Ад інфарматызацыі да лічбавай трансфармацыі

- 14:43Адукацыйная прастора

Як інфармацыйныя тэхналогіі мяняюць адукацыйны працэс? Якой павінна быць адукацыя ў лічбавую эпоху? Што стрымлівае працэсы лічбавай трансфармацыі? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў ІІ Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставы-форуму “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” (ІТЕ-2018).

Каб тэхналогіі дапамагалі вучыць і вучыцца

Сістэма адукацыі з’яўляецца падмуркам для лічбавай эканомікі. Свет вакол нас кардынальна мяняецца, а свядо­масць людзей, на жаль, не заўсёды паспявае за зменамі. Сёння неабходна, каб сістэма адукацыі не проста рыхтавала кадры для інавацыйнай эканомікі, але і прагназавала з’яўленне новых прафесій, была больш гнуткай, мабільнай, працавала на апярэджанне. Для падрыхтоўкі спецыялістаў-інаватараў неабходна вывесці навучанне і выхаванне за межы звычнай адукацыйнай парадыгмы.

Дырэктар ГІАЦ Павел Ліс адзначыў розніцу паміж паняццямі “інфарматызацыя” і “лічбавая трансфармацыя”. У першым выпадку гаворка ідзе аб стварэнні інфраструктуры для ўкаранення інфармацыйных тэхналогій, а лічбавая трансфармацыя — больш шырокі працэс, які тычыцца ў тым ліку стратэгіі, нарматыўных дакументаў. Працэсы інфарматызацыі ішлі даўно і прадставілі неабходную інфраструктуру для новага этапу. Лічбавая трансфармацыя павінна адрознівацца, па-першае, спектрам тэхналогій прымянення (акрамя традыцыйных, павінны ў поўнай меры выкарыстоўвацца сродкі дапоўненай рэальнасці, апрацоўкі вялікіх даных, штучны інтэ­лект і інш.), па-другое, глыбінёй пранікнення.

— Лічбавая трансфармацыя — гэта пераход да новай рэальнасці пры дапамозе тэхналогій, — падкрэсліў Павел Ліс. — Пры гэтым мы павінны памятаць пра адну важную рэч: лічбавая трансфармацыя — гэта не спосаб замяніць усе працэсы кодам, а магчы­масць прааналізаваць тое, што ў нас ёсць, і ад чагосьці адмовіцца назаўсёды. Такім чынам, мы можам аптымізаваць сістэму адукацыі з пункту гледжання тэхналогій. Адпаведна, асноўная задача лічбавай трансфармацыі заключаецца ў тым, каб тэхналогіі дапамагалі выкладаць, ву­чыць, матывавалі на атрыманне ведаў, каб вучню і педагогу было цікава, камфортна і зручна.

За тры дні мерапрыемства сабрала больш за 5 тысяч удзельнікаў — вядучых беларускіх і замежных спецыялістаў у галіне ІТ і адукацыі, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і непасрэдных удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У фармаце канферэнцый, семінараў, майстар-класаў абмяркоўваліся пытанні кіравання адукацыяй у лічбавую эпоху, магчымасці выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе і праблемы кібербяспекі. У ліку ключавых спікераў былі дырэктар ГІАЦ Міністэрства адукацыі Павел Ліс, рэктар БДУІР Вадзім Богуш, кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі Антон Мякішаў, эксперт у галіне Webometrics Энрыке Ордуна-Мале (Іспанія) і іншыя.

Пераход да лічбавай трансфармацыі суправаджаецца шэрагам праблем. Самая галоўная з іх — кадравая, звязаная з адсутнасцю ініцыятывы, з адносінамі людзей да тэхналогій, з неразуменнем працэсаў, новых парадыгм, з адмовай інавацый і змяненняў, з адсутнасцю лічбавай культуры. Як адзначалася, неабходныя кампетэнцыі педагогам дапамогуць сфарміра­ваць рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. У ГІАЦ у наступным годзе плануецца адкрыццё адукацыйнага цэнтра па ІТ-напрамках.

На думку Паўла Ліса, сёння ад педагогаў павінна ісці ініцыя­тыва распрацоўкі прыватнымі кампаніямі таго ці іншага прадукту ці тэхналагічнага рашэння, бо яны часта застаюцца незапатрабаванымі.

Сярод стратэгічных праблем — неразуменне прычын вострай неабходнасці лічбавай трансфармацыі, завышаныя чаканні, адсутнасць канчатковай мэты. Стрымліваюць пераход да лічбавай трансфармацыі і праблемы заканадаўчага характару: маруднае прыняцце змяненняў у законы, праблемы міжведамаснага ўзаемадзеяння, адсутнасць сістэмы ацэнкі эфектыўнасці лічбавай трансфармацыі.

Па меркаванні Паўла Ліса, асноўны рычаг лічбавай трансфармацыі — хуткія рашэнні і ўменне браць на сябе адказ­насць. “ІТ-тэхналогіі значна мяняюць працэсы, аднак дрэнныя тым, што калі мы іх хутка не ўкараняем, то яны старэюць. Часта ўкараненне новых тэхналогій абмежавана заканадаўствам. На тое, каб штосьці ўзгадніць, унесці карэкціроўкі, могуць спа­трэбіцца месяцы, гады, і з-за гэтага мы страчваем тэхналогію. Калі мы не памяняем хуткасць прыняцця рашэнняў, то будзем толькі пераймаць вопыт. А мы добра ўмеем ствараць свой”, — мяркуе дырэктар ГІАЦ,

Увага прысутных была акцэнтавана і на парадоксе адказнасці, калі, баючыся адказнасці за ўкараненне той ці іншай тэхналогіі, кіраўнік бярэ на сябе яшчэ большую адказнасць за стрымліванне тэхналогій, якія маглі б дапамагчы педагогам, вучням. У выніку атрымліваецца балансіроўка ў падвешаным стане: пэўныя кропкі росту ў краіне ў напрамку ўкаранення новых тэхналогій ёсць, аднак дасканалай сістэмы не выпрацавана.

Павел Ліс закрануў пытанні стварэння адзінага Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя — зоны, у якой аб’яднаны ўсе інфраструктурныя праекты ў сістэме адукацыі. Рэгламенты дзеяння падобнага асяроддзя будуць адкрыты і для дзяржаўных, і для прыватных партнёраў. Уся інфраструктура павінна быць празрыстай і зразумелай як тым, хто ёй кіруе, так і тым, хто ёй карыстаецца. У яе аснове  — платформенны падыход, дзе ўваход у сістэму будзе адзіны. Гэта зна­чыць, што з яго можна будзе трапіць на інфармацыю любога ўзроўню: ад простага даведачнага тэксту да складаных сэрвісаў. Прычым гэта зможа зрабіць любы ўдзельнік адукацыйнага працэсу: ад школьніка да кіраўніка. Толькі ўзровень доступу да інфармацыі будзе розным у залежнасці ад катэгорыі карыстальнікаў. Адзіная платформа ахопіць усе ўзроўні адукацыі, стане часткай электроннага ўрада, адпаведна, закрые патрэбу ў зборы і апрацоўцы даных.

Зараз фарміруюцца тры вялікія патокі даных — рэгістр навучэнцаў, рэгістр устаноў адукацыі і рэгістр педагагічных работнікаў. Увязваючы гэтыя патокі, па словах П.Ліса, можна атрымліваць неверагодныя статыстыку і прагнозы, максімальна спрасціць збор інфар­мацыі, забяспечыць яго праўдзівасць, а потым укараніць сістэму аналітыкі, якая дапаможа выявіць розныя заканамернасці. І ўжо на іх падставе будуць прымацца хуткія рашэнні, як змяніць сістэму адукацыі і з пункту гледжання кіравання, і што тычыцца яе змястоўнага напаўнення.

Сярод найбліжэйшых перспектыў лічбавай трансфармацыі адукацыі: сістэма маніторынгу паспяховасці, воблачная бухгалтэрыя, беспапяровы дакументаабарот, адзі­ны карпаратыўны паштовы сэрвіс, офісны пакет, электронныя плацяжы, дыстанцыйнае навучанне.

Як у нас?

Загадчык кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій БДУ Юрый Варатніцкі прадставіў удзельнікам стратэгію лічбавай трансфармацыі ўніверсітэта, якая нядаўна была прынята.

— Зараз мы ўступаем у фазу лічбавай трансфармацыі ўніверсітэта, якая прадугледжвае змяненне асноўных працэсаў у сферы адукацыі, навукі і кіраванні ўніверсітэтам, — адзначыў Ю.І.Варатніцкі. — Калі гаварыць аб прычынах, то ў цяперашні час мяняецца погляд на адукацыю, яна становіцца мабільнай. Гэтыя змяненні аказваюць уплыў на ўсе аспекты сістэмы адукацыі, пачынаючы ад мэт і заканчваючы адукацыйнымі тэхналогіямі і сродкамі. У гэтым кантэксце інфармацыйныя тэхналогіі становяцца платформай, на базе якой адбываецца мадэрнізацыя адукацыі.

Праграма форуму ўключала канферэнцыі “Лічбавы ўніверсітэт”, “Менеджмент універсітэцкіх бібліятэк”. Пры падтрымцы Сусветнага банка прайшла міжнародная канферэнцыя “Інфармацыйная сістэма кіравання ў сектары адукацыі: найлепшыя сусветныя практыкі для Беларусі”. Асацыя­цыя “Адукацыя для будучыні” арганізавала панэльную дыскусію на тэму “Якая школьная інфарматыка патрэбна для ІТ-краіны”. Прайшлі таксама круглыя сталы “Лічбавы каледж”, “Інфармацыйная бяспека ў адукацыі”.

Сёння нельга разглядаць у якасці заказчыка адукацыі толькі соцыум, арыентаваны на трансляцыю назапашаных ведаў навучэнцам. Варта ўлічваць асобу чалавека, і лічбавыя тэхналогіі павінны быць накіраваны на тое, каб паспрабаваць індывідуалізаваць яго адукацыйную траекторыю. Мяняецца і сам характар інтэлектуальнай працы. Развіццё сістэм штучнага інтэ­лекту прыводзіць да таго, што руцінныя формы інтэлектуальнай працы, якія часта паўтараюцца, у найбліжэйшы час пераста­нуць быць прэрагатывай чалавека. У гэтай сітуацыі выпускнік універсітэта, які валодае крэатыўнымі здольнасцямі, можа творча мысліць, умее атрымліваць новыя веды і ўменні на працягу ўсяго жыцця, будзе канкурэнтаздольным на рынку працы.

— З ростам аб’ёмаў інфармацыі ўзнікаюць новыя пагрозы: навучэнцы губляюць матывацыю да атрымання новых сістэматызаваных ведаў, страчваюць здольнасць крытычна аналізаваць інфармацыю. Да таго ж вялікія аб’ёмы інфармацыі перагружаюць іх, — падкрэсліў Ю.В.Варатніцкі. — У выніку лічбавая трансфармацыя арыентавана найперш на чалавека, на яго ўнутраны свет, адукацыйныя перавагі, раскрыццё творчых здольнасцей. І гэта лейтматыў стратэгіі.

Лічбавая трансфармацыя — шматузроўневы працэс, які закранае метадалогію, змест, арганізацыю і тэхналогіі і ажыццяўляецца на ўсіх узроўнях рэалізацыі асноўных працэсаў універсітэта. Сярод яе галоўных напрамкаў: у вучэбнай рабоце — паэтапнае ўкараненне тэхналогій дыстанцыйнага навучання на ўсіх формах навучання, камерцыялізацыя дыстанцыйных адукацыйных паслуг; індывідуалізацыя адукацыйных траекторый студэнтаў (стаіць задача распрацаваць змест і метады рэалізацыі, крытэрыі ацэньвання педагагічнага складніка індывідуальных адукацыйных траекторый); пашырэнне доступу да сучасных навуковых крыніц; у выхаваўчай рабоце — магчымасць збліжэння куратараў і студэнтаў, зносіны з выкладчыкамі (дарэчы, завяршаецца распрацоўка электроннага журнала куратара, які не з’яўляецца копіяй папяровага); у кіраўніцкай дзейнасці — стварэнне інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кіравання ўніверсітэтам; комплексная аўтаматызацыя дзейнасці выкладчыка па планаванні вучэбнай нагрузкі і кантролі яе бягучага і выніковага напаўнення.

Адным з галоўных фактараў лічбавай трансфармацыі з’яўляецца ступень гатоўнасці ці негатоўнасці прафесарска-выкладчыцкага складу да яе рэалізацыі. У стратэгіі лічбавай трансфармацыі прадугледжаны шэраг мер па павышэнні кваліфікацыі і інфармаванні асоб, якія ўцягнуты ў гэтыя працэсы.

А як у іх?

Згодна з вынікамі адукацыйнага даследавання PISA, эстонскія школьнікі займаюць 1-е месца ў Еўропе і 3-е месца ў свеце (пасля Японіі і Сінгапура). Што пераўтварыла Эстонію ў лепшую краіну для набыцця ведаў?  Мадэль адукацыі, якая існуе сёння і ўкараняецца ў эстонскія школы, пабудавана не на “ведах”, а на “кампетэнцыях” (здольнасцях вучня прымяняць веды і ўменні, а таксама асобасныя якасці ў незнаёмай сітуацыі тады, калі гэта трэба). Безумоўна, немалая роля тут адводзіцца ІТ.

Як адзначыла адукацыйны тэхнолаг Талінскай цэнтральнай рускай гімназіі Людміла Раждзественская, укараненне стратэгіі развіцця камп’ютарных тэхналогій у школах адбылося яшчэ ў 2000-я гады. Своечасовыя сістэмна правільныя рашэнні былі звязаны з праектам “Скачок тыгра”, накіраваным на інвесціраванне сродкаў у развіццё камп’ютарнай і сеткавай інфраструктуры, на навучанне школьнікаў і педагогаў асновам камп’ютарнай дасведчанасці. Масавае ўкараненне электронных паслуг адбылося ў 2002—2004 гадах. Пад паняццем “электронныя паслугі” маецца на ўвазе стварэнне баз даных, якія забяспечваюць збор інфармацыі ў школах, адлюстроўваюць стан павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ўсю школьную статыстыку. Увогуле, школьная адукацыя — частка праграмы “Электронная Эстонія”. Камп’ютары настаўнікаў, школьнай адміністрацыі, дзяцей і іх бацькоў падключаны да сістэмы, якая дазваляе адсочваць дамашнія заданні і адзнакі, папярэджвае аб кантрольных работах і важных школьных падзеях. Бацькі могуць загрузіць праз гэтую сістэму даведку аб хваробе дзіцяці, а таксама адсочваць асабістыя дасягненні школьніка і ўзровень яго ведаў і падрыхтоўкі ў параўнанні з іншымі вучнямі (іх даныя выводзяцца, безумоўна, ананімна) і сярэднімі паказчыкамі класа. Толькі ў 2016—2017 годзе ў Эстоніі на абнаўленне школьнага камп’ютарнага парка дзяржава выдзеліла 4 млн еўра. І гэта для кампактнай краіны з насельніцтвам 1,31 млн чалавек!

За першым этапам настаў другі — дыгіталізацыя школ.

У адрозненне ад Беларусі, дзе ў вучэбных праграмах усё цэнтралізавана і ўпарадкавана, у Эстоніі адкрытыя вучэбныя праграмы па інфарматыцы. Адукацыйны стандарт па гэтым прадмеце дазваляе новым тэхналагічным рашэнням практычна адразу трапляць у школу. Стандарт уключае  кіраванне інфармацыяй, пытанні бяспекі і культуры паводзін у сетцы, камунікацыю, стварэнне лічбавага кантэнта самім вучнем, праграмаванне.

Калектыў школы мае права сам вызначаць чарговасць размеркавання вучэбных модуляў праграмы. “Увогуле, у школ больш свабоды ў прыняцці рашэнняў дырэктарам. У якой ступені ўстанова змагла гэтую свабоду выкарыстаць, у той ступені яна і развівалася. Гэта азначае, што ў нас вельмі нераўнамерная карцінка. Ды і размеркаванне матэрыяльных рэсурсаў залежыць у многім ад кіраўніцкай логікі”, — адзначыла Людміла Раждзественская.

Інфарматыка ў Эстоніі — скразны прадмет (ён укаранёны ва ўсе астатнія школьныя прадметы). І гэта ў многім тлумачыцца тым, што не хапае настаўнікаў інфарматыкі. Хаця робататэхніка і праграмаванне ўведзены ў школьную праграму, па словах адукацыйнага тэхнолага, эстонцы адстаюць у візуальным праграмаванні. Для школьнікаў не распрацаваны падручнікі па інфарматыцы. Праўда, зусім нядаўна ў электронным выгля­дзе з’явіўся падручнік па інфарматыцы для пачатковых класаў.

Людміла Раждзественская засяродзіла ўвагу прысутных на пытаннях павышэння кваліфікацыі педагогаў. Яна лічыць, што ва ўмовах глабальнага інфармацыйнага патоку трэба не толькі не баяцца ўвасабляць свае ідэі, але і смела дзяліцца імі з калегамі. Важнае месца сёння нале­жыць супольнасці практыкаў. Гэта самая масавая, танная і эфектыўная сістэма. Абмяняцца чымсьці хуткім — зробленым фотаздымкам, відэа, хэштэгамі і інш. — атрымаць у мільёны раз больш інфармацыі.

На пытанне, ці выцесніць камп’ютар настаўніка, адукацыйны тэхнолаг з упэўненасцю адказвае “Не!”, бо лічбавае асяроддзе павінна быць педагагічна кіруемым.

***

— Лічбавая трансфармацыя — не мода, а працэс, у які трэба паглыбіцца як мага раней, каб атрымаць максімальную карысць, — лічыць дырэктар ГІАЦ Павел Ліс. — Лічбавую трансфармацыю нельга ігнараваць, яе не ўдасца перачакаць, а неабходна не марудзячы ўключацца ў яе. Поспех у лічбавай трансфармацыі будзе належаць тым, хто зробіць высновы і вырашыць існуючыя праблемы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.