Абяцаю, што сумленна я Радзіме паслужу

23 лютага адзначаецца адзін з дзён вайсковай славы — Дзень абаронцаў Айчыны. Свята 23 лютага ў дзіцячым садзе — добрая нагода для выхавання ў дашкольнікаў пачуцця патрыятызму, далучанасці да лепшых традыцый сваёй Радзімы, фарміравання ў дзяцей гонару за слаўных абаронцаў Айчыны. Гэта свята ўсіх тых, хто стаіць на варце нашай Радзімы. Гэта свята сапраўдных мужчын — смелых і адважных, спрытных і надзейных, а таксама свята хлопчыкаў, якія вырастуць і стануць абаронцамі Айчыны.

Па традыцыі ў яслях-садзе № 8 Полацка кожны год ладзіцца кароткатэрміновы праект “Дзень абаронцаў Айчыны”. На працягу тыдня ва ўсіх узроставых групах арганізоўваюцца мерапрыемствы: чытанне мастацкай літаратуры, гутаркі, аналіз ілюстрацый па тэме, прагляд слайдаў, адгадванне загадак пра ваенную тэхніку, розныя роды войск, вырабы калажаў. З вялікай цікавасцю выхаванцы рыхтуюць з рознага матэрыялу падарункі для любімых татаў, дзядуль, старэйшых братоў. Былі арганізаваны выстава дзіцячага малюнка “Буду ў арміі служыць” і фотавыстава “Я і мой тата”.

20 лютага 2017 года з выхаванцамі старэйшай групы зладзілі ваенна-спартыўнае свята “Школа маладога байца”, якое падрыхтавалі кіраўнік фізічнага выхавання М.В. Марцалева і выхавальнік Т.М. Сямчонак. Навучэнцы 8 класа Полацкага кадэцкага вучылішча і таты дашкольнікаў ўзначалілі каманды “Танкісты” і “Пагранічнікі”. Свята пачалося з выступлення барабаншчыкаў кадэцкага вучылішча. Яны прадэманстравалі віртуознае валоданне барабаннымі палачкамі і навучылі гэтаму дашкалят. З самага пачатку ўдзельнікі былі настроены на ўпартую барацьбу і паказалі яе ў поўнай меры пры праходжанні ўсіх эстафет. Разам з кадэтамі і татамі дзеці маршыравалі, рабілі прыгожыя перастраенні і спявалі ваенныя песні. Вялікую падтрымку аказалі балельшчыкі. Яны так эмацыянальна хварэлі за сваю каманду, што не выйграць было немагчыма! Спартыўны запал і жаданне дамагчыся перамогі для сваёй каманды захоплівалі дзяцей настолькі, што яны не заўважалі, што адбываецца навокал. Стараліся з усіх сіл быць першымі. Дзеці зразумелі: каб заваяваць перамогу, быць моцным фізічна мала. Неабходна пры гэтым валодаць дастатковай мэтанакіраванасцю, сілай волі, быць арганізаваным і сабраным, спрытным і знаходлівым.

У зале панавалі смех, шум і весялосць. Усе былі шчаслівыя! А шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей — лепшая ўзнагарода ўсім арганізатарам свята. Атмасфера была і радасная і ў той жа час напружаная, бо спаборнічалі моцныя сапернікі, а перамагчы павінен быў наймацнейшы. Такія мерапрыемствы закладваюць у душы дзяцей пачуцці патрыятызму і грамадзянскасці.

Л.В.ЮНІЦЫНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 8 Полацка