Галоўная студэнцкая інтрыга вырашылася ў суботу ў Горках. Гран-пры ў конкурсе “Студэнт года-2014” атрымала Аляксандра Малаканава, будучы юрыст з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яе сапернікамі, якія за два конкурсныя дні сталі сябрамі, былі сем фіналістаў — пераможцы ўсіх абласных конкурсаў і ажно тры лепшыя студэнты сталіцы.
Дыслакацыя батальёна на конкурснай сцэне
Фінал конкурсу праходзіў у два этапы. Першы ўключаў конкурс “Праект у Год моладзі” і конкурс прамоўніцкага майстэрства “Мая спецыяльнасць — мая гарантыя будучыні”. Самым відовішчным і яркім стаў другі конкурсны дзень. А напал канкурэнцыі выявілі творчыя спаборніцтвы.
Сёлета конкурс прайшоў з патрыятычным адценнем. Безумоўна, у год юбілею гераічнай славы не магло быць інакш, таму Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які выступае арганізатарам конкурсу ўжо чацвёрты раз, ініцыіраваў тэматычныя конкурсы. Так, удзельнікам разам з традыцыйнымі творчымі конкурсамі ўпершыню было прапанавана прыняць удзел у конкурсе “Мой герой Перамогі”, прысвечаным 70-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўная задача кожнага фіналіста — у любым жанры расказаць пра чалавека, ветэрана, чый подзвіг стаў прыкладам мужнасці для маладога пакалення. Выступленні былі яркімі. Студэнты прыгожа і пранікнёна паказалі, што ганарацца героямі Радзімы.
Менавіта гэтым можна патлумачыць і тое, што палова фіналістаў была ў форме — будучым ваенным, міліцыянеру і абаяльнай выратавальніцы тэма подзвігу куды бліжэй. Як жартавала журы, на конкурснай сцэне дыслацыраваўся цэлы батальён. Але пры гэтым усе фіналісты аказаліся вельмі творчымі і адоранымі. Так, Ганна Мядзелец, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аказалася таленавітым мадэльерам, цудоўнай танцоркай. Дар’я Селязнёва, курсант інжынернага факультэта Камандна-інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, нягледзячы на сваю ўяўную вытанчанасць і кволасць, як даведаліся гледачы яе відэавізітоўкі, з лёгкасцю выратоўвае людзей на вадзе, тушыць пажары і нават кіруе верталётам.
Будучы радыёінжынер з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Наталля Віннікава не толькі не развітваецца з татавым падарункам — наборам адвёртак, якімі можа наладзіць любы электронны прыбор, але і з пуантамі, чым шчыра ўразіла журы. Яе калегам па танцах, праўда народных, аказаўся і будучы ваенны фінансіст Аляксандр Гайвароўскі з БНТУ.
Бліжэй за ўсіх да перамогі ў конкурсе “Студэнт года” ўдалося падысці хлопцам у форме. Трэцяе прызавое месца заваяваў Віктар Кураж, будучы міліцыянер з Магілёўскага інстытута МУС і па сумяшчэнні акцёр, рэжысёр, аўтар арыгінальных вершаў, у тым ліку і гімна курсантаў. На гэтую ж, трэцюю, прыступку ўдалося падняцца і юнаку з выдатным пачуццём гумару Аляксею Кутафіну, курсанту ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Другога месца ўдастоіўся будучы ўрач і трубач Андрэй Савосцін, студэнт Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Любіць сваю краіну трэба не для балаў журы
Тое, што пераможцай будзе менавіта Аляксандра Малаканава з Баранавіч, з самага пачатку конкурснай праграмы прадугадвалі многія прысутныя — а ў зале было больш за 600 студэнтаў з 44 устаноў вышэйшай адукацыі краіны. І справа не толькі ў дзявочым абаянні, якое па традыцыі падкупляе журы — ні разу яшчэ студэнтам года не станавіўся прадстаўнік моцнай паловы.
Першай яна была і па парадкавым нумары — Аляксандра два дні распачынала ўсе конкурсы. Але права на гэты тытул яна заваёўвала куды даўжэй — амаль пяць студэнцкіх гадоў. Аляксандра Малаканава — яскравы доказ таго, што паспяховы юрыст і крыміналіст наперакор стэрэатыпам можа быць абаяльнай, вытанчанай дзяўчынай, цудоўнай актрысай, паэтэсай, вакалісткай, танцоркай. Да мікрафона і канцэртных сукенак яна прывыкла з маленства. За 16 гадоў яна асвоіла і сучасныя танцы, і народныя, і бальныя. Гучныя перамогі былі і ў складзе творчага харэаграфічнага калектыву “Імпрэза”, які прыехаўна на конкурс падтрымаць сваю сяброўку. Саша — ініцыятар і арганізатар шматлікіх мерапрыемстваў і акцый для саюзнай моладзі. Яшчэ на адборачным этапе конкурсу ў Брэсце дзяўчына кранула журы сваім сацыяльным праектам “Дабро без межаў” і ўменнем матываваць маладых людзей на карысныя справы, на дапамогу тым, каму яна неабходна.
І гэта пры тым, што свае галоўныя поспехі яна робіць у крыміналістыцы. Аляксандра піша па некалькі навуковых работ за год, з імі паспяхова выступае на навукова-практычных канферэнцыях па праве і крыміналогіі. Аляксандра не раз станавілася дыпламанткай не толькі рэспубліканскіх, але і міжнародных канферэнцый, прызёрам юрыдычных і паліталагічных алімпіяд, прычым ухіл дзяўчына робіць не столькі на вывучэнне вопыту калег, колькі на ўласныя распрацоўкі, хоць у юрыдычнай сферы, здавалася б, для інавацый мала месца. Напрыклад, Аляксандра робіць поспехі ў храматаграфіі — мала даследаванай галіне, у якой злачынствы раскрываюцца навуковымі метадамі. Відавочна, свае прафесійныя поспехі яна будзе рабіць не адна: яе выбраннік, які ўжо зрабіў Аляксандры самую жаданую для дзяўчыны прапанову, таксама працуе ў следчым камітэце.
Таму, як удаецца Аляксандры сумяшчаць і выдатную вучобу, і працу, і творчасць, не перастае дзівіцца яе мама Людміла Міхайлаўна, якая таксама падтрымлівала дачку за кулісамі. “Я ганаруся Сашай у першую чаргу як маці, — прызналася жанчына. — Яна пры ўсёй сваёй занятасці вельмі чулая, клапатлівая дачка, хоць дома я бачу яе вельмі рэдка. Але калі чалавек хоча нечага дасягнуць — трэба пастарацца. Галоўнае, што такое актыўнае жыццё ёй падабаецца і яна ніколі не бывае стомленай”.
Нават два месяцы падрыхтоўкі да конкурсу яе не стамілі, тым больш што, як прызналася Саша, яна не імкнулася мэтанакіравана да перамогі, не імкнулася пераканаць журы, а была самой сабой. Праўда, ёй трэба было годна прадставіць свой універсітэт, які ўпершыню выйшаў у фінал.
Асабістая ўвага ад саюза моладзі
“Удзел у такім конкурсе — гэта шанс паказаць сябе, свае таленты, сваю любоў да краіны, — адзначыла Аляксандра, прымаючы віншаванні. — А наперадзе — такое ж творчае жыццё. Гэта мой стыль — старацца жыць для краіны!” А для тых, хто толькі збіраецца прыняць удзел у гэтым конкурсе, Аляксандра пажадала любіць сваю краіну шчыра, а не для балаў журы.
Але, як адзначыў Дзмітрый Варанюк, каардынатар конкурсу, саюз моладзі пастараецца, каб пераможца і прызёры адчулі і асабістую ўвагу да сябе: “Мы будзем падаваць заяўкі ў савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў аб прысуджэнні ім спецыяльнай прэміі. Акрамя таго, прызёры і пераможца будуць мець пераважнае права пры засяленні ў інтэрнаты падчас вучобы і права выбару месца для размеркавання пасля атрымання дыплома. А мы як грамадская арганізацыя пастараемся дапамагчы творча рэалізавацца. Напрыклад, Аляксандр Козыраў, фіналіст конкурсу “Студэнт года-2012”, зараз працуе на радыё і, дарэчы, выступіў вядучым гэтага конкурсу. Марыя Філімонава, пераможца мінулага года, настолькі змяніла свой светапогляд пасля конкурсу, што вырашыла атрымаць яшчэ і акцёрскую адукацыю”.
Узнагароды і падарункі прызёрам конкурсу “Студэнт года-2014” і яго пераможцы Аляксандры Малаканавай уручылі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў і першы сакратар БРСМ Андрэй Белякоў. Завяршаючы конкурс, Андрэй Эдуардавіч пажадаў усім студэнтам захаваць атмасферу гэтага свята, пазітыўнай энергетыкі, маладосці на працягу ўсяго года.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляксандра ГУРЫКАВА.