Ад эфектнасці да эфектыўнасці

Вядома, што каля 90% інфармацыі перадаецца візуальным спосабам. Акрамя таго, трэба заўва­жыць, што з другой паловы ХХ стагоддзя складваецца экранны тып культуры, таму сёння відэаматэрыялы становяцца важным складальнікам урока гісторыі. Высокі ўзровень нагляднасці, эмацыянальнасці (асабліва калі дэманструецца фрагмент мастацкага фільма) не пакідае навучэнцаў абыякавымі, дазваляе стварыць не толькі вобразнае ўяўленне пра падзеі ці з’явы, але і перадаць настрой, які дапаможа замацаваць у памяці тое, што дэманструецца.

Работа з відэафрагментамі на ўроках гісторыі з’яўляецца адным з варыянтаў адаптацыі адукацыйнага працэсу да новых умоў сучаснага інфармацыйнага асяроддзя. Пры гэтым асабліва важным з’яўляецца стварэнне сітуацый, калі відэа­прадукцыя сродкаў масавай інфармацыі, кіна- і тэлеіндустрыі можа выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі для актывізацыі пазнавальнага працэсу.

А як гэта працуе, я прапаную праверыць самім чытачам. Успомніце гістарычную падзею “Лядовае пабоішча”
1242 года з курса 6 класа. Якія карцінкі ўсплываюць у вашай памяці? Я прапаную вам 5 вобразаў, што ўкараніліся ў грамадскай свядомасці. Ці супадаюць яны з вашымі?

— зіма, снег;

— найбуйнейшая бітва Сярэдневякоўя;

— бітва на лёдзе возера;

— большасць крыжакоў праваліліся пад лёд;

— Аляксандр Неўскі — прыгожы мужчына.

У каго ёсць хоць адно супадзенне?

Прычынай супадзеяння з’яўляюцца творы мастацтва, якія выклікалі ў вашай свядомасці эмацыянальны водгук, сфарміравалі вобразы ў даўгачаснай памяці. Адным з іх можа быць мастацкі гістарычны фільм Сяргея Міхайлавіча Эйзенштэйна 1938 года “Аляксандр Неўскі”.

Калі ў вас супаў хаця б адзін з вобразаў, вы ўжо знахо­дзіцеся ў палоне гістарычнай памылкі. Кліматычны оптымум ХІІІ стагоддзя — ранняя і цёплая вясна. Бітва 1242 года адбылася 18 красавіка па новым стылі. Лівонская рыфмаваная хроніка гаворыць: рыцары падалі ў траву. Агульная колькасць воінаў Лівонскага ордэна і Ноўгарада на полі бітвы не перавышала 600—700 чалавек. Аляксандр Неўскі — прыгажун-мужчына… тут я не магу нічога сказаць супраць, аднак прыжыццёвых партрэтаў яго няма. Працуючы з відэафрагментамі, неабходна ўмець іх крытычна ацэньваць, прыцягваючы дзяцей да работы з альтэрнатыўнымі крыніцамі, і гэты вопыт перадаць сваім вучням.

Прапаную вам сваю версію выкарыстання відэаматэрыялаў на ўроках гісторыі.

Непасрэднаму выкарыстанню відэаматэрыялаў на ўроках гісторыі папярэднічае падрыхтоўчая работа, якая ўключае тры асноўныя этапы:

1) збіранне і адбор відэаматэрыялаў;

2) рэдагаванне відэаматэрыялаў;

3) стварэнне сістэмы пытанняў і дыферэнцыраваных заданняў.

Збіранне і першасная апрацоўка відэаматэрыялаў — працаёмкі працэс. Зыходзячы з набытага вопыту, я выконваю гэтую работу разам з дзецьмі. Пад маім кіраўніцтвам у школе працуе творчая група вучняў 9—11 класаў, якія цікавяцца гісторыяй. Частка падлеткаў папаўняе відэатэку матэрыяламі, зыходзячы з галін гістарычнай навукі, якія іх ціка­вяць. Такіх вучняў я называю “карэспандэнтамі”. “Рэдактары” дапамагаюць апрацоўваць відэаматэрыялы (апрацаваны відэаматэрыял я называю відэафрагментам). Такое падзяленне працы пры захаванні кіруючай ролі настаўніка спрыяе эфектыўнаму набыццю і апрацоўцы відэа­фрагментаў, павышае пазнавальную актыўнасць падлеткаў, фарміруе навыкі работы ў камандзе. Прапаную вучням дзейнічаць па наступным алгарытме:

1) выбраць відэаматэрыял працягласцю не больш за
20 хвілін;

2) праверыць выбраны відэаматэрыял на адпаведнасць зададзенай тэме;

3) вызначыць, ці змяшчае гэты матэрыял інфармацыю аб прычынах, ходзе, выніках гістарычнай падзеі, гістарычных дзеячах і інш.

Сам жа адыгрываю ролю каардынатара, а пры ўзнікненні спрэчных момантаў у рабоце групы — і “трацейскага суддзі”.

Пазнавальная актыўнасць мае псіхолага-дыдактычную аснову. Прапаную псіхолага-дыдактычны алгарытм работы з відэафрагментам, які спрыяе павышэнню ўзроўню пазнавальнай актыўнасці і фарміраванню інфармацыйнай кампетэнцыі:

У час прагляду відэафрагмента ў класе я арганізоўваю інтэрактыўную пазнавальную дзейнасць. З дапамогай пытанняў і заданняў або стварэння гульнявой сітуацыі, калі вучням прапаную ўявіць сябе ў ролі крытыка фрагмента, што дэманструецца, кірую ўвагай кожнага, уплываю на аб’ём даўгачаснай памяці і павелічэнне трываласці запамінання. Якасць відэафрагмента аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на дзяцей і павышае матывацыю навучання. У гэтых умовах нават няўважлівы вучань становіцца ўважлівым. Кожны з улікам яго персанальных схільнасцей або звычак можа засвоіць матэрыял, які выкладаецца, не шляхам завучвання, а так, каб ён зафіксаваўся ў падсвядомасці ў выглядзе вобразаў. Яркія вобразы дазваляюць актывізаваць пазнавальную дзейнасць і, як вынік, вы­браць асобасную траекторыю авалодання спосабамі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, г. зн. вучаць дзяцей вучыцца. Такім чынам, псіхалагічныя асаблівасці ўздзеяння вучэбных відэафрагментаў на вучняў спрыяюць інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу.

Аднак з-за асаблівасцей успрымання і мыслення вучняў захаваныя ў памяці вобразы могуць змяшчаць скажоную інфармацыю, а відэафрагменты часта маюць значную долю мастацкай выдумкі, таму вобразы, сфарміраваныя падчас работы з такім фрагментам, маюць патрэбу ў крытычным аналізе.

Так, на ўроку сусветнай гісторыі ў 6 класе пры вывучэнні тэмы “Штодзённае жыццё чалавека” пасля прагляду відэафрагмента, які раскрывае побыт феадалаў, у вучняў фарміруюцца яркія вобразы і ўяўленні пра рыцараў, іх амуніцыю, турніры і г.д. Шасцікласнікам прапануецца выканаць заданне і ажыццявіць узаемаправерку па ключы. Адно з заданняў прадугледжвае адказ на пытанне “Колькі прыблізна важыў меч сярэдневяковага рыцара?” Ключ не мае адказу на гэтае пытанне, і вучні лічаць памылковым варыянт суседа па парце, калі ён не супадае з уласным (5—15 кг). Узнікае праблемная сітуацыя, таму што вучні не могуць правільна адказаць. Відэафрагмент не змя­шчаў дакладнай інфармацыі, але дэманстраваў поўную амуніцыю рыцара і рыцарскі турнір, што стварала ўяўленне пра рыцара, як пра “суровага і вельмі моцнага хлопца”, а звон мячоў, здавалася б, сведчыў пра іх вялікую масу. Вучні прыходзяць да высновы, што даць адназначны адказ, зыходзячы з матэрыялаў відэафрагмента, немагчыма, і неабходна дадатковая крыніца інфармацыі. Прааналізаваўшы гістарычную даведку, яны знаходзяць правільны адказ на пытанне: 1,8—2 кг.

Сістэмны падыход у выкарыстанні відэафрагмента (мал. 1) прадугледжвае, што апошні становіцца краевугольным каменем вучэбных заняткаў. Да відэафрагмента прымацоўваецца блок заданняў, якія вучні выконваюць на працягу ўрока, павышаючы ўзровень сваёй пазнавальнай актыўнасці, развіваючы вучэбныя ўменні, фарміруючы суб’ектную пазіцыю.

Для больш усвядомленага ўспрымання відэаматэрыя­лу рэкамендую перад праглядам пазнаёміць вучняў з заданнем, якое неабходна будзе выканаць, а таксама звяр­нуць увагу на важную інфармацыю, патрэбную для разумення тэмы ўрока.

Мадэль стварэння сістэмы заданняў для работы з відэа­фрагментамі пададзена ў выглядзе табліцы:

Табліца 1 

Уменні (па адукацыйным стандарце вучэбнага прадмета “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі” (5–11класы) Шаблон задання
да відэафрагментаў
Творчы ўзровень пазнавальнай актыўнасці
Выкарыстоўваць метады вучэбнага гістарычнага даследавання: фармуляваць праблемы, ажыццяўляць збор, сістэматызацыю і абагульненне матэрыялу, прэзентаваць вынікі даследавання Падчас аналізу зместу відэа­фрагмента зняць супярэчнасці паміж загадзя агучанымі фактамі, пунктамі гледжання.

Стварыць з дапамогай відэа­фрагмента супярэчнасць паміж убачаным і жыццёвым уяўленнем пра яго, для вырашэння супярэчнасці прыцягнуць
альтэрнатыўную крыніцу інфармацыі.

Напрыклад, у 7 класе на ўроку сусветнай гісторыі па тэме “Асноўныя рысы эканамічнага развіцця” вучні павінны
асвоіць такое
паняцце, як “прамысловая рэвалюцыя”. Для мяне як настаўніка гісторыі важна зразумець і ведаць, засвоена паняцце на ўзроўні асэнсавання і далейшага прымянення ці ж проста “вызубрана”. Каб высветліць гэта,
я прапаную вучням відэаролік пра работу рачных шлюзаў
і адказаць на пытанне:
“Ці з’яўляецца рачны шлюз дасягненнем прамысловай рэвалюцыі?”
Відэафрагмент дэманструе, што механізмы шлюза прыводзяцца ў дзеянне з дапамогай мускульнай сілы чалавека, і, нягледзячы на наяўнасць зубчастых колаў і “складанай механікі”, будова шлюза не з’яўляецца сведчаннем прамысловай рэвалюцыі і яе дасягненнем. У якасці параўнання прапаную вучням звярнуць увагу на ілюстрацыю адной з першых паравых машын у вучэбным дапаможніку. Дзеці робяць выснову, што ў машыне задзейнічаны сілы пары, а не чалавека, а значыць, машына — дасягненне прамысловай рэвалюцыі

Інтэрпрэтуючы ўзровень пазнавальнай актыўнасці
Характарызаваць матывы і вынікі дзейнасці палітычных і дзяржаўных дзеячаў культуры, вызначаць значэнне іх дзейнасці Прааналізаваць відэаматэрыял, вызначыць і ахарактарызаваць матывы і вынікі дзейнасці палітычных і дзяржаўных дзеячаў і дзеячаў культуры, вызна­чаць значэнне іх дзейнасці.

Напрыклад, у 11 класе на ўроку сусветнай гісторыі па тэме “Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё СССР у 1953—1964 гг.” арганізоўваю работу вучняў з фрагментам кінахронікі “Прамова Хрушчова пра Сталіна ў 1936 г.”. Пасля прагляду прапаную выканаць наступныя заданні:

1) Чыё выступленне вы ўбачылі на кадрах кінахронікі?

2) Прыблізна вызначыце дату здымкі кінахронікі.

3) Запоўніце табліцу.

4) Чым абумоўлены змены ў поглядах выступоўца? Калі і чаму ён быў больш шчырым? Сваё меркаванне абгрун­туйце

Тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж узаемаабумоўленымі гістарычнымі фактамі Выкарыстоўваючы відэаматэрыял, вызначыць наяўнасць прычынна-выніковых сувязей паміж узаемнаабумоўленымі гістарычнымі фактамі.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Рэфармацыя ў Германіі” ў 8 класе дэманструю відэа­фрагмент з мастацкага фільма “Страсці па Лютэры” (2003 г.). Пасля прагляду прапаную вызначыць прычыны рэфармацыі, якія знайшлі ў ім адлюстраванне, або можна прапанаваць
з пераліку прычын рэфармацыі ў Германіі выбраць тыя,
якія знайшлі адлюстраванне
ў відэафрагменце

Адрозніваць гістарычны факт ад яго інтэрпрэтацыі 1. Параўнаць па прапанаваных крытэрыях падзею відэафрагмента на прадмет адпаведнасці з гэтай жа падзеяй, адлюстраванай у агульнапрызнанай гістарычнай крыніцы.

2. Зрабіць выснову пра адпаведнасць.
3. Выказаць здагадку аб прычынах узнікнення неадпаведнасцей.

Пры вывучэнні тэмы “СССР у 1945—1953  гг.” у 11 класе вучням прапануецца прааналізаваць відэафрагмент мастацкага фільма “Падзенне Берліна” (1949 г.) (у фінальнай сцэне самалёт са Сталіным прылятае ў Берлін і садзіцца недалёка ад рэйхстага, над якім незадоўга да прылёту падняты Сцяг Перамогі. Сталін выходзіць з самалёта і ідзе ўздоўж шарэнгаў былых палонных. Яго захоплена віта­юць людзі розных нацыянальнасцей — прадстаўнікі вызваленых народаў Еўропы) і вызначыць час і месца адлюстраванай у ім па­дзеі, высветліць, ці адпавя­даюць яны гістарычным фактам, выказаць здагадкі аб прычынах узнікнення неадпаведнасцей, зыходзячы з асаблівасцей палітычнага жыцця СССР у 1945—1953 гг.

Сістэматызаваць, класіфікаваць і абагульняць гістарычныя факты і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы Прааналізаваць відэаматэрыял, ажыццявіць адбор гістарычных фактаў, якія раскрываюць сутнасць пастаўленага перад праглядам пытання або адпавядаюць пэўным крытэрыям, аргументаваць свой пункт гле­джання
Рэпрадуцыруючы ўзровень пазнавальнай актыўнасці
Лакалізоўваць гістарычныя падзеі ў часе і прасторы Вызначыць час і месца гістарычнай падзеі, выкарыстоўваючы відэарад і закадравы тэкст, або толькі відэарад
Ажыццяўляць пошук гістарычнай інфармацыі ў крыніцах рознага тыпу Адабраць і зафіксаваць неабходную інфармацыю з відэа­фрагмента па прапанаваных крытэрыях

Часта настаўнікі выкарыстоўваюць відэафрагменты з мэтай нагляднага асвятлення гістарычнай падзеі, дапаўняючы іх сваімі каментарыямі. Аднак уяўляецца, што відэафрагменты, якія дэманструюцца на ўроках, павінны прадугледжваць актыўную работу вучняў з атрыманай імі візуальнай інфармацыяй. Рознаўзроўневыя заданні распрацоўваюцца такім чынам, каб матываваць вучняў да больш уважлівага прагляду, вылучаць важныя моманты і аргументы для адказу і дыскусіі, вызначаць лагічныя сувязі, весці запісы. Пры гэтым неабходна ўлічваць узровень падрыхтаванасці і ўзрост вучняў пры вынясенні тых ці іншых пытанняў на абмеркаванне, што дае магчымасць кожнаму не толькі паказаць існуючы ўзровень пазнавальнай актыўнасці, але і павысіць яго.

У якасці прыкладу можна прывесці сістэму заданняў для работы з відэафрагментам “Банкаўскі крызіс у ЗША” ў 10 класе пры вывучэнні тэмы “Сусветны эканамічны крызіс і краіны Заходняй Еўропы і ЗША ў 1929—1933 гг.” (мал.2).

Найбольш эфектыўна выкарыстоўваць відэаматэрыялы пры вывучэнні новай тэмы і першаснай праверцы ведаў і спосабаў дзейнасці, таму што гэта дазваляе павялічыць інфармацыйную шчыльнасць этапаў урока за кошт паскоранай падачы інфармацыі.

Каб выкарыстанне відэафрагментаў было эфектыўным, неабходна выконваць шэраг умоў: старанны адбор і рэдагаванне, папярэдні прагляд відэафрагментаў самім настаўнікам; улік узроўню падрыхтаванасці, узросту вучняў да ўспрымання відэафрагментаў пры распрацоўцы пытанняў для абмеркавання; гатоўнасць настаўніка даць вычарпальны адказ на пытанні вучняў, якія могуць узнікнуць падчас прагляду відэафрагмента; дакладна сфармуляваныя пытанні, якія бу­дуць прапаноўвацца вучням для работы над відэафрагментам; працягласць відэафрагмента не павінна перавышаць 10—12 хвілін (у адваротным выпадку паспяхова арганізаваць работу на працягу ўрока будзе даволі складана, задачы ўрока будуць рэалізаваны не ў поўным аб’ёме); абавязковы зварот да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі падчас або пасля заканчэння работы з відэаматэрыялам з мэтай карэкціроўкі назіранняў і высноў; відэафрагмент павінен быць просты для ­ўспрымання большасцю вучняў класа; сістэмнае выкарыстанне відэаматэрыялаў; наяўнасць міжпрадметных сувязей.

Праектуючы свае ўрокі, стараюся, каб веды спатрэбіліся вучням і пры ўдзеле ў конкурсах, і пры паступленні, і проста ў штодзённым жыцці; каб у элементарным яны маглі ўбачыць важныя заканамернасці, а ў складаным — прастату; каб дзеці думалі, а не былі пасіўнымі слухачамі на ўроку; каб шукалі ключыкі для рашэння задач, а не здавольваліся гатовымі фактамі.

Такім чынам, сістэмнае выкарыстанне на ўроках гісторыі відэафрагментаў гістарычнага зместу і заданняў да іх дазваляе эфектыўна забяспечваць павышэнне ўзроўню пазнавальнай актыўнасці вучняў на прынцыпах даступнасці, “пражывання і перажывання” матэрыялу, які вывучаецца, садзейнічае фарміраванню інфармацыйнай кампетэнтнасці вучняў.

Андрэй ІВАНОЎ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Віцебскай вобласці, пераможца
Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў
“Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” у намінацыі “Гісторыя,
грамадазнаўства, геаграфія”, член клуба “Крыштальны журавель”.
Фота Надзеі ЦЕРАХАВАЙ.