесці добры плён у развіццё адукацыі кожнай з краін — удзельніц гэтага форуму, і ў іх скарбонку педагагічнага вопыту увойдуць і дасягненні нашай краіны, — адзначыў С.А.Маскевіч. — Я спадзяюся, што тыя кантакты, тыя дзелавыя і сяброўскія сувязі, якія ўсталяваліся паміж удзельнікамі з’езда, узбагацілі кожнага з іх і тым самым удасканалілі ўзаемадзеянне на агульнай адукацыйнай прасторы СНД, што паспрыяе павышэнню якасці нашых адукацыйных сістэм і іх канкурэнтаздольнасці.
Міністр адукацыі падкрэсліў, што краіны СНД у развіцці адукацыі хвалююць аднолькавыя праблемы. Гэта праблемы захавання гістарычных традыцый нашых народаў, фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей, актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў нашай моладзі, прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і ўзняцця іх прэстыжу ў грамадстве, павышэння якасці адукацыі, распрацоўкі механізмаў і інструментарыю аб’ектыўнага ацэньвання ўзроўню ведаў.

Усе гэтыя пытанні былі абмеркаваны на тэматычных секцыях.
У сваім выступленні мадэратар секцыі “Якасць агульнай сярэдняй адукацыі і нацыянальныя сістэмы яе ацэньвання” Абакір Мамытаў, прэзідэнт Кыргызскай акадэміі адукацыі, паведаміў, што ў пасяджэнні секцыі прынялі ўдзел вучоныя, кіраўнікі навукова-даследчых інстытутаў, акадэмій педагагічнай адукацыі, настаўнікі-практыкі з розных краін СНД. На секцыі былі абмеркаваны пытанні фарміравання зместу гуманітарных, прыродазнаўчанавуковых, сацыякультурных напрамкаў у адукацыі, а таксама пытанні якасці агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах сучаснага інфармацыйнага грамадства. Адбыўся абмен падыходамі па вызначэнні крытэрыяў і паказчыкаў у ацэнцы якасці адукацыі з улікам патрабаванняў і выклікаў часу, па распрацоўцы і выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў на аснове сучасных сродкаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
— У ходзе работы секцыі мы выкарыстоўвалі даклады, прэзентацыі, аналітычныя выступленні і дыскусію сярод удзельнікаў, — адзначыў Абакір Мамытаў. — І такім чынам адбыўся глыбокі, грунтоўны абмен вопытам у развіцці нацыянальных адукацыйных сістэм краін Садружнасці. Мы лічым, што без змянення падрыхтоўкі педагагічных кадраў немагчыма павысіць якасць адукацыі. Таму для забеспячэння больш якаснай агульнай сярэдняй адукацыі неабходна практыка-накіраваная падрыхтоўка педагагічных кадраў.
Нона Саакян, намеснік начальніка Дэпартамента агульнай адукацыі апарату Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Арменія, выступіла мадэратарам секцыі, дзе ўзнімаліся пытанні па стварэнні сучаснай мадэлі кіравання, эканамічных механізмаў павышэння эфектыўнасці кіравання адукацыяй, правядзенні атэстацыі і акрэдытацыі ўстаноў адукацыі, укараненні сістэмы менеджменту якасці адукацыі. Абмяркоўваліся таксама надзённыя пытанні фінансавання сістэмы адукацыі, аплаты працы настаўнікам, якія ўваходзяць у кампетэнцыю кіраўніка.
— Мадэль кіравання адукацыяй нам сёння вельмі неабходна, — адзначыла Нона Саакян. — Эканоміка і яе развіццё непасрэдна залежаць ад таго, якія кадры мы падрыхтуем у сістэме адукацыі, наколькі якаснай будзе іх падрыхтоўка і наколькі эфектыўным будзе менеджмент адукацыі. Само кіраванне прадугледжвае ўменне кіраўніка арганізаваць работу калектыву такім чынам, каб урэшце быў атрыманы самы высокі вынік. Калі ў звычайным разуменні менеджменту ў кантэксце іншай галіны ў аснову закладзены арганізацыйна-тэхнічны кампанент, то ў сферы адукацыі дадаецца яшчэ і псіхолага-педагагічны кампанент, складанасць рэалізацыі якога звязана з творчай дзейнасцю педагогаў, з іх індывідуальнасцю.
Таму ў рабоце секцыі на гэтыя асаблівасці менеджменту ў сістэме адукацыі была засяроджана найбольшая ўвага і прынята рашэнне аб больш цесным прафесійным супрацоўніцтве краін Садружнасці.
Па тэме выхаваўчага працэсу ў адкрытых адукацыйных сістэмах выступіў У.А.Панін, рэктар Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Льва Талстога (Расійская Федэрацыя), мадэратар секцыі. Ён звярнуў увагу на тыя кірункі, якія былі абмеркаваны ўдзельнікамі з’езда ў час правядзення секцыі. Гэта фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму, здаровага ладу жыцця, выкарыстанне магчымасцей дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў развіцці іх творчых здольнасцей, рэалізацыя дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў.
— Працэс выхавання — неад’емная частка навучання нашых дзяцей, і ён павінен быць гарманічна звязаны з адукацыйным працэсам, — падкрэсліў У.А.Панін. — Таму гэты прынцып павінен быць закладзены ва ўсе сучасныя педагагічныя тэхналогіі.
Рэалізацыя яго дасць істотны вынік у выхаванні і станаўленні маладога пакалення.
М.М.Малафееў, дырэктар Інстытута карэкцыйнай педагогікі (Расійская Федэрацыя) выступіў мадэратарам секцыі па тэме сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На парадку дня секцыі былі прадстаўлены пытанні рэзерваў павышэння якасці інтэграцыйнага навучання і выхавання, карэкцыйнай работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах адукацыі, жыццеўладкавання выпускнікоў такой катэгорыі. Было адзначана, што той багаты вопыт, які назапасілі беларускія калегі, быў з удзячнасцю ўспрыняты іншымі краінамі для ўкаранення ў свае нацыянальныя сістэмы адукацыі, асабліва ў частцы жыццеўладкавання, сацыялізацыі і працаўладкавання такой катэгорыі грамадзян.
— Наша задача — уладкаваць у жыцці такіх дзяцей на роўных умовах, каб яны не былі ўшчэмлены ў соцыуме і былі абаронены ад рэалій жыцця менавіта адукацыйным багажом, запатрабаванай прафесіяй, — адзначыў М.М.Малафееў. — Каб у гэтым наша работа была больш эфектыўнай, ёсць прапанова стварыць на прасторы СНД цэнтр павышэння кваліфікацыі для спецыялістаў, якія займаюцца навучаннем і выхаваннем дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
І.В.Якіменка, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, прадстаўляў работу секцыі па рэалізацыі мэт адукацыі ў педагагічнай практыцы. Для абмеркавання былі ўзяты такія злабадзённыя напрамкі, як развіццё эфектыўных адукацыйных інавацый, грамадскіх і педагагічных ініцыятыў. Было прапанавана яшчэ больш эфектыўна развіваць школьны і міжуніверсітэцкі алімпіядны рух у сферы адукацыі паміж краінамі СНД, у прыватнасці, правесці ў бліжэйшы час алімпіяду па прадмеце “Абслуговая і тэхнічная праца”.

На працягу правядзення з’езда працавала выстава “Адукацыя СНД — супрацоўніцтва без межаў”. Былі прадстаўлены экспазіцыі вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу краін — удзельніц педагагічнага форуму. Найбольш шматгранна выглядала экспазіцыя сістэмы адукацыі Беларусі, сярод экспанатаў якой былі прадстаўлены вырабы робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
— Удзельнікам з’езда мы прадставілі наш новы праект па робататэхніцы, — расказаў дырэктар цэнтра С.М.Сачко. — У нашай установе ўжо дзейнічае лабараторыя па гэтым напрамку, але ў хуткім часе такія творчыя пляцоўкі мы мяркуем адкрыць па ўсёй краіне. Сёння яны працуюць у Гродзенскай, Магілёўскай, Брэсцкай абласцях, і спадзяёмся, што ў першым паўгоддзі будзе дзейнічаць 11 пляцовак. А ў цэлым у гэтым навучальным годзе мы плануем адкрыць 40 такіх творчых лабараторый па робататэхніцы.
С.М.Сачко заўважыў, што гэты напрамак паспяхова развіваецца ў іншых краінах СНД, і асабліва ў Расійскай Федэрацыі, вопыт якой будзе ўкараняцца ў айчыннай робататэхніцы.
— Безумоўна, робататэхніка — вельмі перспектыўны і вельмі актуальны напрамак інавацыйнай і тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч. — Асабліва ў перыяд іх выбару прафесійнай дзейнасці. Робататэхніка дазваляе скіроўваць інтарэсы маладога пакалення ў бок інжынернай прафесіі, якая сёння запатрабавана ў нашай эканоміцы.
Р.С.Сідарэнка, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, прадставіла выставачную экспазіцыю НІА, куды ўвайшло навукова-метадычнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. У ім галоўны акцэнт зроблены на айчынныя электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія распрацаваны для ўсіх класаў і па ўсіх прадметах.
— Нашы калегі з іншых краін вельмі цікавяцца нашымі электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, — заявіла Раіса Станіславаўна. — І мы маглі прадэманстраваць іх у рэжыме рэальнага часу. Гэтыя рэсурсы складаюцца з такіх модуляў, як даведачна-інфармацыйны, кантрольна-дыягнастычны і інтэрактыўны пад кожны прадмет. Сёння электронныя адукацыйныя рэсурсы эксперыментальна выкарыстоўваюцца ў 20 установах адукацыі ў розных рэгіёнах краіны, але магістральная мэта дазволіць у хуткім часе кожнаму навучэнцу і педагогу зайсці на рэсурс НІА і атрымаць неабходную інфармацыю. Акрамя таго, ноу-хау інстытута — нацыянальны адукацыйны партал, які стане карысным для ўсёй сістэмы адукацыі.
Лепшым педагогам, навукоўцам, кіраўнікам нацыяльных адукацыйных сістэм краін Садружнасці былі ўручаны Ганаровыя граматы выканкама СНД. Сярод узнагароджаных міністр адукацыі С.А.Маскевіч, рэктар РІПА А.Х.Шкляр, прарэктар АПА Г.І.Нікалаенка.

Ала КЛЮЙКО.