Ад інавацыйнага менеджменту да індустрыі 4.0,

або Асноўны бонус навучання індыйскіх студэнтаў

Мінулы год стаў па-сапраўднаму знакавым у галіне прафесійнай адукацыі для беларуска-індыйскіх адносін. Падчас візіту дзяржаўнай дэлегацыі нашай краіны ў Індыю быў падпісаны адпаведны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам развіцця кваліфікацый і прадпрымальніцтва Рэспублікі Індыя. Згодна з гэтым дакументам, наша краіна далучылася да плеяды такіх эканамічна магутных дзяржаў, як Вялікабрытанія, Германія, Сінгапур і іншыя, што задзейнічаны сёння ў сумеснай рэалізацыі праграмы “Кваліфікаваная Індыя”. Праграма накіравана на падрыхтоўку працоўных рэсурсаў, якія адпавядаюць сучасным сусветным стандартам. Асноўным каардынатарам такой дзейнасці і рэалізатарам праектаў паміж Беларуссю і Індыяй з’яўляецца Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Актыўная пазіцыя Міністэрства адукацыі, непасрэдна РІПА, на адукацыйным рынку Індыі, маркетынгавыя мерапрыемствы па пазіцыянаванні брэнда прафесійнай адукацыі Беларусі дазволілі атрымаць першыя практычныя вынікі. Ужо ў студзені гэтага года ў РІПА прыехалі на навучанне 50 індыйскіх студэнтаў. Што прапануе адукацыйная праграма індыйскім студэнтам, як яна спалучаецца з практычным навучаннем у рэальным сектары нашай эканомікі, як будзе стварацца беларускі цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі ў Індыі? Гэтыя пытанні мы высвятлялі ў прарэктара па вучэбнай рабоце РІПА, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта, куратара гэтага праекта Алены Леанідаўны КАСЬЯНІК.

Сустракаючыся ў РіПА з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Саксенам Панкаджам і з індыйскімі студэнтамі, міністр адукацыі нашай краіны І.В.Карпенка заявіў, што за больш чым дваццацігадовую гісторыю дыпламатычных адносін паміж Індыяй і Беларуссю выбудаваны паўнавартасны партнёрскі дыялог. У сферы адукацыі сфарміравана нарматыўная прававая база, якая тычыцца і супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы кадраў. З’яўляючыся членам WorldSkills International, наша краіна імкнецца павысіць прэстыж прафесійнай адукацыі, прыцягнуць як мага больш маладых людзей у рэальны сектар эканомікі. Гэты рух спрыяе мадэрнізацыі самой сістэмы прафесійнай адукацыі. У Беларусі адкрыты 40 шматпрофільных рэсурсных цэнтраў, якія заняты падрыхтоўкай кадраў па асноўных відах эканамічнай дзейнасці.

І.В.Карпенка адзначыў, што ў нацыянальнай адукацыйнай галіне распрацаваны праграмы для рознага ўзроўню навучання і яны ўяўляюць цікавасць для замежных студэнтаў (бакалаўрскія, магістарскія праграмы на англійскай мове, праграмы двайных дыпломаў, праграмы дадатковай прафесійнай адукацыі, павышэння кваліфікацыі, адукацыйныя праграмы ў сеткавай форме, летнія школы, курсы рускай мовы, дыстанцыйнае навучанне і інш.). Разнастайнасць форм навучання, камфортныя ўмовы пражывання ў Беларусі і стабільнасць нашай краіны ў цэлым прыцягваюць замежных студэнтаў, і іх колькасць расце з кожным годам.

Індыйскія студэнты праходзяць у нас навучанне па праграме “Сучасны вытворчы менеджмент”. Яны прыехалі з дзвюх вядучых навучальных устаноў Індыі — Тэхналагічнага інстытута Б.Н.М і Форбс-бізнес-школы. Тэхналагічны інстытут Б.Н.М (Бангалор) з’яўляецца лідарам Паўднёвай Індыі па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне кіравання і інжынерыі. Установа адукацыi ажыццяўляе падрыхтоўку па адукацыйных праграмах бакалаўрыята (інжынерная справа, інфармацыйныя тэхналогіі, электроніка і сувязь, электроніка і тэхніка, машынабудаванне), магістратуры ў галіне тэхналогій (камп’ютарная сувязь і інжынерыя, камп’ютарныя дадаткі і інш.) і бізнес-адміністравання. Форбс-бізнес-школа (Віджаявада) з’яўляецца вядучай установай бізнес-адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне кіравання па адукацыйных праграмах бакалаўрыята і магістратуры (бізнес-адміністраванне).

— Галоўная мэта падрыхтоўкі індыйскіх студэнтаў — засваенне на базе рэсурсных цэнтраў і вядучых прадпрыемстваў нашай краіны сучасных прафесійных кампетэнцый у галіне аўтасэрвісу, машынабудавання і мехатронікі, — зазначыла Алена Леанідаўна Касьянік. — Распрацаваная праграма навучання ўяўляе сабой спалучэнне трох асноўных модуляў: “Інавацыйны менеджмент”, “Аўтаматызаваныя сістэмы і тэхналагічныя працэсы”, “Арганізацыя працы высокатэхналагічных вытворчасцей”. Прарэктар РІПА расказала, што асаблівасцю першага модуля “Інавацыйны менеджмент” з’яўляецца яго практыкаарыентаванасць і скіраванасць на вывучэнне сучасных тэхналогій і методык, якія прымяняюцца ў кіраванні сучаснай кампаніяй — стратэгічным і фінансавым менеджменце, кіраванні чалавечымі рэсурсамі на прадпрыемстве, бізнес-аналітыцы. Студэнты маюць магчымасць не толькі абмеркаваць гэтыя напрамкі з вядучымі спецыялістамі нашых прадпрыемстваў, але і пазнаёміцца са спецыфікай іх выкарыстання на практыцы. У прыватнасці, асаблівасці прымянення нейрамаркетынгу ў Беларусі індыйскія студэнты вывучалі на аснове вопыту Цэнтра кіраўніцкіх рашэнняў Sarmont, а паспяховую практыку прасоўвання кампаніі на сусветны рынак — са спецыялістамі Wargaming.

Другі модуль адукацыйнай праграмы прысвечаны фарміраванню прафесійных кампетэнцый з прымяненнем праграмных прадуктаў у галіне аўтасэрвісу, машынабудавання і мехатронікі (на выбар). Згаданыя модульныя напрамкі студэнты засвойваюць на базе рэсурсных цэнтраў філіялаў РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж” і “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”. Менавіта ў гэтых установах адукацыі індыйскім студэнтам былі прадстаўлены лепшыя сусветныя тэхналогіі па дыягностыцы базавых сістэм аўтамабіля, у тым ліку электрамабіля. Устройства і функцыянаванне электратранспарту выклікала асаблівую цікавасць у індыйскіх студэнтаў. І гэта зразумела. Сёння ў Індыі інтэнсіўна развіваецца праграма электрыфікацыі транспарту, закупляюцца электрааўтобусы, вырабляюцца электрарыкшы.

У машынабудаўнічай галіне студэнты з Індыі засвойваюць наладку, кіраванне і праграмаванне станкоў з сістэмай ЛПК Sinumerik, Haas, Fanuc. Што тычыцца мехатронікі, то перад індыйскімі студэнтамі гэтая сфера раскрываецца праз вывучэнне асноў пнеўматыкі і гідраўлікі, праз асаблівасці прымянення робатаў і прамысловых маніпулятараў, праз функцыянаванне рабатызаваных тэхналагічных комплексаў. Навучанне праходзіць выключна па новых тэхналогіях у адпаведнасці з сусветнымі стандартамі. Асноўны бонус адукацыйнай праграмы для індыйскіх студэнтаў — гэта знаёмства з індустрыяй 4.0.

Трэба адзначыць, што чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, больш вядомая як індустрыя 4.0, атрымала сваю назву ў 2011 годзе на прамысловым форуме ў Гановеры ад ініцыятывы, якую падалі бізнесмены, палітыкі і навукоўцы. Створаная рабочая група вызначыла гэты напрамак як пераход на цалкам аўтаматызаваную лічбавую вытворчасць, якой кіруюць інтэлектуальныя сістэмы ў рэжыме рэальнага часу.

Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя азначае ўсё большую аўтаматызацыю абсалютна ўсіх працэсаў і этапаў вытворчасці: лічбавае праектаванне вырабу, стварэнне яго віртуальнай копіі, сумесная праца інжынераў і дызайнераў у адзіным лічбавым бюро, настройка абсталявання на прадпрыемстве пад тэхнічныя патрабаванні для выпуску канкрэтнага разумнага прадукту, аўтаматычны заказ неабходных кампанентаў у патрэбнай колькасці, кантроль іх пастаўкі, маніторынг шляху гатовага прадукту ад склада да магазіна і да канчатковага спажыўца.

Беларусь абвясціла пераход да чацвёртай прамысловай рэвалюцыі паступова да 2040 года, але ўжо зараз асобныя яе элементы знаходзяць сваё годнае месца ў вытворчых працэсах, напрыклад, укараненне адытыўных тэхналогій (гэта папластовае нарошчванне і сінтэз аб’екта пры дапамозе камп’ютарных 3D-тэхналогій), робататэхнікі, Big data. Сёння абмяркоўваюцца кампетэнцыі спецыялістаў, якія будуць запатрабаваны на рынку працы пры поўнамаштабным укараненні індустрыі 4.0. Студэнты з Індыі маюць магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі прымянення адытыўных тэхналогій як у вытворчасці, так і ў адукацыйным працэсе.

— Праграма навучання не была б лагічна завершана, калі б мы не пазнаёмілі індыйскіх студэнтаў непасрэдна з вытворчым працэсам у адпаведных сектарах эканомікі, — адзначыла Алена Леанідаўна Касьянік. — Таму трэці модуль праграмы — гэта знаёмства з рэальным вытворчым працэсам на вядучых прадпрыемствах нашай краіны. Варта адзначыць, што шэраг прадпрыемстваў Беларусі сёння цесна ўзаемадзейнічае з Індыяй, актыўна прасоўвае свае прадукты і паслугі на індыйскі рынак. Акрамя таго, па некаторых эканамічных напрамках шэраг прадпрыемстваў адкрывае ў гэтай краіне зборачную вытворчасць.

У індыйскіх студэнтаў была магчымасць убачыць нашу вытворчасць у рэальнасці, пазнаёміцца з практыкай прадпрыемстваў па кіраванні і развіцці персаналу, з арганізацыяй і функцыянаваннем структуры вытворчасці, найноўшымі маркетынгавымі тэхналогіямі. У спісе вядучых прадпрыемстваў і арганізацый, якія плануюць наведаць індыйскія студэнты, знаходзяцца Мінскія аўтамабільны і трактарны заводы, Шатэ-М, ААТ “Амкадор”, СЗАТ “БелДжы”, УП “Адан” і іншыя.

Вынікам навучання студэнтаў з Індыі стане распрацоўка імі міні-праектаў, якія ўяўляюць сабой стартапы стварэння індыйска-беларускіх кампаній. Да работы з замежнымі студэнтамі прыцягнуты вядучыя спецыялісты галін эканомікі, міжнародныя эксперты WorldSkills, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі Беларусі. Сярод іх Павел Сініца, Андрэй Дулькевіч, Арцём Рыбак, Алег Царук, Канстанцін Шайтар і іншыя.

Акрамя адукацыйнай праграмы, індыйскія студэнты з задавальненнем знаёмяцца з гісторыяй і культурай Беларусі. Замежныя госці ўжо наведалі некалькі гістарычных і культурных аб’ектаў нашай краіны, у тым ліку пабывалі ў Хатыні. Цікавасць да Беларусі павышаецца праз жывыя зносіны з равеснікамі, беларускімі студэнтамі, падчас правядзення сумесных мерапрыемстваў, якія прысвечаны гістарычнай і культурнай спадчыне дзвюх краін.

— Мы спадзяёмся, што наша адукацыйная праграма будзе паспяховай асновай як для развіцця бізнесу ў галіне машынабудавання, аўтасэрвісу ў Індыі, так і для адкрыцця беларуска-індыйскіх прадпрыемстваў, якія ўмацоўваюць сувязі паміж нашымі краінамі, — падкрэсліла А.Л.Касьянік. — Ёсць упэўненасць, што прыезд індыйскіх студэнтаў — гэта толькі пачатак нашага супрацоўніцтва, а ў далейшым Беларусь і яе сістэма прафесійнай адукацыі стануць яшчэ больш прыцягальнымі для індыйскіх партнёраў.

Навучанне індыйскіх студэнтаў — гэта не адзіны напрамак супрацоўніцтва Індыі і Беларусі ў адукацыйнай галіне. Наступным этапам стане распрацоўка і рэалізацыя праекта стварэння ў Індыі Беларускага цэнтра прафесійнай падрыхтоўкі. Канцэпцыя рэсурснага цэнтра, распрацаваная ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі, заснавана на апераджальнай падрыхтоўцы кадраў у адпаведнасці з патрэбамі эканомікі, ужо знайшла сваё прызнанне ў краінах СНД і ўпэўнена прасоўваецца на азіяцкі рынак.

Гэты напрамак будзе дэталёва абмяркоўвацца падчас запланаванага візіту дзяржаўнага міністра развіцця кваліфікацый і прадпрымальніцтва Індыі Ананткумара Хегдзе ў Беларусь па запрашэнні міністра адукацыі нашай краіны Ігара Карпенкі.

Індыйская бок выказаў зацікаўленасць у абмеркаванні праектавання рэсурснага цэнтра з боку Беларусі ў адной з галін машынабудавання, аўтасэрвісу, энергетыкі. У найбліжэйшы час плануецца візіт патэнцыяльных інвестараў і прадстаўнікоў Генеральнага дырэктарата па навучанні кадраў Індыі з мэтай іх азнаямлення з арганізацыяй і функцыянаваннем рэсурсных цэнтраў Беларусі і наведваннем Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus. Гэтая пляцоўка дапаможа прадэманстраваць высокую якасць, апера-джальны характар падрыхтоўкі кадраў прафесійнай адукацыі ў нашай краіне.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.