Ад формулы “я цябе вучу”— да алгарытму “мы вучымся з табой разам”

На гэтых днях у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы прайшлі II Педагагічныя чытанні па тэме “Сярэдняя спецыяльная педагагічная адукацыя: традыцыі і інавацыі”. Педагогі, метадысты, навукоўцы, навучэнцы, заказчыкі кадраў прынялі ўдзел у размове па ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дзіцячых садоў. Асаблівасцю сёлетніх чытанняў стаў удзел у іх педагогаў з Расійскай Федэрацыі.

Мяркуючы па прадстаўнічасці ўдзельнікаў чытанняў, па змесце прэзентаваных распрацовак, яшчэ раз пераконваешся ў значнасці такіх мерапрыемстваў як для педагагічнай, так і для навучэнскай грамадскасці. Педагагічная галіна была і ёсць не толькі носьбітам новых ідэй і пачынанняў, але і іх правадніком у наша грамадства. Прыемна адзначыць, што Мінскі гарадскі педагагічны каледж цалкам выконвае гэтую місію і сваю гісторыю складае з традыцый і інавацый.

Нацыянальная педагогіка будуецца на багатых традыцыях беларускай школы, на вялікім вопыце педагагічных навучальных устаноў і прыносіць новыя каштоўныя здабыткі і інавацыі, без якіх немагчыма сёння ўдасканальваць педагагічнае майстэрства. Практыка не застаецца без фундаментальнага навуковага абгрунтавання, і ў той жа час навука падмацоўваецца дакладнай і моцнай практыкай.

На педагагічныя чытанні былі вынесены работы па тэмах, якія вызначаюць наша жыццё, працу педагога, з’яўляюцца вельмі актуальнымі і сёння на слыху ў нашым грамадстве і ў кожнага з нас.

— Настаўнік заўсёды быў і ёсць у цэнтры падзей, — адзначыла дырэктар каледжа кандыдат педагагічных навук Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Гэтая прафесія адлюстроўвае наша імклівае жыццё, таму і не дзіўна, што праца настаўніка пастаянна ўдасканальваецца, набывае новыя рысы, сягае за межы традыцыйнага выкладання таго ці іншага прадмета, нясе ў сабе крэатыў, творчасць, ініцыятыву самога настаўніка, авалодванне найноўшымі педагагічнымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Таму наша задача — падрыхтаваць менавіта педагога новага пакалення, які б крыху апярэджваў нашу рэчаіснасць, адпавядаў запытам кіраўнікоў навучальных устаноў, якія фарміруюць педагагічны калектыў.

Патрыятычнае выхаванне моладзі знаходзіцца сёння ў цэнтры педагагічнай працы. Гэты напрамак набывае новае гучанне і злабадзённасць у Год малой радзімы.Таму невыпадкова ў праграму чытанняў уключаны шэраг цікавых распрацовак, скіраваных на асобасна арыентаваны падыход у вывучэнні роднай мовы, літаратуры, культурнай і гістарычнай спадчыны. У каледжы створана педагагічная майстэрня, дзе навучэнцы знаёмяцца з нацыянальным побытам і традыцыямі нашай краіны.Менавіта там, у секцыі пад назвай “Год малой радзімы: гісторыка-культурная спадчына ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, прадоўжыліся педагагічныя чытанні. Кіраўніком гэтай секцыі выступіла загадчыца вытворчага навучання каледжа Святлана Станіславаўна Елісеева. Тон арганізацыі патрыятычнага выхавання сярод навучэнцаў задала загадчыца кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА кандыдат педагагічных навук Людміла Мікалаеўна Варанецкая, якая вынесла навуковае абгрунтаванне фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, прадставіла значнасць роднай мовы ў выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму.

У сваю чаргу Н.Я.Анапрэенка, выкладчык Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, кандыдат філалагічных навук, адзначыла, што выкладчык павінен падтрымліваць і развіваць зацікаўленасць сваіх навучэнцаў у авалоданні беларускай мовай. Вызначальным фактарам у гэтым павінен быць уласны прыклад педагога. Важна захапіць навучэнцаў на прыкладзе ўласнага духоўнага развіцця, свайго імкнення быць патрыётам і грамадзянінам, каб яны не проста сузіралі і былі пасіўнымі на ўроку, а актыўна ў-дзельнічалі ў адукацыйным працэсе, уключаліся ў работу, ініцыіравалі свае ідэі і творча іх рэалізоўвалі.

— Трэба імкнуцца, каб урок роднай мовы стаў своеасаблівым адкрыццём новага і незабыўнага, — адзначыла Наталля Якаўлеўна. — Важна знаёміць сваіх выхаванцаў з беларускай культурай, звычаямі, традыцыямі, што паўплывае на развіццё павагі да роднай краіны і мовы.

Н.Я.Анапрэенка лічыць, што неабходна матываваць выхаванцаў да ўдзелу ў навуковых праектах, каб напрацаваць матэрыял для навучання мове ў далейшым. Змест навучання павінен быць такім, каб у выхаванцаў павышалася матывацыя да вывучэння роднай мовы, адзначыла педагог. Трэба развіваць у іх творчыя здольнасці, шукаць новыя рацыянальныя формы і метады для іх развіцця, для развіцця навуковай дзейнасці.

А.П.Жураўлёва, педагог гэтага ж каледжа, заявіла, што надзвычай важна выхоўваць у будучых педагогаў пачуццё нацыянальнай годнасці, якое непарыўна звязана з павагай да роднай мовы і культуры, таму такія ўрокі вельмі каштоўныя. У час іх правядзення настаўнік імкнецца пашырыць кругагляд навучэнца, ажыццявіць жывы і творчы падыход да развіцця асобы. Каб павысіць эфектыўнасць сучаснага ўрока, патрэбен не шаблон, а арыгінальнасць, творчасць, навізна методык, прыёмаў і пастаяннае імкненне да таго, каб навучэнцам такія ўрокі запомніліся і яны былі ад іх у захапленні.

Работа ўдзельнікаў педагагічных чытанняў прадоўжылася ў секцыях “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў на аснове стандартаў WorldSkills”, “Інавацыі сучаснага адукацыйнага працэсу і фарміраванне прафесійных кампетэнцый спецыяліста” і “Палітра ідэй”. В.В.Філіпенка з Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага ўзняў тэму фарміравання праектнай кампетэнцыі ў будучых настаўнікаў пачатковых класаў. У апошнія тры гады ў каледжы праходзіў эксперымент па апрабацыі мадэлі фарміравання ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый у сферы ўстойлівага развіцця. У ходзе рэалізацыі каляндарнага плана эксперыментальнай дзейнасці былі створаны ўмовы для атрымання навучэнцамі агульнапрафесійных і спецыяльных кампетэнцый. З гэтай мэтай былі праведзены факультатыўныя курсы па праектнай дзейнасці, дзе інтэграваны дысцыпліны агульнаадукацыйнага і прафесійнага кампанентаў. Такі факультатыў дазваляе паглыбіць навучэнцаў у праектную дзейнасць, спазнаць тэхналогію стварэння і рэалізацыі праекта, даведацца аб новых метадах праектнай дзейнасці. У ходзе гэтай работы ўдасканальваюцца асобасныя здольнасці будучых педагогаў, раскрываюцца іх арганізатарскія таленты, у цэлым назапашваецца вопыт праектнай дзейнасці. А гэта значыць, што навучэнцы вучацца мысліць і даследаваць.

С.І.Гзоўская і В.П.Яськевіч, педагогі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, у сваім даследаванні надалі вялікую значнасць асобасна арыентаванаму падыходу ў развіцці і самаразвіцці навучэнцаў. Педагогі сканцэнтравалі ўвагу на асобасна арыентаваных тэхналогіях, якія яны прымяняюць пры выкладанні творчых дысцыплін для будучых педагогаў. Выкладчыкі лічаць, што галоўнымі кампанентамі асобасна арыентаванага падыходу з’яўляецца прызнанне ўнікальнасці кожнага выхаванца. Роля выкладчыка заключаецца не ў перадачы ведаў, уменняў і навыкаў, а менавіта ў стварэнні адпаведнага адукацыйнага асяроддзя, дзе навучэнцы могуць раскрыць усе свае здольнасці. Для гэтага педагогі выкарыстоўваюць асобасна арыентаваныя тэхналогіі на ўроках выяўленчага мастацтва, ручной працы, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнка, кампазіцыі і кветкаводства.

Педагогі ідуць ад формулы “я цябе вучу” да алгарытму “мы вучымся з табой разам” і прымяняюць так званую тэхналогію навучання ў супрацоўніцтве, а таксама тэхналогіі праектнага навучання. Галоўная ідэя навучання ў супрацоўніцтве — вучыцца разам лягчэй, цікавей і больш эфектыўна. Яго сутнасць — арганізацыя групавога ўзаемадзеяння ў працэсе самастойнай пазнавальнай дзейнасці. Тэхналогія праектнага навучання выкарыстоўваецца выкладчыкамі пры выкананні творчых заданняў і спрыяе раскрыццю крэатыўных здольнасцей навучэнцаў. Праекты выконваюцца ў час заняткаў і ў пазаўрочны час у аб’яднаннях па інтарэсах. Многія работы былі прадстаўлены на конкурсах розных узроўняў, дзе атрымалі высокую ацэнку. На думку педагогаў, праектная дзейнасць заўсёды была і застаецца выдатным механізмам для творчых пошукаў навучэнцаў.

Хрысціна Саўкова, Наталля Патапенка, навучэнкі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа (кіраўнік І.А.Марушкевіч), у сваім выступленні падтрымалі значнасць асобасна арыентаванага падыходу ў час урока. На іх думку, ён дазваляе пачаць паўнавартаснае развіццё чалавека. А гэта фарміраванне асабістага “Я”, развіццё творчасці, адказнасці, ініцыятывы, імкнення да вучобы. Калі пры традыцыйным падыходзе выкладання ўсё залежыць ад педагога, які сам вядзе кантроль і ацэньвае работу навучэнцаў, то пры асобасна арыентаваным навучэнцы могуць працаваць у невялікіх групах і ацэньваць сябе самі. Напрыклад, можна праводзіць кіруемыя самастойныя работы, пры якіх вучні могуць карыстацца дапаможнымі матэрыяламі (сшыткі, падручнікі) і дапамогай настаўніка і аднакласнікаў. Пры правядзенні асобасна арыентаваных урокаў у пачатковай школе настаўніку неабходна выклікаць у дзіцяці жаданне працаваць на ўроку. Важна пры гэтым цікавіцца штодзённым жыццём дзіцяці, каб яно магло падзяліцца сваімі ўражаннямі, расказаць пра свае справы. Даваць яму заданні толькі творчыя, каб было цікава, захапляльна, каб дзіця магло развіваць сваю фантазію і дэманстраваць свае поспехі настаўніку. Галоўнае, каб настаўнік паказаў сваю цікавасць да работы кожнага выхаванца, не абдзяліў увагай і добрым словам.

Значнай падзеяй для Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа стаў удзел у руху WorldSkills. Па сутнасці, гэтая ўстанова стала ініцыятарам уключэння прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” ў спіс нацыянальнага чэмпіянату. Навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа пабывалі на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі. Аляксандра Пагасай прадстаўляла сваю ўстанову на нацыянальным чэмпіянаце ў Мінску і стала пераможцай (педагог Н.В.Пралыгіна).

Н.В.Афанасьева з Гатчынскага педагагічнага каледжа імя К.Д.Ушынскага (Расійская Федэрацыя) нагадала, што расіяне сталі першапраходцамі ўвядзення прафесійнай кампетэнцыі ў праграму WorldSkills “Выкладанне ў малодшых класах” (расійскі варыянт). Расійскі каледж таксама ўдзельнічае ў спаборніцтвах гэтага руху і за апошнія гады набыў пэўны вопыт, якім гатовы падзяліцца з беларускімі калегамі. Н.В.Афанасьева адзначыла, што ўдзел у такіх конкурсах дазваляе ўстанове развівацца ў станоўчай дынаміцы. Педагогі імкнуцца засвойваць новыя метады навучання і тэхналогіі, удзельнічаюць у фарміраванні і стварэнні прафесійных стандартаў. Навучэнцы з задавальненнем удзельнічаюць у чэмпіянатах усіх узроўняў, вывучаюць сучасныя тэхналогіі і лепшыя сусветныя практыкі. А самому каледжу такі рух дапамагае абнавіць вучэбна-матэрыяльную базу згодна з сучаснымі патрабаваннямі, забяспечыць сучаснае навукова-метадычнае суправаджэнне. Пры падрыхтоўцы будучых педагогаў малодшых класаў арганізоўваецца вытворчая практыка па такіх модулях, як агульнакультурнае і агульнапрафесійнае развіццё, метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, самаадукацыя, узаемадзеянне педагогаў з бацькамі і шэрагу іншых напрамкаў, якія скіраваны на ўсебаковае развіццё асобы дзіцяці як ва ўрочнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці.
Расійскія калегі з іншых навучальных устаноў педагагічнага профілю падзяліліся сваімі напрацоўкамі, якія плануецца выкарыстаць у нашай прафесійнай адукацыі.

У Мінскім гарадскім педагагічным каледжы збіраюцца правесці міні-чэмпіянат WorldSkills па прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, у якім могуць удзельнічаць навучэнцы ўстаноў адукацыі педагагічнага профілю з усёй краіны. Ужо падрыхтаваны праект гэтага міні-чэмпіянату, які будзе праходзіць у рамках модуля “Распрацоўка дыдактычных заняткаў і прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

Дырэктар каледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая паведаміла, што ва ўстанове рэалізоўваецца праект па фарміраванні прафесійных кампетэнцый на аснове стандартаў WorldSkills. Мэтай яго стала работа па арганізацыі сістэмы мерапрыемстваў, у аснове якой пакладзены Skill managment Plan (SMP) — план кіравання навыкамі прафесійных кампетэнцый. Навізна праектнай дзейнасці вызначана рэалізацыяй SMP, які з’яўляецца абавязковай часткай сістэмы кантролю якасці ў рамках чэмпіянату WorldSkills. Гэта дарожная карта, кіраўніцкі дакумент, дзе закладзены такія пазіцыі, як пералік неабходных мерапрыемстваў, тэрміны іх правядзення, адказныя асобы, змест. Удасканальваць прафесійны патэнцыял педагогаў дазваляе сістэма метадычных мерапрыемстваў, якая прадстаўлена ў SMP. Гэта выставы матэрыялаў з вопыту работы, практычныя напрацоўкі, афармленне метадычак па ўкараненні стандартаў WorldSkills па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента. Важна адзначыць, што педагогі каледжа прынялі ўдзел у распрацоўцы праекта адукацыйнага стандарту па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і кваліфікацыі “выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.