На старонках нашай газеты ў рубрыцы “Да Рэспубліканскага педагагічнага савета” было абмеркавана шмат важных і перспектыўных пытанняў. Хацелася б пагаварыць і пра бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі настаўніка, а менавіта пра работу раённых прадметных метадычных аб’яднанняў.
Калі на курсах павышэння кваліфікацыі прапаноўваюцца пэўныя тэмы лекцый і практычныя заняткі па папярэдне зацверджаным плане, то на пасяджэннях МА магчымы разгляд тых тэм і пытанняў, работа па якіх слаба арганізавана ў раёне ці на якія ёсць настаўніцкі попыт. На мой погляд, работа МА можа быць больш эфектыўнай, калі весці рэгулярны маніторынг запытаў настаўнікаў, адсочваць тэматыку работ настаўнікаў па самаадукацыі і збіраць педагогаў не дзеля ўдзелу (пасядзець, паслухаць, убачыць адкрыты ўрок), а для аказання дзейснай метадычнай дапамогі. Гэта могуць быць пасяджэнні для настаўнікаў, якія працуюць па адной тэме самаадукацыі (і нават не па адным, а па некалькіх прадметах адразу, бо дыдактыка для ўсіх аднолькавая), для настаўнікаў, якія доўгі час не праходзілі вучобу на курсах павышэння кваліфікацыі ў ІРА, па пытаннях, якія патрабуюць абавязковай карэкцыі і дапрацоўкі па выніках маніторынгу ці праверак, для настаўнікаў, якія працуюць у малакамплектных школах. Часта пасяджэнні МА суправаджаюцца наведваннем адкрытых урокаў. Думаю, час замяніць іх на ўрокі для дарослых — гэтая форма будзе больш эфектыўнай. Сёлета стартуе чарговы конкурс “Настаўнік года”, і ў кожным раёне ўжо ёсць кандыдаты на ўдзел у ім. Правядзенне ўрокаў для дарослых дапамагло б гэтым настаўнікам атрымаць вопыт работы ў незнаёмай аўдыторыі і работы з дарослымі. Акрамя таго, мае сэнс пераходзіць ад актыўных метадаў работы да інтэрактыўных. Семінары і круглыя сталы, у якіх часцей за ўсё ўдзельнічае толькі некалькі чалавек, а астатнія застаюцца пасіўнымі слухачамі, не забяспечваюць заахвочванне ўсіх удзельнікаў МА да актыўнай работы і абмеркавання. Можа, тэмы настаўнікам нецікавыя, ці кіраўнікі МА не валодаюць методыкай выкарыстання актыўных форм, але пасяджэнні не маюць той эфектыўнасці, якой хацелася б.
Я кіраўнік раённага МА ўжо больш за 15 гадоў. У сваёй рабоце пры правядзенні МА выкарыстоўваю майстар-класы, інтэрактыўныя гульні. Спадзяюся, у перспектыве будуць і ўрокі для дарослых, хаця цяжка метадычным кабінетам адмовіцца ад старой практыкі і планаваць новыя формы работы. Думаю, варта ўключаць у пасяджэнні раённых МА выступленні настаўнікаў па абагульненні вопыту. Вы скажаце, што такая практыка існуе. Так, але не ў тым парадку. Спачатку настаўнік пацвярджае ці здае на катэгорыю, а потым прадстаўляе свой вопыт у раёне (ведаю не па чутках, бо я член атэстацыйнай камісіі на кваліфікацыйным экзамене). А калі б наадварот, настаўніку было б лягчэй прадстаўляць свой вопыт перад экзаменацыйнай камісіяй, ды і правалаў не было б, а здараюцца. І зноў жа будучы конкурс “Настаўнік года”, дзе настаўніку неабходна будзе прадставіць свой вопыт. А гэта сапраўды не проста для нас, настаўнікаў. Разабрацца ў тым, што лепшае ў тваім педагагічным вопыце, што адрознівае яго ад вопыту калег і чым ён больш эфектыўны. Ды яшчэ і напісаць усё гэта. Самой, калі ў 2011 годзе ўдзельнічала, прайшоўшы ўсе этапы конкурсу, давялося 17 разоў пісаць і перапісваць свой вопыт так, каб ён стаў зразумелым і цікавым іншым.
Акрамя таго, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў бесперапынна працягваецца і ў школе на педагагічных саветах, на пасяджэннях МА. У нашай школе большасць педсаветаў праходзіць у інтэрактыўнай форме. Вельмі цікава іх праводзяць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце І.М.Лукашэвіч і намеснік па выхаваўчай рабоце А.І.Тарэндзь. Таксама ўжо год у нашай школе працуе пастаянна дзеючы семінар для настаўнікаў раёна. Кожны семінар праводзіцца па пэўнай тэме на працягу 4 гадзін. Тэматыка і кароткі змест семінара паведамляюцца на сайце школы загадзя, рассылаюцца запрашэнні па школах. Спадзяюся, што і сёлета на гэтых семінарах будзе шмат жадаючых.
І яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўваецца ў настаўніцкім асяроддзі, — гэта новы школьны курс “Мастацтва” ў 5 і 6 класах. У мінулым навучальным годзе гэта быў новы курс, ён вёўся з безадзнакавым навучаннем. Ужо ёсць у школе добрая практыка выкладання прадметаў на першай ступені адукацыі з безадзнакавым навучаннем. У пачатковых класах, дзе навучэнцы толькі атрымліваюць вопыт рэфлексіўнай дзейнасці, развіваецца самарэгуляцыя дзіцяці — як сфера асобы, там усё зразумела. А 5—6 класы? Як забяспечыць на ўроку кантрольна-ацэначную дзейнасць? Дзе мяжа паміж “залічана” і “незалічана”? Гэтыя пытанні выклікаюць шмат спрэчак у настаўнікаў, каму летась давялося выкладаць вучэбны прадмет “Мастацтва”. Але, думаю, усе спрэчныя пытанні пад сілу вырашыць нашаму настаўніцкаму корпусу. Мы адпачылі за лета, нарадзілася шмат ідэй і планаў, і мы з радасцю гатовы сустракаць дзяцей у чыстых, прыгожых школьных класах. Усім калегам удачы ў новым навучальным годзе!
Алена ГАРБАР,
настаўніца біялогіі і хіміі Лугаваслабадской
сярэдняй школы Мінскага раёна, член клуба
“Крыштальны журавель”.