Ад экаўрока да экасвядомасці

- 12:04Навіны рэгіёнаў

Педагогі Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна імкнуцца, каб іх выхаванцы ведалі законы прыроды гэтак жа добра, як і алфавіт. Дзяцей змалку вучаць клапаціцца пра навакольны свет, а дапамагаюць у гэтым інтэрактыўныя экаўрокі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Акрамя пазнавальнай інфармацыі, такія ўрокі змяшчаюць захапляючыя творчыя заданні, настольныя гульні, незвычайныя раздатачныя матэрыялы.

Настаўніца пачатковых класаў І.В.Ларыёнава праводзіць для першакласнікаў экаўрок “Наш дом. Нічога лішняга”, дзе знаёміць іх з тым, як уладкаванне дома і бытавыя звычкі ўплываюць на дабрабыт планеты і яе жыхароў. Атрыманая інфармацыя матывуе вучняў да экалагічна правільных паводзін у штодзённым жыцці.

На экаўроку малодшыя школьнікі даведваюцца, для чаго жывёлам і чалавеку неабходны дамы і чым яны адрозніваюцца, як у іх з’яўляюцца святло, цяпло, электрычнасць і вада. Падчас гульнявога задання дзеці вучацца берагчы прыродныя рэсурсы з дапамогай трывалых штодзённых звычак.

Настаўніцы пачатковых класаў Ю.Ю.Кахновіч і Д.Г.Кулеш право­дзяць для вучняў 2—3 класаў экаўрок “Аб захаванні лясоў”, накіраваны на фарміраванне беражлівых адносін да расліннага свету. Педагогі фарміруюць у дзяцей адказныя паводзіны ў лесе, вучаць карыстацца прадукцыяй з драўніны.

Настаўніца матэматыкі Н.С.Рамановіч на экаўроку знаёміць шасцікласнікаў з гісторыяй рэчаў і эканомікай будучыні. Так, школьнікі вывучаюць асноўныя прынцыпы цыклічнай эканомікі, параўноўваюць існуючую лінейную мадэль эканомікі і з прыроднымі працэсамі, засвойваюць важныя веды, якія дапамогуць перайсці да больш разумнай і бяспечнай мадэлі гаспадарчай дзейнасці без парушэння прыроднага балансу, выконваюць матэматычныя разлікі для пошуку эфектыўнай эканамічнай ма­дэлі і інш. Патрэніравацца ў прымяненні набытых навыкаў дазваляе гульнявое заданне “Лічбавая трансфармацыя”.

— Захапіць школьнікаў экалагічнай тэматыкай бывае няпроста, не кажучы ўжо пра дарослых. Але пінкавіцкіх педагогаў цяжкасці не пужаюць. Галоўнае — зрабіць навучанне цікавым, займальным і практыка-арыентаваным. Гэта дазваляе школьнікам засвоіць каштоўнасці экалагічнай культуры трывала і без прымусу, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Н.С.Рамановіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.