Ад ідэі да ўкаранення

Навукова-даследчая лабараторыя комплекснага аналізу, мадэлявання і прагназавання даных будзе створана ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

Як праінфармаваў старшыня савета маладых вучоных ВДУ Аляксандр Дудараў, тут будуць праводзіць даследаванні на стыку матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій, біялогіі і біятэхналогій, хіміі, экалогіі і геаінфармацыйных сістэм. Плануецца, што лабараторыя размесціцца ў асобным будынку і па ўзроўні абсталяванасці будзе адпавядаць стандартам 5—6 тэхналагічных укладаў. Новая структурная адзінка ўніверсітэта стане пунктам росту ў сістэме эксперыментальнай і практычнай дзейнасці навуковых школ і напрамкаў УВА, пашырэння навукова-метадычнай базы даных для правядзення фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў. Яна ў тым ліку будзе садзейнічаць удасканальванню навукова-даследчай работы выкладчыкаў і студэнтаў, павышэнню яе эфектыўнасці і практычнай значнасці, а таксама падтрымцы ініцыятыў і навукова-даследчых праектаў калектываў кафедр і факультэтаў, апрабацыі інавацыйных тэхналогій, умацаванню навуковых сувязей з блізкімі па родзе дзейнасці ўстановамі і арганізацыямі, прапагандзе навуковых ведаў сярод грамадскасці. Для арганізацыі лабараторыі ўстанова вышэйшай адукацыі валодае неабходным патэнцыялам і магчымасцямі. Шэраг праектаў і даследаванняў па пералічаных напрамках работы паспяхова рэалізаваны або рэалізуюцца — на гэтай базе і плануецца стварэнне лабараторыі.

— Па прымяненні геаінфармацыйных тэхналогій у розных галінах мы працуем па трох асноўных напрамках, — расказаў старшы выкладчык кафедры экалогіі і геаграфіі факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук Андрэй Тарбенка. — Першы з іх — інвентарызацыя месцаў вырастання інвазійных відаў раслін, што ў рамках выканання дзяржаўнай праграмы праведзена на ўсёй тэрыторыі Віцебшчыны. Створана інфармацыйная сістэма “Інвазійныя віды вобласці”, а вынікамі нашай работы актыўна карыстаюцца практычна ўсе раёны. Другі напрамак — даследаванні па грантах Міністэрства адукацыі і Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў у сферы выкарыстання нейрасетак. Гэта, насамрэч, зручна: дзякуючы нейрасеткам, у картаграфіі можна на спадарожнікавых здымках і матэрыялах дыстанцыйнага зандзіравання лёгка вылучаць аб’екты, межы. Трэці напрамак таксама вельмі перспектыўны і максімальна набліжаны да практыкі — выкарыстанне геаінфармацыйных сістэм у дакладным земляробстве. У нас заключаны гаспадарчы дагавор з ТАА “Інтэлектуальныя сістэмы земляробства”, непасрэдна па апрабацыі нашых напрацовак цесна кантактуем з ТАА “Сушчова-Агра”.

У навуковых даследаваннях на працягу ўсяго перыяду навучання актыўна ўдзельнічаюць студэнты ўніверсітэта. Яны вучацца вырашаць актуальныя навукова-практычныя задачы, набываюць навыкі прымянення іх у рэальных умовах на сучасным абсталяванні. Вынікі даследаванняў прадстаўляюцца ў выглядзе курсавых і дыпломных работ, удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ студэнтаў, навуковых дакладаў на канферэнцыях, навуковых публікацый у зборніках і часопісах. Па словах Аляксандра Дударава, у навукова-даследчай рабоце задзейнічаны практычна кожны другі студэнт ВДУ імя П.М.Машэрава.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.