Аб’ядноўваць моладзь

Міністэрства адукацыі наведалі прадстаўнікі Дэпартамента па справах моладзі Савета Еўропы на чале з кіраўніком аддзела міжнароднага супрацоўніцтва дэпартамента Андрэ-Жакам Дадзінам. Тэмай размовы стала ўзаемадзеянне краін Еўропы з Рэспублікай Беларусь ў галіне маладзёжнай палітыкі. З еўрапейскімі калегамі сустрэўся намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч ЯКЖЫК.

— Мы рады бачыць у Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўвогуле ў нашай краіне такіх ганаровых гасцей, — звярнуўся з прывітальнымі словамі да еўрапейскіх калег Віктар Віктаравіч. — Нам вельмі прыемна, што такая прадстаўнічая дэлегацыя з Еўропы наведала нашу краіну, каб падтрымліваць цесныя стасункі з нашай моладдзю і рэалізоўваць праекты маладзёжнай палітыкі сумесна з намі.
Як вядома, еўрапейскія госці сталі ўдзельнікамі міжнароднага семінара “Маладзёжная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь і праграма Савета Еўропы”. Назва семінара гаворыць аб той важнай тэматыцы, якая сёння стаіць на парадку дня дзейнасці Савета Еўропы і нашага Міністэрства адукацыі, якое адказвае за пытанні рэалізацыі маладзёжнай палітыкі і дзейнасці асноўных грамадскіх аб’яднанняў моладзі.
Гэтае пытанне сёння набывае яшчэ большую актуальнасць у сувязі з тым, што па рашэнні кіраўніка нашай дзяржавы 2015 год аб’яўлены Годам моладзі. З улікам таго ўжо некалькі гадоў запар галіновае міністэрства рэалізуе праекты па лініі Савета Еўропы, і, безумоўна, у Год моладзі гэтая дзейнасць актывізуецца і будуць намечаны новыя, перспектыўныя праекты ў сферы маладзёжнай палітыкі.
Віктар Віктаравіч адзначыў, што з улікам спецыфікі галіновага міністэрства будуць і надалей рэалізоўвацца адукацыйныя праграмы, якія заўжды былі цікавымі для моладзі Беларусі і іншых краін. Як быццам у адзінай звязцы выступае і праект па мабільнасці моладзі, і вельмі важна, каб у гэтым праекце ўдзельнічалі маладыя беларусы, што дазволіць ім падарожнічаць па краінах Еўропы, вывучаць іншую культуру, мову і наладжваць стасункі са сваімі равеснікамі з іншых краін.
Цэлы блок мерапрыемстваў, якія закладзены ў планы дзейнасці БРСМ і іншых грамадскіх аб’яднанняў, прысвечаны юбілейнай даце, якая будзе адзначацца нашай краінай і краінамі Еўропы ў наступным годзе. Гэта 70-годдзе вызвалення краін постсавецкай прасторы і краін Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прафілактыка маладзёжнага экстрэмізму, рух супраць нянавісці — гэтыя тэмы гучаць ва ўнісон са знамянальнай датай у сусветнай гісторыі і ў кантэксце з нашымі нацыянальнымі каштоўнасцямі —выхавання грамадзянскасці і патрыятызму сярод маладых людзей. З улікам гэтага беларускі бок прыме актыўны ўдзел у праектах, звязаных з юбілеем, і ў наступным годзе будзе праведзены аналіз дзейнасці маладзёжных аб’яднанняў па ацэнцы эфектыўнасці гэтага праекта.
Віктар Віктаравіч выказаў спадзяванне, што супрацоўніцтва паміж кіраўніцкімі структурамі — Міністэрствам адукацыі і Дэпартаментам па справах моладзі Савета Еўропы — дае падставы меркаваць, што яно станоўча паўплывае на развіццё маладзёжнай палітыкі Беларусі і краін Еўропы.
— Безумоўна, вельмі важна інфармаць маладых людзей аб міжнародных маладзёжных праграмах, якія праводзяцца паміж нашымі краінамі, што дазволіць далучыць яшчэ большую колькасць зацікаўленых, — адзначыў В.В.Якжык. — Прыцягненне маладых людзей Еўропы да тых праектаў, якія мы сёння ініцыіруем у нашай краіне, гэта вельмі значны аспект для нашай дзейнасці, дзе можна знайсці агульныя пункты сутыкнення і ўзаемадзеяння з краінамі Еўропы.
Андрэ-Жак Дадзін, кіраўнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Дэпартамента па справах моладзі Савета Еўропы, падзякаваў за беларускую гасціннасць, якую адчулі яго калегі на ўсіх сустрэчах, арганізаваных Міністэрствам адукацыі Беларусі, грамадскімі маладзёжнымі арганізацыямі.
Кіраўнік аддзела выказаў спадзяванне, што прыезд дэлегацыі Савета Еўропы істотна паскорыць крокі ў далейшым супрацоўніцтве паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі. Андрэ-Жак Дадзін падтрымаў прапановы Міністэрства адукацыі Беларусі па далейшым узаемадзеянні ў сферы маладзёжнай палітыкі. Перш-наперш юбілейная дата вызвалення Еўропы і Беларусі ад нацызму. Гэты гістарычны момант не можа прамінуць Савет Еўропы, і ён стане падставай для арганізацыі сумесных мерапрымстваў, якія дапамогуць прадухіліць экстрэмізм і яго развіццё сярод моладзі нашых краін. Рух супраць нянавісці актыўна рэалізуецца ў краінах Еўропы, і вельмі адметна, што сёння з’яўляюцца яго новыя прыхільнікі, у тым ліку Рэспубліка Беларусь. З боку дэпартамента ў наступным годзе ў Беларусі будуць таксама праводзіцца доўгатэрміновыя трэнінгі па правах чалавека. Акрамя таго, плануецца рэалізоўваць новы праект для нашай краіны пад назвай “Летні ўніверсітэт”, які адкрываецца летам. Туды прыедуць лідары маладзёжнага руху, прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый для абмеркавання актуальных пытанняў маладзёжнай палітыкі. Андрэ-Жак Дадзін прапанаваў уключыць для абмеркавання і тыя тэмы, якія найбольш актуальныя для нашай краіны.
— Мы з цікавасцю ставімся да такіх прапаноў, — паведаміў В.В.Якжык. — Сістэма кіравання маладзёжнай палітыкай, дзейнасць маладзёжных грамадскіх арганізацый, новыя тэндэнцыі ў маладзёжным руху па-ранейшаму з’яўляюцца для нас актуальнымі пытаннямі, і міжнародны вопыт для нас будзе вельмі каштоўным.
Намеснік міністра адукацыі адзначыў, што ў краіне, акрамя БРСМ, сёння дзейнічаюць 246 маладзёжных арганізацый, якія цікавыя для самой моладзі і могуць актыўна ўплываць на маладзёжны рух, ініцыіраваць новыя кірункі ў маладзёжнай палітыцы, наладжваць міжнароднае супрацоўніцтва. Гэтыя арганізацыі закранаюць розныя кірункі маладзёжнага руху, у тым ліку валанцёрскі, спартыўны, навукова-даследчы, рух скаўтаў, гайдаў і шэраг іншых сегментаў.
Андрэй Эдуардавіч Белякоў, другі сакратар ЦК БРСМ, паведаміў, што для арганізацыі, якая з’яўляецца самай масавай і аўтарытэтнай у краіне, маладзёжнае супрацоўніцтва з’яўляецца адным з прыярытэтаў. Пацвярджэннем гэтага стала акрэдытацыя прадстаўнікоў БРСМ у еўрапейскай валанцёрскай службе ў рамках валанцёрскай праграмы Еўрапейскага саюза. Валанцёрскі рух БРСМ пад назвай “Добрае сэрца” заваяваў прыхільнасць грамадзян Беларусі. Але той каласальны вопыт, які мае сёння валанцёрства Еўропы, БРСМ гатовы выкарыстоўваць у сваёй практыцы.
— Сёння мы актыўна займаемся пошукам партнёраў, канкрэтных арганізацый, з якімі мы гатовы працаваць у рамках гэтай праграмы, і зацікаўлены ў развіцці іншых праектаў з Дэпартаментам па справах моладзі Савета Еўропы, — адзначыў А.Э.Белякоў.
У ходзе сустрэчы былі канкрэтызаваны далейшыя дзеянні па развіцці супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі паміж Беларуссю і краінамі Еўропы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.