Ад арфаграфічнай пільнасці — да арфаграфічнага навыку

Выпрацоўка навыкаў арфаграфічнай пісьменнасці — адна з самых цяжкіх задач, якія даводзіцца вырашаць настаўніку-філолагу. Пісьменнасць — важны складнік моўнай культуры чалавека. Пошук эфектыўных спосабаў навучання арфаграфіі малодшых школьнікаў з’яўляецца адной з актуальных праблем методыкі выкладання рускай мовы, бо менавіта ў пачатковых класах закладваюцца асновы арфаграфічна правільнага пісьма.

— Работу па фарміраванні ў вучняў арфаграфічнай пільнасці на ўроках рускай мовы ўмоўна падзяляю на 3 этапы, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Алена Міхайлаўна Кісель з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч. — Першы (падрыхтоўчы) этап самы цяжкі, бо звязаны з навучаннем першакласнікаў. Дзеці прыходзяць у школу з розным узроўнем падрыхтоўкі, таму выкарыстоўваю ў рабоце з імі дыферэнцыраваны падыход. З першых урокаў вучу дзяцей слухаць гукі, вызначаць іх колькасць у складах, а затым — у словах. Пачынаю развіваць арфаграфічную пільнасць у вучняў падчас аналітыка-сінтэтычнай работы над складам і словам, калі фарміруецца фанематычны слых і ўменне замяняць фанемы адпаведнымі літарамі. Рэгулярны гукавы аналіз — неабходная ўмова для развіцця арфаграфічнай пільнасці. Пры гэтым аналізе нельга прыспешваць вучняў. На дапамогу прыходзяць гульнявыя прыёмы “Хто больш прыдумае слоў”, “Ланцужок слоў” і “Скразныя гукі”.

Найбольш распаўсюджаным відам практыкаванняў для развіцця арфаграфічнай пільнасці ў 1 класе з’яўляецца пісьмо з прагаворваннем па складах. Вучні вымаўляюць слова па складах, запісваюць першую літару складу, затым прагаворваюць галосны і запісваюць: “За — пішу з з літарай а. Спачатку настаўніца паказвае ўзор прагаворвання: чытае 1—2 словы па складах, пасля чаго дзеці дыктуюць хорам па гэтым узоры. Пасля харавога прагаворвання заўсёды знаходзяцца вучні, якія хочуць прагаварыць гукі самастойна.

— Чаргаванне розных відаў прагаворвання разнастайвае ўрок, папярэджвае сум і стамляльнасць, — адзначае А.М.Кісель. — Вучу дзяцей беспамылкова і хутка вызначаць у словах націск, правільна абазначаць на пісьме націскны гук адпаведнай яму літарай. Карыстаюся прыёмам, які патрабуе падставіць слова “гэта” для вызначэння націску: гэта школа, гэта кніга. Для замацавання ўмення знаходзіць націск падбіраю такія словы, дзе кожны наступны набор слоў на адзін гук большы за папярэдні: рыба, груша, запалкі, цудоўны і г.д. Падчас гэтай работы дзеці не толькі ставяць націскі, але і вучацца вылучаць гукі.

Педагог вучыць школьнікаў адрозніваць галосныя націскныя і ненаціскныя. Галоўнае, каб дзеці разумелі, што пад націскам нічога не мяняецца. У рабоце з імі А.М.Кісель выкарыстоўвае паняцце “небяспечнае месца”. Вучні павінны не толькі бачыць такія месцы ў словах, але і ўсведамляць іх. Даволі эфектыўным з’яўляецца прыём “Спытай у мяне”.

— Уключаю ў пісьмовыя практыкаванні не толькі такія словы, як “дом”, “сліва” і “лялька” (фанетыка-граматычныя напісанні, заснаваныя на прамых суадносінах паміж гукамі і літарамі), але і словы “пенал”, “снег”, “вожык”, дзе назіраецца розніца паміж вымаўленнем і напісаннем, — гаворыць А.М.Кісель. — Раблю гэта для таго, каб дзеці не думалі, што навучыцца пісаць лёгка, маўляў, як чуеш, так і пішаш. Звяртаюся да гульняў-заданняў “Знайдзі небяспечнае месца” і “Святлафор”, а таксама да практыкаванняў, якія развіваюць арфаграфічную пільнасць. Добра дапамагае графічнае абазначэнне арфаграм. Гэта вельмі важна, паколькі вучні, знайшоўшы небяспечнае месца, падкрэсліваюць арфаграму і паказваюць умовы выбару правільнага напісання (каса — косы). Дзеці пастаянна трэніруюцца ў пошуку і тлумачэнні арфаграм. Эфектыўным сродкам пры выкананні практыкаванняў з’яўляюцца сігнальныя карткі, якія далучаюць да актыўнай работы ўсіх вучняў і дапамагаюць ажыццяўляць індывідуальны падыход да іх. Пры выкарыстанні перфакарт дзеці запісваюць не ўсё слова, а толькі арфаграмы.

Другі этап уключае работу з арфаграфічнымі правіламі. Гэта важна, бо даволі часта вучні ведаюць правілы, але ўсё роўна дапускаюць памылкі пры пісьме. У гэтым выпадку настаўніку трэба навучыць дзяцей бачыць і пазнаваць арфаграмы, а такі навык фарміруецца толькі пасля шматразовых дзеянняў. “Уменне знаходзіць арфаграмы (арфаграфічная пільнасць) — базавае арфаграфічнае ўменне і ўмова правільнага пісьма, — заўважае А.М.Кісель. — Няўменне вылучаць арфаграмы пры пісьме — адна з галоўных прычын, якія тармозяць развіццё арфаграфічных навыкаў. Таму з першых дзён знаходжання дзяцей у школе вучу іх усведамляць наяўнасць арфаграм у словах”.

Каб аблегчыць вучням прымяненне правіл пры пісьме, настаўніца прапаноўвае выкарыстоўваць алгарытм. Так, алгарытм рашэння арфаграфічнай задачы (тлумачэння ненаціскнога галоснага) прадугледжвае высветліць значэнне слова, паставіць у ім націск і выдзеліць ненаціскны галосны, разабраць слова па марфалагічным саставе і выдзеліць корань, падабраць больш аднакарэнных слоў і паставіць націскі, выбраць з гэтых слоў праверачныя, дзе правяраемы галосны стаіць пад націскам, і растлумачыць напісанне ненаціскнога галоснага.

— Для засваення і замацавання ведаў выкарыстоўваю найбольш эфектыўныя метады і прыёмы, — расказвае А.М.Кісель. — Так, пісьмо па памяці праводжу для замацавання правапісу слоў з рознымі арфаграмамі, запаўненне якіх грунтуецца на зрокавым успрыманні. Такі від дыктоўкі развівае арфаграфічную пільнасць і ўменне бачыць небяспечныя месцы. Каменціраванае пісьмо, заснаванае на прагаворванні слоў па складах, дазваляе сістэматычна паўтараць пройдзены матэрыял, выяўляць веды вучняў і правяраць іх арфаграфічныя навыкі. Пісьмо пад дыктоўку з папярэдняй падрыхтоўкай развівае зрокавую памяць, маўленне, мысленне, уяўленне, фанематычны слых, увагу і цікавасць. Спачатку дыктую словы так, як яны пішуцца, а потым для развіцця ўвагі і фанематычнага слыху праводжу гульню “Рэха”. Даволі эфектыўным сродкам павышэння арфаграфічнай пільнасці і папярэджання памылак з’яўляецца зрокавая дыктоўка “Зоркае вока дапамагае чуйнаму вуху”.

Падчас хвілінак чыстапісання і арфаграфічных размінак настаўніца выкарыстоўвае гульнявыя прыёмы, дабіваючыся ад вучняў правільнай назвы арфаграмы і яе доказу па алгарытме. Падчас праверкі дамашняга задання, тлумачэння новага матэрыялу, замацавання і паўтарэння арфаграмы А.М.Кісель звяртаецца да рознаўзроўневых заданняў. Так, вучням раздаюцца карткі, кожная з якіх змяшчае розны матэрыял, аб’яднаны адной арфаграмай. Дзеці працуюць у парах ці самастойна ў залежнасці ад мэты ўрока: замацаванне арфаграмы ці адпрацоўка яе. Работа з карткамі дазваляе ўбачыць, як вучні засвоілі арфаграмы. Акрамя таго, гэта дысцыплінуе дзяцей і эканоміць час.

— На апошнім этапе вучу школьнікаў самакантролю, — гаворыць А.М.Кісель. — У 3—4 класах праводжу дыктоўку “Правер сябе”, падчас якой дзеці не толькі знаходзяць арфаграмы, але і вызначаюць уласныя цяжкасці. Школьнікі вучацца пытацца, пазбаўляюцца сумненняў, перастаюць баяцца пісьма. Вопыт паказвае, што арфаграфічная пільнасць развіваецца дзякуючы ўменням знаходзіць арфаграму інтуітыўна ці ў выніку мэтанакіраванай работы над практыкаваннямі. Напісанне арфаграм трэба замацоўваць шляхам доўгіх практыкаванняў для фарміравання трывалага навыку. Для гэтага добра падыходзяць творчыя работы — самы цяжкі від пісьма, які патрабуе павышанай увагі да складання сказаў, іх запісу і логікі выкладання. Самыя лёгкія творчыя работы — гэта складанне сказаў па апорных словах.

Сістэма практыкаванняў для замацавання навыкаў правільнага пісьма ўключае ўсе віды дыктовак (папераджальныя, тлумачальныя, зрокавыя, слыхавыя і выбарачныя), якія развіваюць зрокавую памяць і фарміруюць навыкі самакантролю. Вельмі часта настаўніца выкарыстоўвае на ўроках займальныя практыкаванні і гульні, рэбусы і крыжаванкі, якія ўтрымліваюць арфаграфічныя задачы.
— Шматгадовая практыка работы паказвае, што чым больш вучні чытаюць, тым правільней яны пішуць, — адзначае А.М.Кісель. — Чытанне і пісьмо як віды маўлення цесна ўзаемазвязаны, таму актыўна практыкую інтэграваныя ўрокі. Пры выпрацоўцы навыкаў правільнага пісьма вялікую ролю адводжу самастойнай рабоце над памылкамі. Праўда, пры арганізацыі такой работы давялося сутыкнуцца з шэрагам цяжкасцей. Першая з іх — разнароднасць памылак, наяўнасць якіх сведчыць пра тое, што для выпрацоўкі навыкаў правільнага пісьма некаторым вучням патрабуецца розны час, паколькі іх здольнасці розныя. Разнароднасць памылак патрабуе і розных спосабаў іх выпраўлення. Другая цяжкасць — розны тэмп вучняў. Адны дзеці выконваюць заданні хутчэй і вымушаны чакаць іншых. А паспешлівасць прыводзіць да неахайнасці, дрэнных адзнак і нежадання выконваць падобную работу ў далейшым.

Прыёмы самастойнай работы над памылкамі даволі разнастайныя і залежаць ад тыпу правіл і ўмення вучняў працаваць самастойна: самастойнае выпраўленне памылак, адзначаных настаўнікам на палях; самастойнае тлумачэнне памылак; падбор праверачных слоў; выбар слоў са слоўніка; вучнёўская ўзаемаправерка слоў; падбор слоў з пэўнай арфаграмай; выпісванне слоў і словазлучэнняў з пэўнымі арфаграмамі з тэксту дыктоўкі і складанне з імі сказаў. З дапамогай работы над памылкамі актывізуецца мысліцельная дзейнасць школьнікаў, фарміруецца ўменне ўсвядомлена прымяняць вывучаныя правілы. Для аблягчэння работы над памылкамі настаўніца рыхтуе для дзяцей памяткі.

— Вучні 2—4 класаў вядуць звычайныя сшыткі і выконваюць работу дома пад кіраўніцтвам бацькоў, якія дыктуюць ім невялікія тэксты (2—3 сказы), словы на арфаграмы, дзе дапускаецца найбольшая колькасць памылак, і слоўнікавыя словы, — гаворыць А.М.Кісель. — Затым дзеці самі ці з дапамогай дарослых выпраўляюць дапушчаныя памылкі. Кантроль за гэтай работай, якая з’яўляецца даволі эфектыўным прыёмам у фарміраванні арфаграфічнай пільнасці, ажыццяўляецца на стымулюючых і падтрымліваючых занятках. Пры сістэматычных практыкаваннях арфаграфічная пільнасць аўтаматызуецца і становіцца кампанентам арфаграфічнага навыку. Яго выпрацоўка — даволі працяглы працэс, які ўключае сістэматычную работу не толькі ў пачатковых класах, але і ў сярэдніх і старшых.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.