Ад “А” да “Я”

- 15:43Нам пішуць

Тыдзень рускай мовы і літаратуры, які адбыўся ў Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе, прайшоў як свята, займальная падзея. Для настаўнікаў гэта новы досвед у рабоце, для дзяцей — пазнавальныя і захапляльныя прыгоды ў свеце рускай мовы.

У першы дзень у госці да навучэнцаў прыйшлі прынцэсы рускай мовы “Арфаграфія” і “Словаўтварэнне”. І дарослым, і дзецям яны прапаноўвалі займальныя гульні і заданні. Сустрэча зацікавіла і натхніла.

Падчас інфармацыйна-пазнавальнай гадзіны навучэнцы даведаліся пра стваральнікаў славянскай пісьменнасці Кірылу і Мяфодзія, пра прыгажосць і моц рускай мовы. Дзеці ўдзельнічалі ў маляўнічым афармленні літар славянскай азбукі, з цікавасцю перакладалі на рускую мову стараславянскія выразы. У бібліятэцы была аформлена выстаўка “Сябар мой — кніга” і праведзены бібліятэчны ўрок у 3 “В” класе. Кожны дзень тыдня быў для вучняў адкрыццём. Педагогі стараліся здзівіць, зацікавіць.

Яркія слайды прэзентацыі, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння І.С.Тургенева, пазнаёмілі дзяцей з асобай пісьменніка, яго біяграфіяй, малой радзімай. Эмацыянальна прайшла гадзіна чытання ў 3-4 класах, калі навучэнцы, бібліятэкар і настаўнікі чыталі ўголас апавяданне І.С.Тургенева “Верабей”. Ва ўсіх класах працавалі творчыя майстэрні па вырабе віншавальных паштовак да юбілею пісьменніка. Навучэнцы 3 “В” і 4 “В” класаў наведалі Іўеўскаю раённую бібліятэку. Для іх была праведзена літаратурная гадзіна “Любімаму пісьменніку прысвячаецца”. Сустрэча з кнігамі І.С.Тургенева натхніла на самастойнае чытанне.

Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсе на самага пісьменнага вучня “Пішам без памылак”, дыстанцыйнай алімпіядзе па рускай мове, складанні кластараў па тэме ўрока, КВЗ “Загадкі рускай мовы”, падарожнічалі па краіне фразеалогіі, успаміналі прыказкі і прымаўкі пра мову, разгадвалі рэбусы і адказвалі на пытанні на кемлівасць. Запомнілася навучэнцам 2 “Б” класа віктарына “Добры дзень, казка!” з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі. Займальная гульня “Чароўныя пазлы” на ўроках літаратурнага чытання з выкарыстаннем планшэтаў зацікавіла навучэнцаў 2 “А” класа.

Колькі радасці было ў дашкольнікаў старшай групы, калі ў госці прыйшлі малодшыя школьнікі з прыгожымі малюнкамі і загадвалі загадкі пра літары алфавіта ад “А” да “Я”! На памяць аб сустрэчы вучні ўручылі ім літары разразной азбукі.

Завяршыўся прадметны тыдзень віктарынай “Знаўцы рускай мовы”. Была магчымасць рэалізаваць атрыманыя веды і ўменні на практыцы. Кожнаму хацелася, каб яго назвалі “Знаўца рускай мовы”. Усе паказалі выдатныя веды. Свята даўжынёю ў тыдзень завяршылася ўзнагароджаннем пераможцаў.

Ірына СЯНЮК,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.