Ачысцім лес ад смецця

- 15:45Нам пішуць

Лес — нацыянальнае багацце. Захаваць яго, зрабіць прыгажэйшым і чысцейшым — наша агульная задача. Чысціня і парадак у лесе залежаць ад кожнага, ад культуры стаўлення як да самой прыроды, так і да працы тых, хто гадуе, ахоўвае лясы і пры гэтым вымушаны збіраць у ім смецце, пакінутае адпачывальнікамі.

Кожны год вучні нашай школы бяруць удзел у акцыях, прысвечаных аднаўленню і абнаўленню лесу. Цяперашняя рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”, прысвечаная Году малой радзімы, — не выключэнне.

На першы погляд можа падацца, што дрэвам-волатам, якія раскінулі свае магутныя кроны, нічога не страшна. А на паверку аказваецца, што лес слабейшы за многіх маленькіх істот, што жывуць у ім. Бо прывязаны да месца свайго нараджэння, і калі чалавек створыць непрымальныя ўмовы, лес не можа пакінуць свайго месца жыхарства як звер або птушка. Лесу, як і ўсяму жывому, неабходны паветра, пажыўныя рэчывы, ён не вытрымае празмерных умяшанняў у яго жыццё. Для таго каб лес быў здаровы і прыгожы, ён павінен быць чысты.

І вось таму дзеці вырашылі дапамагчы ачысціць лес ад наступстваў нядбайных аматараў адпачынку на прыродзе, ад бытавога смецця і захламленасці. Узброіўшыся мяшкамі для смецця, рашуча ўвайшлі ў лес, каб аказаць яму дапамогу. Папрацавалі на славу, сабраўшы ўсё смецце. Лес застаўся ўдзячны. Кожны, хто неабыякавы да роднай прыроды, гатовы ўнесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне лесу. Давайце разам клапаціцца пра “лёгкія” нашай планеты!

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.