Ад ідэі — да інавацыйнай вытворчасці

Навуковая і навукова-тэхнічная дзейнасць, інавацыі і камерцыялізацыя распрацовак, прыцягненне ў навуку моладзі — гэтыя і іншыя актуальныя пытанні абмеркавалі прарэктары па навуковай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі і навуковых арганізацый краіны на семінары-нарадзе ў Гродне.

Удзельнікаў семінара, работу якога ўзначаліла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, прымаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі 24 устаноў адукацыі і навуковых арганізацый рэспублікі. Пасля пленарнага пасяджэння навукоўцы наведалі новую пляцоўку навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы і пазнаёміліся з магчымасцямі, якія створаны для ініцыятыўных, творчых людзей, у тым ліку выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.

Адкрываючы семінар-нараду, Ірына Старавойтава заўважыла, што апошнім разам такая сустрэча прарэктараў па навуковай рабоце адбылася тры гады назад.

— Невыпадкова наша сустрэча праходзіць у Гродне — маладзёжнай сталіцы Беларусі гэтага года. У навукова-даследчай дзейнасці мы ў першую чаргу арыентуемся на моладзь, на яе магчымасці і перспектывы. За мінулы год у нас з’явіліся новыя стандарты, магістратура стала навукова-арыентаванай. Сёння мы рыхтуем спецыялістаў, якія будуць працаваць ва ўніверсітэтах, навуковых цэнтрах, на інавацыйных пляцоўках, у канструктарскіх бюро. Міністэрства адукацыі ўнесла ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапановы, якія тычацца абавязковага кваліфікацыйнага патрабавання да прызначэння на пасады асістэнта і выкладчыка ва ўстановах вышэйшай адукацыі — наяўнасці ў прэтэндэнта ступені магі­стра, — адзначыла першы намеснік міністра.

Ірына Старавойтава падкрэсліла, што ўстановы вышэйшай адукацыі актыўна развіваюцца ў межах праекта “Універсітэт 3.0”, у які ўключаны 18 УВА, дзейнічаюць тэхнапаркі, у гэтым годзе павялічылася колькасць абароненых кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, як і колькасць паступаючых у дактарантуру.

— Усё гэта вынік сістэмнай работы, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна. — Уводзяцца новыя дысцыпліны, развіваецца інавацыйная і прадпрымальніцкая інфраструктура ўстаноў вышэйшай адукацыі з мэтай стварэння інавацыйнай прадукцыі і камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Але гэтая работа павінна быць больш практыка-арыентаванай.

Першы намеснік міністра адукацыі звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на тое, што трэба павышаць эфектыўнасць падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама больш актыўна супрацоўнічаць з саветамі маладых вучоных, якія дзейнічаюць пры ўніверсітэтах. Трэба часцей сустракацца з моладдзю, і гэта павінна быць адкрытае абмеркаванне самых розных пытанняў, у тым ліку іх прапаноў па ўдасканаленні інавацыйнай, даследчай дзейнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Дарэчы, навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў павінна быць выбудавана ад першага да апошняга курсаў і не насіць фармальны характар.

Рэктар ГрДУ Ірына Кітурка падкрэсліла, што статус Гродна — маладзёжнай сталіцы Беларусі ў гэтым годзе — дазволіў Купалаўскаму ўніверсітэту знаходзіцца ў цэнтры мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню, звязаных з вышэйшай адукацыяй, і быць пляцоўкай для іх правядзення. Семінар прарэктараў па навуковай рабоце стаў лагічным працягам сустрэчы, што прайшла днём раней, калі на базе ГрДУ імя Янкі Купалы члены экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу абмяркоўвалі падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі для УВА. Як і на семінары, на савеце ЭКС разглядаліся пытанні прыцягнення моладзі ў навуку, работы з адоранымі і таленавітымі юнакамі і дзяўчатамі.

Падчас семінара абмяркоўваліся асаблівасці арганізацыі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, работа тэхнапаркаў і шляхі прыцягнення моладзі ў навуку. Сваімі напрацоўкамі і вопытам падзяліліся прарэктары па навуковай рабоце: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Сафонаў, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Малярэвіч і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Алег Дземідзенка.

Як вырашаюцца абазначаныя пытанні ў сістэме Міністэрства адукацыі, агучыў у дакладзе начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Пётр Пякуцька.

— Перад удзельнікамі семінара-нарады стаяла задача вызна­чыць стан арганізацыі і ажыццяўлення навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў арганізацыях і ўстановах Міні­стэрства адукацыі, зразумець, што дасягнута на бягучы момант, якія ёсць праблемы. І другая задача — вызначыць шляхі, кірункі развіцця ўніверсітэцкай навукі, інавацыйнай дзейнасці. Улічваючы, што падобнае мерапрыемства праходзіла тры гады назад, за гэты час змяніўся шэраг нарматыўных актаў, якія рэгулююць навукова-тэхнічную сферу, часткова абнавіліся кадры, мы вырашылі наладзіць больш цесныя кантакты з усімі прарэктарамі па навуковай рабоце, каб забяспе­чыць зладжанасць нашага далейшага супрацоўніцтва. Мы ганарымся нашымі поспехамі, кадрамі, патэнцыялам, аднак ёсць кірункі, якія неабходна ўдасканальваць, — адзначыў Пётр Пякуцька.

Прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоў­скі падчас наведвання ўдзель­нікамі семінара ўніверсітэцкага тэхнапарка расказаў пра яго дзей­насць, пазнаёміў з рэзідэнтамі і іх напрацоўкамі, паказаў новую пляцоўку, якая будзе ўведзена ў хуткім часе. Таксама ён падзяліўся вопытам Купалаў­скага ўніверсітэта па стварэнні экасістэмы інавацыйнай дзейнасці, аснову якой складаюць такія элементы інфраструктуры, як цэнтр трансферу тэхналогій, навукова-тэхналагічны парк і створаная ў 2019 годзе студыя праектаў і стартапаў.

— Цэнтр трансферу тэхналогій  з’яўляецца сувязным звяном паміж навукоўцамі і вытворчасцю па прасоўванні ідэй. Для таго каб нашы выкладчыкі маглі ініцыіраваць праекты, ствараць інавацыйны бізнес, займацца прадпрымальніцтвам, пры цэнтры трансферу тэхналогій і была створана студыя праектаў і стартапаў. Яна дапамагае не толькі выкладчыкам, але і студэнтам фарміраваць прадпрымальніцкія кампетэнцыі і рэалізоў­ваць інавацыйнае прадпрымальніцтва ў рэгіёне на базе навукова-тэхналагічнага парка.

Падчас наведвання тэхнапарка ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з шэрагам праектаў рэзідэнтаў. Так, студэнт другога курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ Аляксандр Чугай сабраў каманду і стварыў інавацыйнае прад­прыемства, якое займаецца дызайнам інтэр’ера і візуалізацыяй віртуальнай рэальнасці. Прасцей кажучы, згодна з пажаданнямі кліента яны ствара­юць інтэр’ер памяшкання і затым праз акуляры віртуальнай рэальнасці паказваюць, як будзе выглядаць кватэра пасля рамонту. Гэта толькі адзі­н з прыкладаў, калі ідэя вылілася ў інавацыйную дзейнасць. Увогуле сярод 14 сённяшніх рэзідэнтаў тэхнапарка палова кампаній створана выкладчыкамі і студэнтамі. У базе ўжо больш за 50 інавацыйных праектаў, для рэалізацыі якіх універсітэт шукае заказчыкаў сярод вытворцаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.