Аб’яднаць імпартазамяшчальныя палітыкі

Саюзныя прампраграмы прызначаны аб’яднаць імпартазамяшчальныя палітыкі Беларусі і Расіі. Аб гэтым на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі заявіў міністр прамысловасці Беларусі Віталь Вовк.

Паводле слоў міністра прамысловасці, паспяховая рэалізацыя прамысловых саюзных праграм павінна стаць асновай для аб’яднання палітык па імпартазамяшчэнні дзвюх краін у адзіную праграму імпартазамяшчэння Саюзнай дзяржавы. “Гэта дасць магчымасць больш эфектыўна пераадольваць санкцыйныя, эканамічныя пагрозы”, — сказаў ён.
Віталь Вовк адзначыў, што рэалізацыя саюзных праграм паказала высокую эфектыўнасць існуючага механізма ў вырашэнні складаных навукова-тэхнічных задач. Сёння на стадыі ўзгаднення і падрыхтоўкі знаходзяцца пяць навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы, у тым ліку па такіх сферах, як оптыка, мікраэлектронныя тэхналогіі, аўтаэлектроніка. Усе гэтыя праграмы накіраваны на стварэнне інавацыйнай прадукцыі, перш за ўсё для гандлёва-прамысловага комплексу Беларусі і Расіі.