Ад асаблівага лёсу да звычайнага жыцця

Штодзённае жыццё, мітуслівае і клапатлівае, часцей за ўсё здаецца нам такім звычайным, такім аднолькавым для ўсіх. Хаця гэта зусім не так, бо побач з намі нямала людзей, чыё жыццё складваецца не па звычайным сцэнарыі, што звязана, напрыклад, з хваробай, з выхаваннем у дзіцячым доме і г.д. І жывуць гэтыя асаблівыя людзі не дзесьці ў паралельным сусвеце, а сярод нас: у суседняй кватэры, на суседняй вуліцы, у суседнім горадзе. Звычайнае жыццё часта менавіта тое, пра што яны мараць.

Выхад у свет

Так, наўрад ці можна назваць звычайным лёс чалавека, які з-за дыягназу праводзіць частку або нават усё жыццё ў доме-інтэрнаце для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Між тым у краіне 10 падобных устаноў толькі для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. Быў час, калі панавала меркаванне, што вучыць іх бессэнсоўна, узнік нават такі тэрмін “ненавучаемае дзіця”. Значыць і пра сацыялізацыю гэтых людзей гаварыць цяжка. Але сітуацыя мяняецца, шмат у чым дзякуючы Кодэксу аб адукацыі, які сцвярджае магчымасць навучання для ўсіх, дзейнасці дзяржаўных органаў і недзяржаўных арганізацый.

Адна з іх — дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў”, якое працуе ў Беларусі ўжо сямнаццаты год. На нядаўнім семінары, арганізаваным Міністэрствам адукацыі, давялося пачуць аповед аднаго з членаў гэтага аб’яднання менеджара праекта “Шанс для кожнага” Вольгі Генадзьеўны Даманікевіч пра паспяховы вопыт сацыялізацыі часткі выхаванцаў Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што на Віцебшчыне. Гэты праект — добры прыклад таго, якіх значных вынікаў можа дабіцца грамадская ініцыятыва ў сацыяльным партнёрстве з дзяржаўнымі ўстановамі (а дамы-інтэрнаты падпарадкаваны Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, пры гэтым у іх працуе шмат спецыялістаў з педагагічнай адукацыяй). У любым выпадку сацыялізацыя людзей з асаблівасцямі — справа агульная, без пастаяннага супрацоўніцтва тут не абысціся.

— З 2000 года ў аб’яднанні вызначыліся дзве мэтавыя групы, з якімі мы працуем, — расказала В.Г.Даманікевіч. — З аднаго боку, яны даволі вузкія, з другога — пэўная абмежаванасць дазваляе нам не распыляцца, дзейнічаць мэтанакіравана. Першая з гэтых груп і ёсць дзеці і маладыя людзі з інваліднасцю з дамоў-інтэрнатаў. Зараз у такіх установах чалавек можа знаходзіцца да дасягнення 31 года, і гэта вельмі добра, бо ў дзіцячых інтэрнатах, я лічу, сітуацыя для развіцця маладых людзей значна лепшая, чым у дамах-інтэрнатах для дарослых. Дзіцячыя ж інтэрнаты, па сутнасці, знаходзяцца на стыку інтарэсаў трох ведамстваў, бо ў іх выхоўваюцца дзеці, якім неабходны сацыяльная абарона і сацыяльныя паслугі, медыцынская дапамога, адукацыя з улікам іх індывідуальных магчымасцей, канечне.

Пілотны праект па сацыялізацыі маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дабрачыннае аб’яднанне вырашыла распачаць у Багушэўскім доме-інтэрнаце па вельмі простай прычыне — тут ёсць два будынкі, якія ­стаяць асобна ад асноўнага збудавання, а значыць, выхаванцы, якія рыхтуюцца жыць самастойна, могуць пераходзіць да гэтай самастойнасці цалкам натуральна: з аднаго боку, іх выхавальнікі побач, з другога — забяспечваецца неабходная адасобленасць, а значыць, большая самастойнасць маладых людзей. З імі пры гэтым падчас пілотнага праекта пастаянна працавалі інструктары па працатэрапіі. Зараз з новымі выхаванцамі працуюць загадчык аддзялення самастойнага пражывання Ірына Уладзіміраўна Міронава і псіхолаг Таццяна Уладзіміраўна Солапава, інструктары.

Канечне, стаць удзельнікам праекта здольны не кожны жыхар інтэрната, усё залежыць ад яго стану. Спачатку дабрачынцы працавалі з выхавальнікамі дома-інтэрната, навучаючы іх сучасным методыкам, арганізавалі іх выезд на навучанне за мяжу і прыезд польскіх і шведскіх спецыялістаў да нас. Потым выхавальнікі займаліся са сваімі падапечнымі, а затым 12 дзяўчат і хлопцаў перайшлі жыць у домікі. Самі ха­дзілі па пакупкі, гатавалі ежу, вялі падсобную гаспадарку, нават даглядалі карову і г.д., паўтаралі і асновы ліку, пісьма, бо сярод гэтых выхаванцаў былі і людзі ва ўзросце добра за 20, якія многае з таго, што вучылі раней, паспелі забыць. У выніку 8 выхаванцам удалося вярнуць грамадзянскую дзея­здольнасць, а адзін хлопец і не паспеў яе страціць, бо падчас праекта яму не было 18 гадоў.

Вопыт для ўсіх

Пазней вопыт Багушэўскага інтэрната быў распаўсю­джаны на ўсе іншыя аналагічныя ўстановы краіны. У Васілішкаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (Гродзенская вобласць) таксама ўдалося вярнуць дзвюм дзяўчынам грамадзянскую дзеяздольнасць, а гэта зусім няпроста: і некалькі псіхіятрычных экспертыз, і судовыя пасяджэнні. У Васілішках, а яшчэ ў Чэрвеньскім (Міншчына) і Гарадзішчанскім (Гродзеншчына) дамах-інтэрнатах у рамках праекта адкрыты аддзяленні пражывання з суправаджэннем. Цалкам самастойна адкрылі такія аддзяленні супрацоўнікі дамоў-інтэрнатаў у Гомелі і Рэчыцы (Гомельская вобласць).

Падобныя дасягненні калі і не першыя ў Беларусі, усё ж, безумоўна, досыць рэдкія: лю­дзі з адноўленай грамадзянскай дзеяздольнасцю, якія без гэтага аднаўлення хутчэй за ўсё ніколі не выйшлі б за сцены дома-інтэрната, жывуць самастойна. Напрыклад, адзін з такіх маладых людзей жыве і працуе ў аграсядзібе пад Мінскам, другі у інтэрнаце даглядае каня, некалькі працуюць на аршанскім прадпрыемстве “Ніць”, жы­вуць у інтэрнаце гэтага УП. Хтосьці стаў грузчыкам, ажаніўся, адна з дзяўчат вучыцца, набывае спецыяльнасць. Маладых людзей пры гэтым не пакінулі сам-насам з вялікім светам, іх у пэўнай ступені апякаюць і валанцёры, і сацыяльныя работнікі.

Дарэчы, навучанне і набыццё прафесіі людзь­мі з не самымі простымі асаблівасцямі развіцця — гэта наступны напрамак, па якім збіраецца працаваць аб’яднанне “Свет без межаў”. Пэўная колькасць выпускнікоў такіх дамоў-інтэрнатаў вучыцца, напрыклад, у Гродзенскім прафесійна-тэхнічным каледжы бытавога абслугоўвання, але існуе праблема з тымі дарослымі ўжо людзьмі, якія не маюць дакументаў аб заканчэнні хаця б дапаможнай школы. Значыць, і прафесію яны набыць не могуць. Рэалізацыя планаў па іх прафесійным навучанні пачнецца ў наступным годзе, і, канечне, дабрачынцы не ўяўляюць такую работу без падтрымкі і супрацоўніцтва з боку сістэмы адукацыі.

— Дзяржава ўтрымлівае людзей з асаблівасцямі развіцця ўсё іх жыццё. А між тым сярод іх ёсць тыя, хто можа і жадае працаваць, і важна, каб людзі маглі рэалізаваць сваё жаданне. Канечне, за імі застанецца пенсія па інваліднасці, хаця дапускаю, што ў адзінкавых выпадках хтосьці зможа атрымаць менш складаную групу інваліднасці, так званую рабочую,— растлумачыла Вольга Генадзьеўна Дамінікевіч. — Галоўнае, у чым іх трэба падтрымаць, — гэта навучанне, забеспячэнне жыллём, прычым і на той перыяд, калі яны пакідаюць інтэрнат і чакаюць пераезду ў замацаванае за імі жыллё, і са­цыяльнае суправаджэнне.

Без рэцыдываў

Другі напрамак дзейнасці аб’яднання “Свет без межаў” — работа з падлеткамі, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, а дакладней, з выхаванцамі трох спецыяльных вучылішчаў закрытага тыпу ў Петрыкаве (Гомельская вобласць), Магілёве і Крывічах (Мінская вобласць) і адной закрытай школы ў Магілёве. У школе выхоўваюць дзяцей ад 11 да 15 гадоў, у вучылі­шчах — падлеткаў да 18 гадоў. Усе гэтыя навучальныя ўстановы падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі, а трапляюць у іх па рашэнні суда тыя, хто неаднаразова здзяйсняў адміністратыўныя правапарушэнні, або тыя, хто здзейсніў злачынства, але яшчэ не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасці.

Зразумела, што дабрачыннае грамадскае аб’яднанне ў гэтым выпадку цесна супрацоўнічае з сістэмай адукацыі. Галоўнае, канечне, — не дапусціць рэцыдываў правапарушэнняў, вярнуць падлеткаў да таго самага звычайнага жыцця, зацікавіць іх такой перспектывай. Падчас майго наведвання аб’яднання я, напрыклад, пазнаёмілася з хлопцам, які раней быў выхаванцам спецыяльнай навучальнай установы, а цяпер працуе валанцёрам.

Заваяваць аўтарытэт у адміністрацыі спецыяльных навучальных устаноў грамадскаму аб’яднанню было няпроста, але гэта атрымалася, і на працягу вось ужо амаль трох гадоў яго супрацоўнікі і валанцёры рэалізоўваюць у гэтых установах свой праект, заснаваны на разуменні таго, што выхаванцы спецшколы і вучылішчаў накіраваны туды не для пакарання, а для выхавання і развіцця.

Важна, як лічаць у аб’яднанні “Свет без межаў”, не дапусціць таго, каб дзеці падчас знаходжання ў спецустанове страцілі сацыяльныя сувязі, а небяспека такая існуе, хлопцы і дзяўчаты, бывае, губляюць нават сувязь з бацькамі. Ды і сацыяльна нядобранадзейныя маці з татамі за гэты час нярэдка дэградуюць — п’юць, не працуюць, не імкнуцца да зносін з дзіцем. Ёсць, канечне, і іншыя праблемы, скажам, падлеткі набываюць спецыфічныя сацыяльна-бытавыя навыкі ў закрытых установах, могуць трапіць пад уздзеянне крымінальнай “рамантыкі”.

Што робяць супрацоўнікі “Свету без межаў”? Ну, скажам, праводзяць анкетаванне хлопцаў і дзяўчат у спецустановах аб тым, ці патрэбны ім так званыя кантактныя сябры. Высвятляецца, што многім патрэбны — у апошнія два гады кантакт­ныя асобы дапамагаюць 126 выхаванцам закрытых навучальных устаноў.

Акрамя таго, аб’яднанне набыло і ўстанавіла абсталяванне для анлайн-зносін у фармаце “бацькі — СПЦ — закрытыя ўстановы”. Гэта дае магчымасць індывідуальных анлайн-спатканняў бацькоў з дзецьмі, падрыхтоўкі анлайн-зваротаў хлопчыкаў і дзяўчынак да бацькоў, правядзення анлайн-сходаў “бацькі — дзеці — спецыялісты”, анлайн-кансультацый і г.д. Пілотны праект па анлайн-зносінах рэалізаваны ў шасці сацыяльна-педагагічных цэнтрах у Бярозе, Баранавічах, Бабруйску, Салігорску, Магілёве і СПЦ Фрунзенскага раёна Мінска. А яшчэ ў выхаванцаў з’явілася магчымасць выяз­джаць у спецыялізаваныя летнія лагеры, а таксама рэалізоў­ваць свае творчыя магчымасці з дапамогай вядомых беларускіх артыстаў. У выніку надзвычай паспяхова прайшоў канцэрт у сталічным Доме культуры чыгуначнікаў, выпушчаны музычныя дыскі, у тым ліку дуэтаў выхаванцаў спецустаноў з зоркамі беларускай эстрады.

— Мы працуем не толькі з дзецьмі, але і з супрацоўнікамі навучальных устаноў і сацыяльна-педагагічных цэнтраў, — расказала Аксана Анатольеўна Чарныш, вядучы спецыяліст праекта “Падлеткі ў канфлікце з законам: дапамога і развіццё”, — арганізоўваем для іх семінары па новых методыках работы з падлеткамі, як з тымі, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку, так і з тымі, хто вярнуўся з закрытых навучальных устаноў. А мэта ўсёй нашай работы — рэсацыялізацыя падлеткаў, дасягненне таго, каб і яны самі, і навакольныя людзі не ўспрымалі іх як злачынцаў, якія ўжо ніколі не вернуцца да нармальнага жыцця. Канчатковыя вынікі трохгадовай работы па праекце мы толькі пачынаем падводзіць, але ўжо бачым, што яны станоўчыя. Напрыклад, калі мы выбіралі для праекта СПЦ у Бярозе, што ў Брэсцкай вобласці, там была адна з самых складаных сітуацый па дзецях, накіраваных у спецустановы, а зараз такіх наогул няма.

***

Цікава, што выхаванцы навучальных устаноў закрытага тыпу і дамоў-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — падапечныя аб’яднання “Свет без межаў” — сустракаюцца, кантактуюць, напрыклад, падчас навагодняй акцыі “Нашы дзеці”. А чаму б не? Звычайнае жыццё прадугледжвае сустрэчы, паходы ў госці, знаёмствы, гутаркі. На тое яно і звычайнае, але не сумнае і не аднастайнае. І шанс пражыць такое жыццё ёсць у кожнага, пры адпаведнай падтрымцы, канечне.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *