Ад ідэі да рэалізацыі

Восеньскія канікулы прайшлі з карысцю для навучэнцаў нашага раёна, якія сталі не толькі слухачамі, але і ўдзельнікамі семінара-трэнінга “Школьная бізнес-кампанія. Ад ідэі да рэалізацыі”, што ладзіўся на базе сярэдняй школы № 2 Мсціслава.

Як знайсці і рэалізаваць ідэю, стварыць прадукт, прывабны для спажыўца і інвестараў? На гэтыя і іншыя пытанні адказваў вядучы семінара Аляксандр Сямёнаў, настаўнік Хадасоўскай сярэдняй школы. Размова таксама ішла пра крыніцы і крытэрыі выбару бізнес-ідэі, пра бізнес-план, фактары матывацыі і вытворчасці, пра мэты і тактыку маркетынгу. Удзельнікам (а імі сталі навучэнцы сямі ўстаноў адукацыі Мсціслаўскага раёна) давялося не толькі пералічыць якасці, неабходныя прадпрымальніку, але і праявіць іх у ходзе падрыхтоўкі і прэзентацыі свайго бізнес-праекта.

Ад Мушынскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа прэзентатарам бізнес-ідэй быў Кірыл Кобазаў, а Аліна Пстыга і Дзмітрый Ісаеў — стваральнікамі бізнес-праекта. Складаным, але выканальным аказалася заданне знайсці 10 “плюсаў” і 10 “мінусаў” свайго бізнесу.

Асабліва спадабалася работа ў групах, якія складаліся з навучэнцаў з розных школ. Праявілі камунікатыўныя якасці і крэатыўнасць пры стварэнні плаката: апісалі і назву прапанаванага прадукту, і яго плюсы, і колькасць неабходных для развіцця сродкаў. А перакананне патэнцыйнага інвестара аб неабходнасці ўкладання сродкаў у развіццё гэтага прадукту праходзіла ў ліфце, які рухаецца 30 секунд.

Гульня “Як зарабіць на жыццё” выявіла паспяховых прадпрымальнікаў. Лепшы вынік быў у Кірыла Кобазава.

У гульні “Зефірная праблема” пераможцай стала тая група, дзе ў найбольшай ступені праявілася каманднае ўзаемадзеянне і ўвасобілася арыгінальная ідэя.

Удзельнікі семінара атрымалі карысныя веды, новыя знаёмствы. Думаю, што трэнінг даў штуршок, абудзіў цікавасць да крэатыўнай індустрыі, да стварэння і вядзення бізнесу.

Ірына ФЕДАНЕНКАВА,
настаўніца фізікі
Мушынскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна.