Ад імплантаў да спадарожнікаў

Традыцыйна ў апошнюю нядзелю студзеня ў краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі — добрая нагода, каб узгадаць дасягненні вучоных у розных галінах ведаў. Значны ўклад у нацыянальную скарбонку робяць і ўніверсітэцкія даследчыкі.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Пётр Пякуцька, 36 устаноў у сістэме нашага міністэрства ма­юць статус акрэдытаваных навуковых арганізацый, з іх 21 універсітэт і 15 іншых устаноў (тэхнапаркі, НДІ пры ўніверсітэтах і інш.). У сістэме функцыянуюць 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным абсталяваннем, 3 цэнтры трансферу тэхналогій, 6 навукова-тэхналагічных паркаў, 30 галіновых лабараторый.

Пётр Мікалаевіч агучыў некаторыя перспектыўныя напрамкі ўніверсітэцкіх даследаванняў. У прыватнасці, вучоныя БДУІР распрацоўваюць інавацыйныя матэрыялы і тэхналогіі для высокаэфектыўных устройстваў оптаэлектронікі новага пакалення. У БДУ вядуцца даследаванні, звязаныя з прымяненнем тэхналогій 3D-друку косных імплантаў. Вучоныя БДТУ пачалі распрацоўку шклопадобных і шклокрышталічных матэрыялаў з прынцыпова новымі тэхнічнымі характарыстыкамі для выкарыстання ў оптаэлектроніцы, цеплаэнергетыцы, абароннай прамысловасці. БНТУ з мэтай навуковага забеспячэння бяспекі Беларускай АЭС распрацоўвае цеплагідраўлічную разліковую мадэль рэактарнай устаноўкі, якая функцыянуе на станцыі ў Астраўцы. І гэта толькі невялікі пералік даследаванняў, якімі займаюцца ўніверсітэцкія вучоныя.

У рамках навукова-тэхнічных праг­рам у найбліжэйшыя гады плануецца стварыць тэхналогію перапрацоўкі адходаў, што ўтвараюцца пры захоўванні нафтапрадуктаў (зараз яны не ўтылізуюцца і не перапрацоўваюцца). Стаіць задача з адходаў вырабляць бітумныя гідраізаляцыйныя матэрыялы і паліўныя сумесі. Таксама вучоныя плануюць распрацоўку кампазіцыйнага матэрыялу для атрымання сучасных антыстатычных пакрыццяў і арганізацыю вытворчасці згаданага матэрыялу. Такія пакрыцці неабходны для хімічных вытворчасцей і так званых чыстых памяшканняў, дзе не павінен асядаць пыл.

Адной з задач на 2021 год з’яўляецца арганізацыя запуску другога спадарожніка БДУ. Гэта будзе свайго роду вучэбна-навуковая лабараторыя для развіцця новых напрамкаў навучання.

— Запуск і функцыянаванне спадарожніка завершаць комплекс мерапрыемстваў па стварэнні матэрыяльна-тэхнічнай і навукова-метадычнай базы сістэмы падрыхтоўкі кадраў у галіне распрацоўкі і эксплуатацыі малых касмічных апаратаў, — заўважыў Пётр Пякуцька. — Гэта дазволіць стварыць поўны тэхналагічны ланцужок ад пастаноўкі задач, што вырашаюцца з дапамогай малых касмічных апаратаў, да атрымання і камерцыйнага выкарыстання даных.

Міністэрства адукацыі плануе і далей развіваць інавацыйную сіс­тэму нашай галіны. У прыватнасці, пастаўлена задача ў 2021 го­дзе адкрыць тэхнапарк БДУІР. Яго мэта — падтрымка і камерцыялізацыя ўніверсітэцкіх распрацовак у галіне ЗВЧ-тэхналогій, радыёлакацыі, электрамагнітнай сумяшчальнасці радыёэлектронных сродкаў, мікра- і нанаэлектронікі, абароны інфармацыі, ультрагукавых тэхналогій і абсталявання.

Таксама будзе развівацца дзейнасць галіновых лабараторый як перспектыўны фармат узаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай сферы ўстаноў адукацыі з прадпрыемствамі. У якасці прыкладу Пётр Мікалаевіч назваў лабараторыю шыннай прамысловасці Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Зараз там распрацоўваюць тэхналогіі стварэння і вытворчасці эластамерных кампазіцый для пратэктараў шын з павышанай стойкасцю да сцірання.

Дарэчы, напярэдадні прафесійнага свята ў Нацыянальнай акадэміі навук будзе разгорнута выстава навукова-тэхнічных і інавацыйных дасягненняў краіны. Свае распрацоўкі прадэманструюць і ўніверсітэты.

У прыватнасці, БДУ прадставіць 9 інавацыйных распрацовак у галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, праграмавання і інш. У іх ліку — шматразовыя трохслойныя ахоўныя маскі, якія вырабляюцца з айчынных матэрыялаў. Яны прапускаюць паветра, устойлівыя да пырскаў і біясумяшчальныя са скурай чалавека. Маскі вытрымліваюць шматразовае кіпячэнне з лімоннай або воцатнай кіслатой. Пры гэтым яны зносастойкія і цалкам захоўваюць свае ахоўныя функцыі пасля рэгенерацыі. Імі можна карыстацца доўгі час.

Сярод распрацовак БДУ таксама абагачальныя фітакомплексы “Крэда” і “Салюс”. Яны выкарыстоўваюцца пры вырабе мясных прадуктаў з паніжаным утрыманнем паваранай солі для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Фітакомплексы валодаюць антыаксідантнымі ўласцівасцямі і ўтрымліваюць кампаненты, якія станоўча ўплываюць на здароўе.

У ліку экспанатаў будзе прадстаўлены біяпрэпарат для стымуляцыі росту каранёў раслін “Караняплюс”. Акрамя таго, на выставе пакажуць спірометр — спецыяльную прыстаўку да камп’ютара для ацэнкі стану дыхальнай сістэмы чалавека. З яго дапамогай можна вымераць параметры знешняга дыхання і супаставіць іх з нарматывамі.

Арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук прадставяць на выставе каля 200 распрацовак і тэхналогій. Многія з іх будуць дэманстравацца ўпершыню.

Так, НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў прадэманструе макет беспілотнага лятальнага апарата “Мішэнь”. Сам апарат абсталяваны турбарэактыўным рухавіком і здольны імітаваць паветраныя цэлі тыпу рэактыўны баявы самалёт, крылатая ракета, БЛА для вучэнняў ­Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Аб’яднаны інстытут машынабудавання на адкрытай пляцоўцы прадэманструе макетны ўзор электрамабіля ACADEMIC ELECTRO. Ён разлічаны на двух пасажыраў і прызначаны для перавозак па закрытых тэрыторыях (без выезду на дарогі агульнага карыстання). Максімальная хуткасць электрамабіля — 50 км/г. Каркасна-панэльны тып кузава дазваляе ажыццяў­ляць выпуск дробнымі серыямі пад патрабаванні заказчыка.

Інстытут лесу НАН Беларусі прадставіць біялагічны метад аховы іглічных насаджэнняў з выкарыстаннем ферамоннай пасткі для караедаў. Важна, што ён не патрабуе асаблівых тэхнічных сродкаў, а расход прэпарату невялікі. Сфера прымянення распрацоўкі — лясная і садова-паркавая гаспадарка.

На выставе будуць прадстаўлены і сумесныя распрацоўкі вучоных. Так, Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій сумесна з Інстытутам фізіялогіі пакажуць персанальны бактэрыцыдны святлодыёдны рэцыркулятар паветра. Ён пазбаўлены недахопаў традыцыйных масак і дазваляе абеззаражваць паветра, якое ўдыхаецца, у рэжыме рэальнага часу з эфектыўнасцю да 99,9%.

Выстава пачне працаваць у пятніцу а 10 гадзіне на дзвюх пляцоўках Нацыянальнай акадэміі навук. Усяго вучоныя краіны пад­рыхтавалі каля 400 інавацыйных і навуковых распрацовак. Акрамя згаданых ужо НАНБ і Міністэрства адукацыі, свае экспазіцыі прадставяць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сувязі і інфармацыі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.