Ад дапрофільнай падрыхтоўкі — да ўсвядомленага выбару прафесіі

На базе ліцэя № 2 Мінска прайшла раённая педагагічная канферэнцыя “Профільнае навучанне: вопыт, праблемы, перспектывы”. У яе рабоце прынялі ўдзел начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Наталля Кучынская, метадыст упраўлення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ганна Раўгень, намеснікі дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікі-прадметнікі, педагогі-псіхолагі.

У межах мерапрыемства працавала выстава вопыту работы ўстаноў адукацыі раёна па дапрофільнай і профільнай дзейнасці. Адкрытыя ўрокі ў ліцэі правялі настаўнік гісторыі і грамадазнаў­ства Фёдар Радзівонаў, настаўнік хіміі Дзмітрый Коўзун і настаўнік матэматыкі Павел Маркелаў.

Па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Наталлі Кучынскай, якая адкрыла работу канферэнцыі, мэта мерапрыемства — стварэнне ўмоў для павышэння навукова-тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі педагогаў у пытаннях арганізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі, а таксама матываванне настаўнікаў-прадметнікаў да ўзбагачэння свайго метадычнага арсенала. “Профільнае навучанне прызвана зняць праблему прафесійнага самавызначэння навучэнцаў за кошт дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, найбольш поўна ўлічваць іх інтарэсы, схільнасці і здольнасці, фарміраваць умовы для навучання ў адпаведнасці з намерамі і прафесійнымі інтарэсамі”, — адзначыла Наталля Генадзьеўна.

На пленарным пасяджэнні педагогі з устаноў адукацыі Ленін­скага раёна прадставілі свае напрацоўкі па арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання: арганізацыі праектнай дзейнасці, асаблівасцях выкладання вучэбных прадметаў у профільных класах, выкарыстанні інфармацыйна-каму­нікацыйных тэхналогій, псіхолага-пе­­да­гагічным суправа­джэнні, пра­ф­­арыен­та­цый­най рабоце з наву­чэн­цамі, дзейнасці педагагічных кла­саў.

Развіваючы слоўна-лагічную дзейнасць

Уменне валодаць словам, пісь­мен­на выказваць свае думкі і ўпэўнена трымацца на публіцы — сёння гэтыя навыкі з’яўляюцца аднымі з самых каштоўных. Выбіраючы такія прафесіі, як журналіст, педагог, перакладчык, PR-спецыяліст, HR-менеджар, капірайтар і многія іншыя, навучэнцы выбіраюць навучанне рускай мове на павышаным узроўні. Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 17 Святлана Пастанкевіч расказала аб асаблівасцях выкладання рускай мовы ў профільных класах.

— Як паказваюць даследаванні псіхолагаў, у большасці навучэнцаў, якія выбіраюць вывучэнне рускай мовы як профільнага прадмета, пераважае мастацкі тып успрымання (эмацыянальнае ўспрыманне). Гэта азначае, што для такіх навучэнцаў характэрна наглядна-вобразнае мысленне (від мыслення, які характарызуецца апорай на ўяўленні і вобразы). Аднак пры выкананні вучэбных заданняў па рускай мове, дзе трэба ўмець лагічна думаць, а не спадзявацца на свае пачуцці і эмоцыі, такія вучні часта адчуваюць цяжкасці. Таксама лагічныя заданні, прапанаваныя ў ходзе ўрока, могуць наогул не выклікаць асаблівай цікавасці ў гэтых навучэнцаў з прычыны іх “звычкі” ўспрымаць вучэбны матэрыял толькі праз вобразы і яркія ўражанні. Такім чынам, пры арганізацыі заняткаў неабходна не толькі ўліч­ваць псіхалагічныя асаблівасці навучэнцаў, але і забяспечваць развіццё іх слоўна-лагічнага мыслення, — лі­чыць Святлана Аляксандраўна.

На ўроках настаўніца выкарыстоўвае шэраг метадычных прыёмаў, якія накіраваны на развіццё мысліцельнай дзейнасці навучэнцаў. Напрыклад, прыёмы “Знайдзі адрозненне ў схеме”, “Параўнай тэкст”, гульня “Лішняя прыкмета (паняцце, слова)” накіраваны на развіццё назіральнасці, умення знаходзіць падабенства і адрозненні; запаўненне табліцы ВУХ, прыёмы “Плюс — мінус — цікава”, “Двайны дзённік”, “Веру — не веру” — на развіццё здольнасці вылучаць асобныя часткі прадмета, прыкметы, уласцівасці. Выпрацоўваць уменне аб’ядноўваць прадметы і з’явы ў групы па агульных істотных прыкметах на аснове абстрагавання дазваляюць прыёмы “Разбяры па парах”, “Запішы ў слупок”, кластары, схемы, а развіваць здольнасці мысленна перайсці ад агульнага да адзінкавага даю ць магчымасць крыжаванкі, гульня “Прывядзі прыклад”. Пры гэтым у старшакласнікаў замацоўваюцца агульныя веды па прадмеце.

Варта адзначыць, што многія заданні ЦТ па рускай мове фактычна ідэнтычныя некаторым названым прыёмам. Так, практыкаванне “Збяры тэкст” адпавядае аднаму з заданняў ЦТ, у якім абітурыентам прапаноўваецца “аднавіць” тэкст. Таксама і практыкаванне “Веру — не веру” ідэнтычнае заданню, дзе трэба пагадзіцца ці не пагадзіцца з прапанаванымі сцвярджэннямі.

Па меркаванні настаўніцы, пры пабудове ўрокаў рускай мовы ў гуманітарным класе нельга цалкам ігнараваць прыёмы навучання, якія знойдуць водгук менавіта ў навучэнцаў з мастацкім відам мыслення. Таму на занятках паміж самімі навучэнцамі і навучэнцамі і педагогам назіраецца высокі ўзровень узаемадзеяння. Круглы стол, дыскусія, дэбаты — групавыя віды работы, якія маюць на ўвазе калектыўнае абмеркаванне праблемы, прапаноў, ідэй, меркаванняў і сумесны пошук рашэння (інтэрактыўнае навучанне). Так, на адным з урокаў рускай мовы ў 10 класе навучэнцам было прапанавана выбраць сваю пазіцыю па пытанні, якое сёння ўзнімаюць сучасныя расійскія лінг­вісты  “З’яўляецца дзеепрыметнік самастойнай часцінай мовы ці не?”. У рэжыме анлайн кожны з удзель­нікаў змог выка­заць сваю пазіцыю. Затым на экране з’явіўся вынік так званага галасавання. Пасля агучвання вынікаў навучэнцы падзяліліся на дзве групы, дзе працягнулі сваё абмеркаванне. У выніку адбылася дыскусія, у хо­дзе якой кожная група аргументавала сваю думку.

Адным з любімых навучэнцамі прыёмаў з’яўляецца прыём “Стварэнне відэароліка”. Гімназістам прапануецца зняць відэаролік па якім-небудзь празаічным тэксце, вершы, праілюстраваць яго, а таксама задаць пытанні па лінгвістыцы.

Такім чынам, выкладанне рускай мовы на павышаным узроўні прадугледжвае выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання, развіццё слоўна-лагічнага мыслення навучэнцаў, выкарыстанне тэкстаў з улікам нацыянальна-культурнай спецыфікі з мэтай выхавання годных грамадзян краіны.

Інтэрактыўныя асяроддзі на матэматыцы

Пра выкарыстанне інтэрактыўных дынамічных асяроддзяў паведаміла прысутным настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 111 Інга Васільева.

— Профільнае навучанне ставіць мэту даць навучэнцам магчымасць паспяхова здаць уступныя экзамены ва УВА і працягнуць навучанне ў іх без асаблівых цяжкасцей. Гэта патрабуе глыбокага і трывалага засваення вялікага аб’ёму матэматычных ведаў. Акрамя гэтага, важнай праблемай выкладання матэматыкі застаецца недахоп вучэбнага часу для асваення практычных навыкаў рашэння задач. Паспяхова пераадольваць гэтыя цяжкасці ў навучанні школьнікаў мне дапамагаюць інтэрактыўныя дынамічныя асяроддзі, галоўная вартасць якіх — пастаяннае ўзаемадзеянне “настаўнік — навучэнец”, “вучэбнае асяроддзе — навучэнец” з абавязковай наяўнасцю зваротнай сувязі. Выконваючы прапанаванае заданне, навучэнец атрымлівае інфармацыю аб правільнасці яго выканання, а ў выпадку няправільнага адказу мае магчымасць атрымаць указанне да рашэння, — адзначае Інга Мікалаеўна.

Мультымедыйныя прэзентацыі, створаныя ў праграме Microsoft Power Point, якія настаўніца выкарыстоўвае на ўроках, утрымліваюць элементы анімацыі, якія прадугле­джваюць правільны адказ, указанне да рашэння. Праграма простая, даступная на інтуітыўным узроўні, пры падрыхтоўцы не займае шмат часу. Дазваляе ствараць заданні з гатовымі чарцяжамі, што дае магчымасць эканоміць час і рашаць большую колькасць задач.

Выкарыстанне на ўроках інтэрактыўнага творчага асяроддзя “1С: Матэматычны канструктар” дазваляе педагогу эфектыўна выра­шаць праблему стварэння ўмоў для якаснага фарміравання прасторавых уяўленняў навучэнцаў пры вывучэнні тэм стэрэаметрыі, функцый і іх графікаў, якія патрабуюць апрацоўкі графічнай інфармацыі. Інтэрактыўныя модулі  LearningApps прымяняюцца на пачатку ўрока як актуалізацыя апорных ведаў навучэнцаў, паўтарэнне тэарэтычных пытанняў курса матэматыкі.

І.М.Васільева практыкуе індывідуальныя дамашнія заданні ў трэнажоры “ЯКлас” як элемент паўтарэння тэм курсу школьнай матэматыкі. У аснове рэсурсу ляжыць тэхналогія генерацыі вялікай колькасці варыянтаў для кожнага задання, вырашаецца праблема спісвання. Настаўніца хутка, дыферэнцыравана фарміруе работу па выбранай тэме, адпраўляе навучэнцам. Гэта дазваляе кожнаму вучню мець сваё ўласнае заданне, у момант атрымліваць адказ аб правільнасці рашэння. Вынікі выканання заданняў аформлены ў выглядзе зручных табліц, якія ўтрымліваюць падрабязную інфармацыю аб часе і якасці выканання работы.

Працуючы ў профільных класах, І.М.Васільева выкарыстоўвае магчымасці кабінета інфарматыкі. На кожны камп’ютар усталяваны праграмны комплекс для абагульнення і сістэматызацыі ведаў па матэматыцы на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі і самастойнай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Навучэнцы маюць магчымасць адпрацоўваць навыкі тэставага кантролю, максімальна набліжанага да здачы ЦТ. Акрамя гэтага, школьнікі рашаюць тэсты ў рэжыме анлайн з адкрытага банка падрыхтоўкі да ЦТ.

— Несумненна, выкарыстанне інтэрактыўных асяроддзяў мае цэлы шэраг пераваг як для навучэнцаў, так і для настаўніка: індывідуалізацыя навучання, інтэнсіфікацыя самастойнай работы навучэнцаў, рост аб’ёму выкананых на ўроку заданняў, магчымасць атрымання рознага роду матэрыялаў праз інтэрнэт і выкарыстанне спецыяльных дыскаў, што забяспечвае нагляднасць выкладання і цікавасць навучэнцаў. Акрамя таго, павышаецца пазнавальная актыўнасць і матывацыя засваення ведаў за кошт разнастайнасці форм работы, а прымяненне на ўроку камп’ютарных тэстаў і дыя­гнастычных комплексаў дазваляе настаўніку за кароткі час атрымлі­ваць аб’ектыўную карціну ўзроўню засваення матэрыялу, які вывучаецца, ва ўсіх навучэнцаў і своечасова яго карэкціраваць. Пры гэтым ёсць магчымасць выбару ўзроўню цяжкасці задання для канкрэтнага вучня. Як вынік — паспяховая здача вучнямі цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы. Навучэнцы профільнага класа атрымалі сертыфікаты 97, 96 балаў. 70% навучэнцаў маюць вынік 70—87 балаў. 87% працягваюць навучанне ва УВА па выбраным профілі, — падкрэслівае педагог.

Для камунікатыўнай кампетэнцыі — кароткаметражныя фільмы

Вопыт выкарыстання кароткаметражных фільмаў на ўроках замежнай мовы прадставіла настаўніца англійскай мовы гімназіі № 40 Таццяна Вінярская. На яе думку, дарэчнае і метадычна абгрунтаванае прымяненне відэаматэрыялаў спрыяе стварэнню атмасферы рэальнай моўнай камунікацыі, робіць працэс засваення іншамоўнага матэрыялу больш жывым, цікавым, праблемным і эмацыянальным. Выкарыстанне відэасюжэтаў на ўроках англійскай мовы садзейнічае фарміраванню фанетычных навыкаў, папаўненню лексічнага запасу, адпрацоўцы граматычных канструкцый. Яны дапамагаюць навучэнцам далучыцца да іншамоўнай культуры, гуртуюць групу, развіваюць творчыя здольнасці і ствараюць нязмушаную атмасферу на ўроку. Дзякуючы ім, матэрыял запамінаецца хутчэй і натуральным чынам уво­дзіцца ў размову. Навучанне з выкарыстаннем аўдыявізуальных сродкаў комплекснага прад’яўлення інфармацыі з’яўляецца найбольш інтэнсіўнай формай навучання.

— Уключэнне міні-фільмаў у структуру ўрока ўяўляецца найбольш рацыянальным, бо, па-першае, іх прагляд на англійскай мове — гэта сумяшчэнне прыемнага з карысным, па-другое, навучэнцы чуюць аўтэнтычную гаворку, і гэта мае велізарную практычную значнасць, бо разнастайнасць акцэнтаў, невыразнасць вымаўлення і нават граматычна нявывераная гаворка  — гэта тое, з чым ім прыйдзецца сутыкнуцца ў рэчаіснасці. Акрамя таго, фільм — гэта не самамэта, не проста займальны відэарад, а аснова пабудовы сюжэта ўрока, выканання некалькіх заданняў, завязаных на сюжэце фільма. Менавіта ў такім выпадку ён прынясе найбольшую карысць, — адзначае Таццяна Аляксандраўна.

Па меркаванні настаўніцы, каб працэс навучання замежным мовам з дапамогай відэаматэрыялаў быў эфектыўным, неабходна іх сістэматычнае і рацыянальнае выкарыстанне на ўроках. Яна прымяняе відэаматэрыялы не часцей, чым адзін раз у тыдзень альбо на два тыдні. Перавага аддаецца відэаматэрыялам ад 1 да 5—10 мінут, пры гэтым лічыцца, што 4—5 мінут дэманстрацыі відэа могуць забяспечыць напружаную работу групы на працягу гадзіны.

У практыцы работы Т.А.Вінярская выкарыстоўвае наступныя заданні: “апярэджванне зместу” (спыніць прагляд на самым цікавым месцы і спы­таць навучэнцаў: “Што ж бу­дзе далей?”), “што яны думаюць?” (практыкаванне заснавана на ідэі, што людзі не заўсёды гавораць тое, што думаюць, таму запіс спыняецца на ключавых момантах, і навучэнцы мяр­куюць, якія сапраўдныя думкі персанажаў), “агучка” (навучэнцам прапануецца каменціраваць сюжэт у рэальным часе; падбіраюцца відэасюжэты, блізкія да “нямога кіно”),  “ролевая агучка” (кожнаму вучню падчас прагляду прапануецца персанаж для вывучэння, далей гук выключаецца, і гімназісты агучваюць сваіх персанажаў падчас прагляду). Эфектыўнымі таксама з’яўляюцца прыёмы: Mindmap (на аснове відэа навучэнцы складаюць сэнсасхему (TED- ed, TED TALKs), “па матывах…”  (пасля прагляду фільма вучні разыгры­ваюць сцэны па аналогіі, сюжэт пры гэтым павінен прадстаў­ляць ролевае ўзаемадзеянне), “мараль” (калі фільм заснаваны на праблемнай сітуацыі, то ён будзе асновай для творчага эсэ, праблемнай дыскусіі і г.д.), “апісанне персанажаў” (навучэнцам прапануецца вы­браць аднаго персанажа і апісаць яго з усімі падрабязнасцямі: знешнасць, характар, звычкі, расклад дня і г.д. Гэтая работа прынясе больш карысці, калі задаць яе на дом, бо пісьмовае заданне патрабуе больш стараннага выбару лексікі і большай увагі да граматыкі).

— Ужо на працягу 6 гадоў я працую над укараненнем відэаматэрыялаў з мэтай фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў на сваіх уроках, кожны раз мадыфікуючы спосаб іх прымянення ў залежнасці ад тэмы і ўзроўню ведаў дзяцей. І калі ў пачатку гэта былі ў асноўным сюжэты ілюстрацыйнага і краіназнаўчага характару, што дазваляла акунуцца ў атмасферу іншамоўных зносін, а таксама зацікавіцца тэмай, што, несумненна, павышала прадукцыйнасць работы на ўсім уроку, то паступова разам з рознымі іншымі метадамі і формамі работы стала разглядаць відэафільм як аснову пабудовы ўрока. Навучэнцы маглі адказваць на праблемныя пытанні і ствараць цэлыя дыскусіі па відэасю­жэце, каменціраваць і параўноўваць іх асноўныя моманты. Мною распрацаваны банк відэасюжэтаў у адпаведнасці з вучэбна-маўленчымі сітуацыямі. Відэа арганізаваны тэматычна. Таксама распрацаваны сцэнарыі ўрокаў, заснаваныя на рабоце з відэа. У 2018 годзе на сайце МГІРА ў сістэме Moodle быў створаны дыстанцыйны курс Brush Up Your English  https://do.minsk.edu.by/course/view.php?id=1658, у аснову якога ляглі міні-фільмы, інструкцыі і заданні да іх, — расказвае настаўніца.

Сістэма работы Т.А.Вінярскай дае свой плён: вучні з задавальненнем прымаюць удзел у творчых і інтэлектуаль­ных конкурсах па замежнай мове, становячыся дыпламантамі. Так, пераможцам нацыянальнага этапу Baltic Sea Philosophy Essay Event  — Міжнароднага конкурсу эсэ па філасофіі на замежнай мове для школьнікаў, 2019 — стаў адзінаццацікласнік Ілья Дзяўго. 

Работа ў праектах

Сістэма дапрофільнай падрыхтоўкі гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны ўключае арганізацыю праект­най дзейнасці. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гэтай установы Вольгі Варанковіч, прыцягненне вучняў у шырокі спектр праектаў дазваляе ім падысці да выбару прафесійнага самавызначэння больш падрыхтавана і ўсвядомлена.

Праектная дзейнасць гімназіі заснавана на прынцыпах пераемнасці і паступальнасці. Многія праекты, якія рэалізоўваюцца ў пачатковай школе, знаходзяць свой працяг у мерапрыемствах сярэдняй і старшай ступені. Фестываль дзіцячых экалагічных ініцыятыў натхняе дзяцей працягваць даследаванні і выступаць у секцыі “Першыя крокі ў навуку”. Маленькія праекты пракладваюць навучэнцам дарогу да сур’ёзных навуковых даследаванняў, якія школьнікі прадстаў­ляюць у фармаце стэндавай абароны на англійскай мове ў рамках гарадскога адкрытага конкурсу экалагічных праектаў “ЭКОС”. Навуковыя даследаванні з’яўляюцца асновай для плённага абмеркавання ўдзельнікаў, педагогаў і журы падчас правядзення адкрытай гімназічнай НПК. Уменне выразна і пісьменна выкладаць свае думкі, адстойваць свой пункт гледжання дазваляе юным даследчыкам паспяхова прадстаўляць гімназію і раён у рамках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару.

Праект “Гасцёўня нас разам сабрала” аб’ядноўвае тых, хто захапляецца літаратурай, шукае натхненне ў рамансах і з задавальненнем знаёміцца з нормамі этыкету падчас правядзення баляў і музычных вечароў. У гімназіі шмат гадоў вядзецца работа над праек­там “След гісторыі ў люстэрку літаратуры”, які не толькі стварае ўмовы для пашырэння кругагляду навучэнцаў у галіне нацыянальнай гісторыі і культуры, але і вызначае схільнасці да вывучэння гісторыі і беларускай мовы і літаратуры.

Шмат праектаў традыцыйна збірае не толькі навучэнцаў гімназіі, але і раёна, горада. Гэта фестываль дзіцячых экалагічных ініцыятыў, адкрыты конкурс экалагічных праектаў “ЭКОС”, адкрытая гімназічная НПК. З’яўляюцца ў гімназіі і новыя праекты, якія адпавядаюць запытам часу: удзел у рабоце секцый Нацыянальнай лабараторыі па біяэтыцы як спосаб глыбей выву­чыць Мэты ўстойлівага развіцця, праект па ўкараненні дэмакратычнай культуры ў рамках супрацоўніцтва з Саветам Еўропы (эксперт — Н.Бушная). Творчая група настаўнікаў аказвае садзейнічанне навучэнцам па развіцці навыкаў рэфлексіі і самааналізу пры фарміраванні свайго партфоліа.

У цесным супрацоўніцтве

Па словах настаўніцы хіміі гімназіі № 40 Юліі Сташкевіч, якая расказала пра практыку прымянення актыўных форм прафарыентацыйнай работы ў межах супрацоўніцтва гімназіі і УВА, галоўная задача гімназіі — падрыхтаваць вучня да выбару спецыяльнасці і наступнага прафесійнага самавызначэння. У практыцы работы ўстановы шырокае распаўсюджванне атрымалі як пасіўныя метады прафарыентацыйнай работы: выступленні спецыялістаў, мэтавыя экскурсіі для навучэнцаў, афармленне стэндаў, метадычныя распрацоўкі, прэзентацыі, фільмы аб розных прафесіях, так і актыўныя: прыцягненне гімназістаў да работы навуковых гурткоў УВА, навукова-практычных канферэнцый, арганізацыя алімпіяд для школьнікаў, правядзенне трэнінгаў, дыскусій, ролевых і дзелавых гульняў і інш.

З 2015 года гімназія супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам. Галоўныя напрамкі гэтага ўзаемадзеяння: навукова-метадычная работа (правядзенне сумесных круглых сталоў, падрыхтоўка і выданне сумесных навуковых зборнікаў артыкулаў па выніках навуковых даследаванняў, рэцэнзаванне выкладчыкамі УВА даследчых і праектных работ навучэнцаў гімназіі, прыцягненне выкладчыкаў да падрыхтоўкі школьнікаў да алімпіяд і конкурсаў, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў старшых класаў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, прадастаўленне базы ўніверсітэта для ўдасканалення ведаў навучэнцаў), прафарыентацыйная работа (правядзенне дзён адкрытых дзвярэй, сустрэчы з настаўнікамі, навучэнцамі і іх бацькамі з мэтай правядзення гутарак аб правілах прыёму ва УВА і ўмовах навучання ў ёй, запрашэнне школьнікаў на ўніверсітэцкія мерапрыемствы), матэрыяльна-тэхнічная дапамога (выкарыстанне абсталявання для лабараторных практыкумаў, дапамога ў выдавецкай дзейнасці).

Навучэнцы гімназіі пашыраюць свае веды на базе факультэта “Тэхналогіі арганічных рэчываў”. З 2015 па 2018 год была арганізавана навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў на кафедры арганічнай хіміі пад кіраўніцтвам А.Аляксеева, а з 2018 года — на кафедры хімічнай перапрацоўкі драўніны пад кіраўніцтвам В.Флейшара. Летась тут вялася работа над праектам “Атрыманне духмяных рэчываў з жывічнага шкіпінару” (аўтар К.Варашуха ўзнагароджаны дыпломам I ступені, дыпломам I ступені (малы крыштальны шар) на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе, дыпломам I ступені на Усерасійскім адкрытым конкурсе юнацкіх даследчых работ імя У.Вярнадскага ў Маскве). Сёлета работа “Экстракт Aroniamelanocarpa як поліфункцыянальны касметычны інгрэдыент” (аўтары М.Курыпчэнка, А.Жалудоўская) адзначана дыпломам I ступені на раённым этапе даследчых работ школьнікаў. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, працэнт паступлення навучэнцаў профільных класаў, дзе хімія вывучаецца на павышаным узроўні, павялічваецца. Калі ў 2016 годзе гэта быў 1 выпускнік, то ў 2019 годзе 7 навучэнцаў сталі студэнтамі БДТУ.

Як расказала Юлія Дзмітрыеўна, гімназія актыўна супрацоўнічае і з БДПУ імя Максіма Танка. Філіял кафедры хіміі на базе гімназіі быў створаны гэтым летам з мэтай паляпшэння якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, узмацнення практычнай накіраванасці адукацыйнага працэсу, замацавання тэарэтычных і практычных ведаў, фарміравання прафесійных кампетэнцый студэнтаў. Адным з важных напрамкаў работы філіяла з’яўляецца падрыхтоўка навучэнцаў гімназіі да практычных тураў алімпіяд па хіміі. Кожную суботу для адораных навучэнцаў гімназіі на базе БДПУ выкладчыкі кафедры хіміі право­дзяць практычныя і тэарэтычныя заняткі. Так, у кастрычніку — лістапа­дзе навучэнцы профільных класаў з вывучэннем хіміі і біялогіі на павышаным узроўні асвойвалі тэорыю і практыку правядзення гравіметрычных аналізаў, рашалі практычныя задачы па вызначэнні ўтрымання нікелю і алюмінію ва ўзорах метадам асаджэння, вызначалі вільготнасць і ўтрыманне крышталізацыйнай вады ў крышталегідратах метадам адгонкі інш.

Асаблівую ўвагу работнікі філіяла ўдзяляюць прафарыентацыйнай рабоце. У кастрычніку для гімназістаў была арганізавана экскурсія па кафедры хіміі і сустрэча з супрацоўнікамі міжкафедральнай навукова-метадычнай лабараторыі біяхіміі і арганічнага сінтэзу, у лістапа­дзе дацэнт С.Елісееў правёў для гімназістаў вучэбны семінар па рашэнні алімпіядных задач па тэме “Растворы”. Зараз студэнты 4 курса факультэта прыродазнаўства праходзяць пераддыпломную практыку ў гімназіі.

— У выніку такой работы навучэнцы гімназіі занялі прызавыя месцы на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі (на іх рахунку 8 дыпломаў), — падкрэсліла Ю.Сташкевіч. — Дзякуючы рабоце па прафесійнай арыентацыі, у гімназістаў фарміруюцца якасці, неабходныя для жыццёвага самавызначэння: працоўная актыўнасць, уменне разлічваць свае сілы ў рабоце, пераадольваць цяжкасці, дасягаць высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.