Ад фестывалю інавацый да тэхналогій супрацоўніцтва

- 17:14Рознае, Якасць адукацыі

У Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі быў праведзены фестываль інавацый “Лёгкая прамысловасць: ідэі і тэхналогіі будучыні”, дзе былі абмеркаваны крокі далейшага ўзаемадзеяння паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і работадаўцамі ў перыяд мадэрнізацыі вытворчасці. На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты вядучых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Мінска, дырэктары, педагогі і метадысты ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Ва ўмовах дынамічнага развіцця сусветнай эканомікі, маштабнай мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў актуальнай з’яўляецца задача ўмацавання адносін паміж адукацыяй і вытворчасцю для стварэння спрыяльных умоў для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, — адзначыла на пачатку круглага стала намеснік дырэктара Рэспубліканскага дома Ала Сцяпанаўна Герасімук. — Менавіта інавацыйны шлях як у сферы прафесійнага навучання, так і ў сферы прамысловасці дазволіць выйсці на запланаваныя паказчыкі ў развіцці айчыннай эканомікі, створыць задзел для прыцягальнасці галіны і паспрыяе павышэнню іміджу рабочай прафесіі.
Што з’яўляецца першапачатковым — інавацыі на вытворчасці альбо інавацыі ў адукацыі? Ці магчыма гэтыя працэсы ажыццяўляць паасобку, як часцей за ўсё адбываецца сёння? Ці ўсё ж гэты працэс павінен мець узаемны характар, а інавацыі павінны ажыццяўляцца адначасова, ва ўнісон, інакш цяжка будзе забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі кадраў, якія адпавядалі б патрабаванням рынку працы.
Рэалізацыя інавацыйнага шляху развіцця лёгкай прамысловасці адлюстравана ў адпаведнай дзяржаўнай праграме, дзе адным з галоўных кірункаў дзейнасці з’яўляецца мадэрнізацыя прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці на аснове ўкаранення высокіх тэхналогій і сучаснага абсталявання, якая мае на ўвазе павелічэнне тэмпу росту прадукцыйнасці працы. Кожнае прадпрыемства сёння працуе па асабістай праграме мадэрнізацыі, дзе крокі дасягнення пастаўленых задач акрэслены ў межах канкрэтнай вытворчасці.

Прадстаўленыя на круглым стале мінскія прадпрыемствы “Элема”, “Людміла”, “Галантэя” даўно сталі брэндамі айчыннай лёгкай прамысловасці і пазнавальныя на гандлёвым рынку. Гэтыя прадпрыемствы сёння з’яўляюцца самымі буйнымі ў галіне лёгкай прамысловасці нашай краіны і паспяхова прадстаўляюць беларускую прадукцыю не толькі ў гандлі Беларусі, але і на сусветным узроўні. За кошт экспарту прадукцыі істотна расце і прыбытак гэтых прадпрыемстваў, частка сродкаў ад якога ідзе на мадэрнізацыю вытворчасці. Мяркуючы па тым абсталяванні і тэхналогіях, якія ўкаранёны на прадпрыемствах, можна ўпэўнена сказаць, што мадэрнізацыя ў іх праходзіць даволі імкліва.
Яніна Антонаўна Літвіновіч, намеснік дырэктара ААТ “Элема”, расказала, што сёння на прадпрыемстве працэс мадэрнізацыі з’яўляецца пастаянным. Усё абсталяванне, высакахуткаснае, з камп’ютарным кіраваннем, пастаўляецца на прадпрыемства ад вядучых замежных пастаўшчыкоў. Стварэнне аптымальных тэхналагічных працэсаў для вытворчасці, а таксама спрыяльных умоў для работы калектыву сталі штодзённым клопатам кіраўніцтва прадпрыемства. Тэхнічнае і тэхналагічнае пераўзбраенне вытворчасці адбываецца пад уплывам існуючых сусветных тэндэнцый, з узорамі якіх кіраўнікі прадпрыемства знаёмяцца на сусветных выставах і прэзентацыях.
— Арганізацыю вытворчых працэсаў на прадпрыемстве мы пастаянна ўдасканальваем, — паведаміла Яніна Антонаўна. — І гэта мае вынік. Калі на прадпрыемстве створаны самыя спрыяльныя ўмовы для працы, то, безумоўна, вырасце яе прадукцыйнасць і заробак. Такім чынам мы матывуем сваіх работнікаў працаваць якасна, каб наша прадукцыя карысталася попытам. (Сёння асартымент прадукцыі складае звыш 35 найменняў верхняга адзення.)
— Кожны год прадпрыемства абнаўляе парк тэхналагічнага абсталявання, — заўважыла Я.А.Літвіновіч. — Істотна, што мы не бяром сродкі ад інвестыцыйных кампаній і з дзяржаўнага бюджэту, а выкарыстоўваем тыя, якія самі зарабілі. Толькі за апошні час з даходаў прадпрыемства было выдаткавана 1 млн долараў на набыццё новага больш сучаснага тэхналагічнага абсталявання. У першую чаргу гэта набыццё раскройна-насцілачнай тэхнікі, якая дазваляе ажыццявіць раскрой тканін аўтаматызавана і забяспечыць дакладнасць гэтага працэсу амаль да міліметра.
Згодна з праграмай мадэрнізацыі, “Элема” і далей будзе набываць новае абсталяванне, каб забяспечыць цэласны тэхналагічны паток з праграмным кіраваннем. Плануецца ўкараненне ўстаноўкі парагенератараў, якія забяспечваюць сухі пар для апрацоўкі вырабаў, прымяненне парапаветраных манекенаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца якаснае выкананне канчатковай вільготна-цеплавой апрацоўкі адзення, што вельмі важна пры тэхналогіі вытворчасці.

Хуткімі тэмпамі праходзіць мадэрнізацыя і на фабрыцы галаўных убораў “Людміла”, дзе на сённяшні дзень праведзена 100-працэнтнае абнаўленне абсталявання і ўкаранёна сістэма індывідуальнай аплаты працы, якая залежыць ад норм выпрацоўкі. Як паведаміла С.М.Кошэль, галоўны інжынер фабрыкі, разам з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання адзення, раскройны-насцілачным аўтаматызаваным комплексам нядаўна на прадпрыемстве была ўкаранёна аўтаматызаваная транспартная лінія, якая з’яўляецца своеасаблівым ноу-хау фабрыкі. Сутнасць такога механізма ў тым, што ён цалкам замяняе работу з традыцыйнымі цялежкамі, нагружанымі раскройнымі элементамі галаўнога ўбору, на лінію з падвескамі, дзе мацуюцца часткі раскрою, як таго патрабуе аўтаматызацыя вытворчасці. У далейшым такі падыход дазваляе ідэнтыфікаваць швачкамі кожную адзінку крою, падлічыць сваю выпрацоўку за рабочы дзень і нават свой заробак. Такія новыя тэхналагічныя працэсы даюць высокую эфектыўнасць вытворчасці.
Безумоўна, высокі ўзровень тэхналогій і абсталявання, укаранёных на прадпрыемстве, патрабуе такога ж высокага ўзроўню падрыхтоўкі кадраў. Як заўважыла прадстаўнік прадпрыемства, на вытворчасці існуе дэфіцыт кваліфікаваных работнікаў. Прадпрыемства спрабуе сфарміраваць рабочы калектыў з ліку выпускнікоў прафтэхустаноў, але якас ць іх падрыхтоўкі не зусім задавальняе. Калі маладыя швачкі прыходзяць на работу, то мало хто з іх выконвае нарміраванае заданне і спраўляецца з даручанай справай на тэхналагічным канвееры. Адчуваецца інфантыльнасць моладзі, адсутнасць матывацыі да самаўдасканалення, і як вынік — пасля двух гадоў адпрацоўкі маладыя людзі спяшаюцца звольніцца з прадпрыемства.
— Спадзяюся, мы будзем працаваць у больш цеснай звязцы з навучальнымі ўстановамі ў падрыхтоўцы рабочых кадраў для вытворчасці, бо ад гэтага залежыць устойлівасць нашага прамысловага сектара, якасць прадукцыі, фарміраванне працоўных рэсурсаў з ліку кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, — падкрэсліла С.М.Кошэль. — Для гэтага мы ў сваю чаргу павінны імкнуцца ствараць самыя спрыяльныя ўмовы для работы, заахвочваць работнікаў дастойным заробкам.
Гэтую думку падтрымаў Д.Л.Ярыга, галоўны інжынер фабрыкі “Галантэя”.
— Мы павінны выкарыстоўваць усе шляхі для заахвочвання выпускнікоў прафтэхустаноў працаваць на вытворчасці, і рабіць гэта трэба яшчэ ў час вытворчага навучання, — адзначыў прадстаўнік прадпрыемства.
Дзмітрый Леанідавіч паведаміў, што ў большасці работадаўцы не давяраюць практыкантам, якія прыйшлі з прафтэхустановы, і даручаюць ім некваліфікаваную работу. Часта бывае, што падлеткі знаёмяцца са сваёй прафесіяй на старых, непрывабных станках, і можна лёгка ўявіць, якое ў іх уражанне ад будучай прафесійнай дзейнасці. Іншая справа, калі навучэнцу далі ў руку камп’ютарную мышку і ён з дапамогай сучаснага абсталявання можа сам мадэляваць тэхналагічны працэс. Адразу адчуеш, наколькі павышаецца ў яго інтарэс да работы.
— Сапраўды, інавацыі — гэта павышэнне прадукцыйнасці працы, зніжэнне сабекошту прадукцыі, павышэнне заробку, — адзначыў Дзмітрый Леанідавіч. — Але, з другога боку, ва ўмовах дэфіцыту працоўных рэсурсаў узнікае праблема прыцягнення і замацаванасці маладых высокакваліфікаваных кадраў на вытворчасці. Гэта магчыма толькі тады, калі мы больш цесна станем супрацоўнічаць з сістэмай адукацыі ў частцы практычнага навучання. Сёння немагчыма мадэрнізаваць навучальныя ўстановы, аснасціць іх самым сучасным абсталяваннем. І гэта непатрэбна. Мэтазгодна засвойваць прафесійныя навыкі не ў вучэбнай майстэрні, а ў цэху прадпрыемства.

Ілона Антонаўна Чак, дырэктар Мінскага ПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, паведаміла, што каледж заключыў дамоўленасці аб супрацоўніцтве з 42 прадпрыемствамі.
— Наша супрацоўніцтва наладжана нават у сферы фарміравання вучэбна-праграмнай дакументацыі, — заявіла дырэктар каледжа. — Калі раней іх удзел у зместавым насычэнні прафесійнай адукацыі быў у большасці фармальным, то сёння ад прадпрыемстваў мы атрымліваем шэраг канкрэтных прапаноў і заўваг, у тым ліку па выкарыстанні новых тэхналогій.
Каб павысіць падрыхтоўку кадраў, Міністэрства адукацыі разам з Беллегпрамам правяло анкетаванне сферы лёгкай прамысловасці, у якім удзельнічалі 22 прадпрыемствы, на прадмет замацавання за імі праходжання практычнага навучання выхаванцаў прафтэхустаноў, у тым ліку навучэнцаў Мінскага ПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Але ў працэсе гэтага ўзніклі праблемы. Так, напрыклад, з 19 навучэнцаў 2 курса, якія засвойвалі ў гэты час прафесію зборшчыка верху абутку па 3 разрадзе, месцы для практыкі на вытворчасці па гэтым разрадзе былі прадастаўлены толькі 11. Іх заробак за месяц склаў на некаторых абутковых прадпрыемствах каля 300 тысяч рублёў. А вось яшчэ адзін прыклад. З 28 навучэнцаў каледжа, якія засвойваюць прафесію швачкі і за перыяд навучання ўжо маюць 4 разрад, 18 чалавек атрымалі рабочае месца на швейным прадпрыемстве толькі па 2 разрадзе і атрымалі за месяц работы 800 тысяч рублёў. Выкарыстанне навучэнцаў на рабоце з самым нізкім разрадам пагаршае іх стаўленне да будучай прафесіі і зніжае матывацыю працаваць на гэтым прадпрыемстве. Толькі пад пагрозай вяртання сродкаў за навучанне выпускнікі ўстаноў ПТА адпрацоўваюць вызначаныя тэрміны. Сёння дзяржава траціць на навучанне ў прафтэхустанове на аднаго чалавека пасля базавай школы 47 млн рублёў. Магчыма, было б танней для дзяржавы арганізоўваць кароткатэрміновую падрыхтоўку па нізкіх разрадах сярод дарослага незанятага насельніцтва.
Многа нараканняў прафтэхустаноў у адрас заказчыкаў кадраў выклікае і працэс працаўладкавання. Часта бываюць выпадкі, калі прадстаўнікі прадпрыемстваў адмаўляюцца ад выпускнікоў, якія былі ўжо заяўлены працаваць на іх прадпрыемстве, маўляў, іх работа на практыцы не зусім задаволіла. Але чаму б заказчыкам кадраў не працягнуць місію прафтэхустаноў і не ўзяць на сябе далейшае маральнае і працоўнае сталенне маладых людзей, стварыць ім спрыяльную атмасферу для паспяховай адаптацыі ў рабочым калектыве, для ўдасканалення прафесійных навыкаў і працягу кар’ернага росту. Сёння гэтая місія — вучыць, выхоўваць, клапаціцца аб маладым пакаленні — трывала лягла на плечы толькі навучальных устаноў, а гэта несправядліва. Работадаўцы таксама павінны падключацца і падтрымліваць маладых людзей ужо ў рабочым калектыве.

Ірына Анатольеўна Рагалевіч, метадыст Мінскага ПТК швейнай вытворчасці, адзначыла, што каледж дакладна рэагуе на патрабаванні рынку працы. З улікам таго, што сёння швейная вытворчасць ідзе шляхам мадэрнізацыі і ёй патрэбны адпаведныя кадры, у навучальнай установе пачалася падрыхтоўка па прафесіях “Аператар аўтаматызаванага раскроечнага комплексу”, “Аператар аўтаматызаванага насцілачнага комплексу” і шэрага іншых.
— Улічваючы тое, што сучасная вытворчасць прадугледжвае максімальную аўтаматызацыю ўсіх этапаў вытворчасці швейных вырабаў — ад экскіза да гатовай прадукцыі, каледж аснашчаны такім жа абсталяваннем, як і на прадпрыемствах: універсальнымі швейнымі машынамі з праграмным кіраваннем, машынамі для вільготна-цеплавых работ, парапаветранымі манекенамі, прасавальнымі ўстаноўкамі з парагенератарамі і прэсамі, — адзначыла Ірына Анатольеўна. — Парк абсталявання ў каледжы пастаянна абнаўляецца. Толькі ў мінулым годзе было набыта 66 адзінак швейнай тэхнікі на суму 559 млн рублёў.
Падрыхтоўка канкурэнтаздольнага спецыяліста мае на ўвазе яго ўменне працаваць на сучасным абсталяванні не толькі ў працэсе вытворчасці швейных вырабаў, але і на стадыі іх праектавання і раскрою. Сістэма аўтаматызаванага праектавання (САПР) актыўна выкарыстоўваецца на швейных прадпрыемствах, таму і навучальныя ўстановы імкнуцца да яе выкарыстання. У вучэбны план уключаны прадмет “Асновы аўтаматызаванага праектавання адзення”, які дазваляе навучэнцам быць інфармацыйна адукаванымі ў галіне канструявання і засвойваць прагрэсіўныя метады праектавання адзення.
А.Я.Ажар, выкладчык дысцыпліны “САПР у галіне” Мінскага тэхналагічнага каледжа, расказаў, наколькі прадукцыйнай з’яўляецца ўстаноўленая ва ўстанове комплексная аўтаматызаваная сістэма “Грацыя”, прызначаная для канструктарскай і тэхналагічнай падрыхтоўкі кадраў. Сістэма дазваляе арганізаваць вучэбны працэс такім чынам, каб навучэнцы маглі выконваць пабудову канструкцыі на любы тыпавы памер або на індывідуальную фігуру.

Шырокае выкарыстанне сёння мае ў каледжы і электронны падручнік па абсталяванні швейнай вытворчасці. Такі падручнік дапамагае разнастаіць вучэбныя заняткі, дае магчымасць засвоіць вялікі аб’ём матэрыялу. Яго рацыянальна выкарыстоўваць на занятках рознага тыпу і на розных этапах правядзення гэтых заняткаў: пры выкладанні новага матэрыялу, актуалізацыі апорных ведаў, арганізацыі самастойных заняткаў, а таксама ў час прамежкавага і выніковага кантролю. Усе гэтыя новыя вучэбныя тэхналогіі дапамагаюць педагогам узняць вучэбны працэс на больш высокі, больш эфектыўны ўзровень, каб дасягнуць неабходнай якасці падрыхтоўкі кадраў.
Відавочна, сучаснаму педагогу не пражыць з прафесійна састарэлым багажом ведаў, арыентуючыся толькі на традыцыйныя метады навучання, ігнаруючы адукацыйныя інавацыі. У выкладанні сёння павінны прысутнічаць больш эфектыўныя метады, формы і сродкі навучання, такія як дзелавое мадэляванне, праектная дзейнасць, выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў, метад кейсаў, дзелавая гульня, а таксама іншыя прыёмы, сугучныя з найноўшымі вытворчымі інавацыйнымі тэхналогіямі. Для гэтага патрэбен прафесійны рост педагогаў, які можна забяспечыць за кошт павышэння іх кваліфікацыі, у тым ліку на вытворчасці.
Павышэнню прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў і ўмацаванню дзелавых зносін з заказчыкамі кадраў паспрыялі праведзеныя ў рамках фестывалю інавацый кааперацыйная біржа па інавацыйных тэхналогіях, дзелавы брыфінг, вучэбны семінар і майстар-класы лепшых педагогаў.

 

Ала КЛЮЙКО.