Ад адукацыйных стандартаў — да выдання вучэбнай літаратуры

- 13:13Якасць адукацыі

Забеспячэнне адукацыйнага працэсу якаснай вучэбнай літаратурай застаецца актуальнай задачай сістэмы адукацыі нашай  краіны. Істотную ролю тут адыгрывае цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

Гэты цэнтр — згуртаваны калектыў прафесіяналаў з шырокім спектрам напрамкаў дзейнасці. Сярод іх цеснае супрацоўніцтва з аўтарамі вучэбнай літаратуры, падрыхтоўка кніг да выпуску, рэдакцыйна-выдавецкая, рэкламна-інфармацыйная дзей­насць, паліграфічныя паслугі, узаемадзеянне са спажыўцамі, развіццё міжнароднай дзейнасці інстытута, распрацоўка нарматыўнай прававой дакументацыі ў галіне вучэбнага кнігавыдання для сістэмы прафесійнай адукацыі. Гэта агульныя напрамкі функцыянавання цэнтра, за кожным з якіх замацаваны цэлы шэраг канкрэтных  функцый.

Як адзначыла начальнік цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Я.Сакалова, у мінулым годзе быў ажыццёўлены выпуск 70 найменняў вучэбных выданняў, з якіх 14 — для навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 39 — устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 17 выданняў падрыхтаваны для двух узроўняў адукацыі з улікам карэляцыі зместу вучэбных праграм. За кошт бюджэтных сродкаў выдадзена 69 вучэбных выданняў, за пазабюджэтныя сродкі РІПА — 1 выданне. З агульнай колькасці выданняў 9 кніг дапоўнены электроннымі рэсурсамі. Звыш плана за кошт пазабюджэтных сродкаў РІПА перавыдадзена яшчэ 11 кніг, якія прайшлі апрабацыю ў вучэбным працэсе і запатрабаваны ўстановамі адукацыі.

Арганізавана навукова-педагагічная экспертыза вучэбных выданняў для навучэнцаў, у выніку чаго атрымана 145 рэцэнзій. Сфарміраваны 71 аўтарскі калектыў.

Над выкананнем задач па выпуску вучэбнай літаратуры працуюць калектывы выкладчыкаў, метадыстаў, філолагаў, выдаўцоў, паліграфістаў. Аўтарамі вучэбнай літаратуры для прафесійнай адукацыі выступаюць педагогі УВА і каледжаў, большасць з якіх валодаюць высокім навукова-практычным і творчым патэнцыялам. Сярод аўтараў шмат тых, хто стварыў ужо не адзін вучэбны дапаможнік: выкладчыкі А.У.Дробаў (Гомельскі дзяржаўны ПТК электронікі);  В.А.Слесарчук і А.К.Хамітава (Баранавіцкі тэхналагічны каледж Белкаап­саюза); С.А.Скеп’ян (філіял РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”); С.І.Якубоўская (Мінскі дзяржаўны ПТК кулінарыі); А.І.Бабёр (Мінскі дзяржаўны каледж электронікі).

У некаторых установах творчая работа над новай вучэбнай літаратурай стала сістэмнай, і ў іх налічваецца тры і больш аўтараў. Сярод такіх устаноў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта; Гомельскі дзяржаўны ПТК электронікі; Мінскі дзяржаўны ПТК кулінарыі; філіялы РІПА — Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

Аб запатрабаванасці вучэбнай літаратуры сведчыць яе перавыданне, калі вучэбныя дапаможнікі прайшлі апрабацыю ў адукацыйным працэсе і выдадзены дадатковымі накладамі. Толькі за апошнія 2 гады было выдадзена больш за 30 такіх кніг, у тым ліку 15 зацвер­джаны ў якасці падручнікаў. Сярод іх выданні па будаўнічай вытворчасці М.П.Рыжэўскай, выкладчыка Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў.

— Заслугоўвае ўвагі і тое, што міжнародныя эксперты руху WorldSkills не застаюцца ў баку ад працэсу стварэння вучэбных выданняў, укараняючы ў адукацыйны працэс сучасныя тэхнікі і тэхналогіі, — падкрэсліла Алена Яўгенаўна Сакалова. — За апошні год выйшлі з друку вучэбна-метадычны дапаможнік А.Р.Хадасевіча “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”, дапаможнік Ю.А.Ганчарова і Г.Г.Дубровінай  “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”, вучэбны дапаможнік В.У.Мацікавай, Т.Н.Балашэнка, І.Л.Караткевіч “Калькуляцыя і ўлік”. Гэтыя выданні могуць выкарыстоўвацца як у працэсе навучання, так і пры падрыхтоўцы экспертаў (трэнераў) і канкурсантаў нацыянальнай і рэгіянальных каманд да конкурсаў прафесійнага майстэрства.

У сферу вучэбнага кнігавыдання актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі. Пры ўдзе­ле навучэнцаў Мінскага радыётэхнічнага кале­джа пад кіраўніцтвам начальніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РІПА Вольгі Міхайлаўны Бялоцкай выдадзены кнігі з элементамі дапоўненай рэальнасці. Па словах начальніка цэнтра, распрацаваныя дадаткі дазваляюць разглядаць графічныя аб’екты кнігі ў 3D-праекцыі, візуалізаваць тэхналагічныя працэсы. Гэта вучэбны дапаможнік К.У.Пятроўскай “Нямецкая мова для прафесійных зносін. Аўтасэр­віс” і І.А.Малевіч “Тэхналогія абліцоўкі вертыкальных паверхняў”.

Шырокае распаўсюджанне атрымалі тэхналогіі доступу да лічбавага кантэнту з дапамогай QR-кода. Навёўшы на гэты код аб’ектыў смартфона або планшэта, навучэнцы могуць азнаёміцца з дадатковымі матэрыяламі: фота-, відэа-, аўдыяфайламі, інтэрнэт-рэсурсамі, нарматыўнай і бланачнай дакументацыяй.

Асаблівай увагі заслугоўвае работа калектыву аўтараў Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя: выкладчыка Т.Ю.Кузьмянковай і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце С.А.Мароз. Пры падрыхтоўцы вучэбнага дапаможніка для навучэнцаў устаноў ПТА і ССА“Нямецкая мова для прафесійных зносін. Аўтасэрвіс. Практыкум” яны ілюстравалі яго элементамі дапоўненай рэальнасці дадатку HP-Reveal, стварылі інтэрактыўныя заданні і тэсты на аснове анлайн-сэрвісаў LearningApps і Quizlet.

— Усе гэтыя прыклады пацвяр­джаюць сучасную тэндэнцыю развіцця кніжнага рынку, — адзначыла А.Я.Сакалова. — Сёння ў свеце назіраюцца рост сегмента электронных кніг і развіццё электронна-бібліятэчных сістэм (ЭБС), што непасрэдна звязана з попытам спажыўцоў. У мэтах яго задавальнення, а таксама павышэння эфектыўнасці выкарыстання аб’ектаў ін­тэлектуальнай уласнасці, прасоўвання вучэбнай літаратуры на рынак краін СНД Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі актыўна супрацоўнічае з 6 электронна-бібліятэчнымі сістэмамі Расійскай Федэрацыі.

Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь прапануюць установам прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі анлайн-доступ да электронных версій вучэбных выданняў праз розныя міжнародныя інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы, у тым ліку расійскія ЭБС, якія маюць шырокі спектр выданняў і інтэрактыўных сэрвісаў для навуковай і вучэбнай дзейнасці з умовай абавязковага выканання аўтарскіх і сумежных правоў. У мэтах забеспячэння ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны доступам да ЭБС “Універсітэцкая бібліятэка анлайн” паміж РІПА і ААТ “Дырэкт-Медыя” заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. Прадметам дагавора з’яўляецца аказанне інфармацыйных паслуг установам прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў частцы прадастаўлення доступу да калекцыі кніг для сярэдняй прафесійнай адукацыі.

З улікам імклівага развіцця тэхналогій, вельмі актуальным напрамкам з’яўляецца павышэнне кампетэнтнасці педагагічных работнікаў для распрацоўкі вучэбных выданняў і кіруючых работнікаў для арганізацыі гэтай дзейнасці. Алена Яўгенаўна расказала, што факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі прапануе шэраг курсаў па гэтым кірунку, дзе разам з пытаннямі зместу і структуры падручніка разглядаюцца і праграмныя прадукты для яго сучаснага напаўнення.

У век лічбавых тэхналогій вельмі актуальным становіцца пытанне фарміравання і распаўсюджвання тыражу. Усё больш актыўна для прасоўвання вучэбных выданняў выкарыстоўваецца інтэрнэт, а менавіта сайт Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі ripo.unibel.by, сацыяльныя сеткі “УКантакце” і “Фэйсбук”, электронныя магазіны (Киоскер.by) і электронныя бібліятэчныя сістэмы (Універсітэцкая бібліятэка анлайн). Пры ўдзеле экспертаў Еўрапейскага праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, ідзе распрацоўка мадэлі электроннай бібліятэчнай сістэмы для прафесійнай адукацыі Рэспублікі Беларусь — платформы, якая дазволіць аб’яднаць усе неабходныя для адукацыйнага працэсу рэсурсы ад адукацыйных стандартаў і вучэбна-праграмнай дакументацыі да распрацовак педагогаў і электронных выданняў.

Ала КЛЮЙКО.