Ад фальклору — да дызайнерскіх рашэнняў: “Прывітанне, свет!” адкрывае таленты

Разнастайнасць сцэнічных касцюмаў, напевы напаўголасу, танцавальныя рухі і складаныя па — у прасторным холе гомельскага грамадска-культурнага цэнтра чакаюць свайго выхаду на сцэну ўдзельнікі абласнога этапу V Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”.

Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо не адзін раз выступалі на сур’ёзных конкурсах, у тым ліку і міжнародных, што ў скарбонцы кожнага калектыву і сольнага выканаўца пераможныя месцы і гран-пры, хваляванне не адпускае юных артыстаў і іх кіраўнікоў. Права прадэманстраваць свой талент гледачам і рэспубліканскаму журы атрымалі больш як 700 удзельнікаў. Усе яны пераможцы занальных тураў, але кожны марыць трапіць у лік тых, каму пашчасціць паказаць свой нумар на рэспубліканскім гала-канцэрце ў Мінску.

Да пачатку канцэрта застаецца якіх-небудзь 20 мінут. Гледачы паступова запаўняюць залу, на іх тварах чытаецца прыемны настрой. А ў холе пакуль тое ж буянства фарбаў і галасоў. І над усім гэтым гучна нясецца чароўная музыка ў выкананні ўзорнага аркестра гомельскай сярэдняй школы № 67. Права сустракаць гасцей калектыў атрымаў нездарма: юныя музыканты праслаўляюць Гомельшчыну на шматлікіх міжнародных конкурсах, пацвярджаючы сваё майстэрства ўсё новымі і новымі перамогамі. Побач з імі на пляцоўцы святочны настрой задаюць і іншыя выдатныя вучнёўскія калектывы вобласці.

Да пачатку канцэртнай праграмы можна было яшчэ зазірнуць у абласны Палац творчасці дзяцей і мола­дзі, дзе ў гэты ж час у рамках агляду-конкурсу прахо­дзіла выстава творчых работ у розных тэхніках выканання: разьба па дрэве, ткацтва, лялька, выцінанка, малюнак, графіка — а таксама дэманст­раваліся створа­ныя канкурсантамі анімацыйныя фільмы.

Звініць трэці званок, гледачы спяшаюцца за­няць свае месцы ў зале, за кулісамі нарастае хваляванне. І вось ужо вядучы аб’яўляе першы нумар.

Дзіцячая твор­часць — гэта нешта асаблівае, кранальнае, тое, што заўсёды стварае добры настрой і натхняе, што дае магчымасць ганарыцца падрастаючым пакаленнем і тымі, хто здольны заўважаць і развіваць таленты. “Прывітанне, свет!” — адзі­н з самых маштабных конкурсаў, дзе дзеці і падлеткі могуць праявіць сябе ў шматлікіх творчых кірунках. Якраз гэты маштаб і паказвае, як багаты юнымі талентамі рэгіён. Сёлета ў абласным этапе агляду-конкурсу ў 9 намінацыях — “Харэаграфічная творчасць”, “Вакальная твор­часць”, “Інструментальная музыка”, “Тэатральная творчасць”, “Арыгінальны жанр”, “Тэатры моды”, “Выяўленчае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, “Анімацыйны фільм” — прынялі ўдзел больш як 2800 навучэнцаў, а ў рэгіянальных — каля 20 тысяч. Намінацыі “Фальклорная твор­часць” на Гомельшчыне ўдзя­лілі асаблівую ўвагу, і ў снежні мінулага года быў праведзены асобны конкурс — “Шануйце спадчыну сваю!”. Гэта невыпадкова, бо фальклор у рэгіёне, дзякуючы неабыякавым педагогам, зацікавіў мноства хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з задавальненнем займаюцца ў гуртках і розных калектывах, удасканаль­ваюць свой чароўны голас гучнымі чыстымі спевамі і засвойваюць ігру на музычных інструментах продкаў.

Канцэртная праграма нікога не пакінула раўнадушным. Вакальныя выступленні змяняліся танцамі і інструментальнымі нумарамі, на змену квяцістым сукенкам час ад часу прыхо­дзілі спакойна-сумныя фарбы, юныя артысты то шпарка скакалі па сцэне пад вясёлую песню, то прымушалі засумаваць пад мінорны лад. Кожны новы выхад на сцэну здаваўся асаблівым, і нельга было вызначыць, хто ж лепшы выканаўца для цябе асабіста. Мабыць, няпроста было і журы, члены якога адзначылі, што ў гомельскай моладзі пастаянна ўдасканальваецца выканальніцкае майстэрства, павышаецца якасць сцэнічных касцюмаў, культуры салістаў і творчых калектываў. Заўважылі суддзі таксама больш шырокае выкарыстанне ў рэпертуары канкурсантаў твораў беларускіх аўтараў.

— Я адказваю за вакальны жанр і магу з упэўненасцю сказаць, што юныя артысты ў вакальным выкананні вельмі выраслі, — адзначыў старшыня журы кампазітар Генадзь Маркевіч. Як доказ гэтага ён прывёў прыклады такіх вядомых міжнародных конкурсаў, як “Голас”,
“Х-фактар”  і інш., у якіх удзельнічаюць беларускія юнакі і дзяўчаты, даходзяць да фіналу і перамагаюць.

Станоўчыя водгукі пачулі таксама канкурсанты, якія дэманстравалі майстэрства ў намінацыях выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, паказаўшы разнастайныя па тэхніцы выканання і выкарыстанні матэрыялаў работы. Не засталіся без увагі і дызайнерскія рашэнні. Як было заўважана, калекцыі адзен­ня адпавядаюць сучасным дызайнерскім тэндэнцыям, арыгінальныя па канструкцыях і сілуэце.

Конкурснае хваляванне абласнога этапу ўжо ў мінулым. Але наперадзе новае выпрабаванне — лепшых талентаў хутка чакае сталічная сцэна, ім належыць выступаць у рэспубліканскім гала-канцэрце.

Што тычыцца вынікаў абласнога этапу конкурсу, то вызначана 268 прызавых месцаў. Самым выніковым аказаўся ўдзел хлопчыкаў і дзяўчынак са Светлагорскага, Мазырскага, Жлобінскага раёнаў, Савецкага раёна абласнога цэнтра і выхаванцаў абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Наталля ЛУТЧАНКА.