Ад гімназічнага парога ў жыццё шырокая дарога

На выпускным вечары гучыць вальс, і прыгожыя пары танцуюць гэты класічны танец. На дыскатэках моладзь танцуе зусім па-­іншаму, але ў такі святочны дзень, напэўна, у кожнай школе і гімназіі, у кожным горадзе і вёсцы захоўваецца традыцыя — усе танцуюць вальс.

Вось і для 22 выпускнікоў 11 класа гімназіі № 5 Гродна выпускны вечар пачаўся з вальса. Усяго ж у маладзёжнай сталіцы краіны, якой Гродна стала ў гэтым го­дзе, святочны выпускны вальс станцавалі 2100  выпускнікоў.

Гэта было свята музыкі і танцаў, любові і надзеі, бальных сукенак і элегантных касцюмаў — у вялікае дарослае жыццё адправіўся дружны, вясёлы, актыўны, таленавіты клас. Менавіта так сказала пра сваіх вучняў класны кіраўнік настаўніца матэматыкі Наталля Васільеўна Шамрэй.

— У гэтым выпуску тры чалавекі атрымалі залатыя медалі — Яна Малышка, Вікторыя Бойчык і Элізабэта Вышнікава. Многія адзначаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя дасягненні ў вывучэнні асобных прадметаў, — расказвае Наталля Васільеўна. — А яшчэ яны былі актыўнымі ва ўсіх справах: як валанцёры дапамагалі ветэранам педагагічнай працы, удзельнічалі ў навуковых і творчых мерапрыемствах.

Гімназію № 5 Гродна па праве можна назваць творчай. Тут дзеці развіваюць свае здольнасці ў харэаграфіі і выяўленчым мастацтве, музычным і тэатральным мастацтве. Сем аматарскіх калектываў гімназіі маюць званне “ўзорны”. З 2011 года ў гімназіі працуе філіял кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, наладжана супрацоўніцтва з каледжам мастацтваў, гума­нітарным каледжам, абласнымі аддзяленнямі Саюза мастакоў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, драматычным тэат­рам і тэатрам лялек, філармоніяй. Падтрымліваюцца  сувязі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.

Выпускнікі гэтага года да 9 класа вучыліся ў класах з творчым ухілам. У 10 і 11 класах іх аб’ядналі ў адзін калектыў, дзе па групах на паглыбленым узроўні яны вывучалі матэматыку, біялогію, рускую і англійскую мовы, не расстаючыся з творчасцю.

Шчырыя словы падзякі за веды, падтрымку ва ўсіх справах выпускнікі выказалі сваім настаўнікам і бацькам, а ў канцы вечара запрасілі іх на танец.

— Усе нашы дзеці творчыя, — гаворыць дырэк­тар гім­назіі Вольга Ге­надзьеўна Хіт­рушка. — Працаваць з імі скла­дана, але цікава. Пад­рыхтоў­ку да выпускнога яны ажыц­цяўлялі самастойна, канечне, пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Аліны Чаславаўны Танке­віч. Дзеці самі пішуць сцэнарый, рыхтуюць творчыя нумары. Вось і вядучымі ўрачыстасці былі нашы выпускніцы Соф’я Протас і Арына Войтас.

Не засталіся ўбаку і бацькі. Яны падрыхтавалі сваім дзецям творчыя падарункі: праспявалі жартоўныя прыпеўкі, паказалі відэафільм аб школьных гадах сваіх дзяцей, чым выклікалі слёзы ў такіх ужо дарослых хлопчыкаў і дзяўчынак.

Шмат добрых, натхняльных слоў прагучала ў гэты вечар для выпускнікоў. Першая настаўніца Анжаліка Віктараўна Былеўская выказала пачуцці ўсіх педагогаў і бацькоў простымі, але такімі важнымі словамі: “Мы вас любім! Мы ў вас верым!”

У добры шлях, выпускнік­-2021!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны БАРСУКОВАЙ.