Настаўнік ніколі не павінен спыняцца на дасягнутым. Ён можа вучыць іншых толькі тады, калі вучыцца сам. Гэта тычыцца і арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў.
Такая дзейнасць звязана з вырашэннем творчай ці даследчай задачы з загадзя вядомым (для настаўніка) рашэннем і ўключае некалькі этапаў: пастаноўку праблемы, вывучэнне тэорыі па пэўнай праблематыцы, падбор методык даследавання і практычнае авалоданне імі, збор уласнага матэрыялу, яго аналіз і абагульненне, уласныя высновы. Галоўная задача — развіццё асобы вучня, а не атрыманне аб’ектыўна новага выніку, як у “вялікай” навуцы.
Для дасягнення поспеху неабходна знайсці актуальную тэму. Некаторыя тэмы сваіх даследаванняў дзеці чэрпаюць са школьных інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?”, якія праводзяцца ў школе сярод вучняў 5—11 класаў на працягу навучальнага года. На адной з такіх гульняў прагучала пытанне: “Які абавязковы атрыбут класа прыдумаў Пётр Караткоў, ссыльны пецярбургскі студэнт, які працаваў настаўнікам у сельскай школе вёскі Брусняты на Урале? Менавіта за гэта ён атрымаў у 1887 годзе дыплом і патэнт, а таксама быў узнагароджаны сярэбраным медалём”. Гэтае пытанне падштурхнула дзесяцікласніка Марка Цуканава і настаўніка тэхнічнай працы Г.Б.Хахлова да стварэння сучаснай парты, якая мела стальніцу з механізмам рэгулявання яе нахілу для пісьма, чытання і малявання, рэгулявалася па вышыні і мела трымальнік для кнігі. Вынікам работы над даследчым праектам “Школьная парта: гісторыя і сучаснасць” стаў дыплом II ступені на раённай канферэнцыі і дыплом III ступені на абласным конкурсе даследчых работ вучняў.
Штогод у нашай школе праходзяць сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі настаўнікаў і вучняў, прысвечаныя вядомым людзям Брэстчыны і мясцовым гiстарычным аб’ектам. Сярод тэм — “Тадэвуш Касцюшка — герой двух кантынентаў”, “Па месцах акварэляў Напалеона Орды”, “Агінскі канал: гісторыя, праблемы і перспектывы развіцця” і інш. Канферэнцыям папярэднічалі экскурсійныя паездкі настаўнікаў і вучняў па знакамітых мясцінах, збор дакументальных даных, фота- і відэаматэрыялаў.
Вынікам сумесных навукова-практычных канферэнцый стала ўключэнне напрацаваных матэрыялаў у электронны падручнік па краязнаўстве “Віртуальнае падарожжа па гісторыі Палесся”, падрыхтаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Навукова-інжынерным рэспубліканскім УП “Інстытут прыкладных праграмных сістэм”.
Усе матэрыялы праведзеных канферэнцый афармляюцца ў электронныя кнігі з эфектам разгорнутых старонак. Так, Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна стварыла з нашай дапамогай сваю электронную кнігу, прысвечаную вядомаму брэсцкаму мастаку-графіку Л.Алімаву. (www.gcbs-brest.by/virtualnyj-muzej-lva-alimova).
Наша школа носіць імя свайго выпускніка В.І.Хована, воіна-інтэрнацыяналіста, які загінуў у Афганістане. Ва ўстанове працуе клуб “Патрыёт” і музей вайны ў Афганістане, якім кіруе настаўнік рускай мовы і літаратуры І.К.Швораб. Вучні Лізавета Шульган і Мікіта Малькевіч разам з дырэктарам школы Г.П.Валынец і настаўнікамі геаграфіі, тэхнічнай працы, АБЖ і інфарматыкі вырашылі зрабіць штосьці новае і цікавае для музея. Вынікам сумеснай працы стала даследчая работа “Выкарыстанне галаграм у музейнай педагогіцы”, адзначаная дыпломамі I ступені на раённай канферэнцыі і абласным конкурсе даследчых работ вучняў.
Летась музей вайны ў Афганістане прыняў актыўны ўдзел у IV Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праходзіў у Брэсце ў рамках святкавання 1000-годдзя горада. Калектыў школы правёў вялікую работу па падрыхтоўцы прэзентацыі дзейнасці музея “Афганістан баліць у маёй душы”.
Здавалася б, чым можа здзівіць музей? Аказваецца, можа! Акрамя некалькіх стэндаў, устаноўленых на экспазіцыйнай пляцоўцы, увагу наведвальнікаў прыцягнула 3D-галаграма з выявай 28 воінаў-афганцаў, ураджэнцаў Брэста, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Ніхто з прысутных не застаўся абыякавым да кранальных выступленняў школьных экскурсаводаў Лізаветы Шульган і Мікіты Малькевіча.
Наша работа на форуме была адзначана дыпломамі міністэрстваў адукацыі і культуры Беларусі.
Сярод апошніх цікавых праектаў — мадэрнізацыя кнопкавай сістэмы падачы гукавых сігналаў па школьным раскладзе без істотных змяненняў у існуючай сістэме ручнога кіравання званкоў. Праект “Аўтаматычная сістэма падачы школьных званкоў” атрымаў дыпломы I ступені на раённай і абласной канферэнцыях.
Распрацаваная сістэма дзейнічае ў школе каля 3 гадоў. Яна запатэнтавана Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці Беларусі. Аўтарскія правы належаць мне і выпускніку школы Канстанціну Лапушку.
Даследчыя работы вучняў практыка-арыентаванага характару маюць найбольшую каштоўнасць. Асабліва цікавым і карысным праект становіцца тады, калі яго курыруюць выкладчыкі розных прадметаў і калі над ім працуе група вучняў з рознымі інтарэсамі. Актуальныя тэмы можна ўзяць са штодзённага жыцця.
Аляксандр АГЕЯВЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована Брэста.