Ад інтэрната да сям’і

- 12:39Сацыяльны ракурс

Дзесяць гадоў у Беларусі рэалізоўваецца праект Міжнароднага дзіцячага фонду “Развіццё паслуг для ўразлівых груп насельніцтва”. Азірнуцца на пройдзены шлях на выніковай канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі фонду, спецыялісты сістэмы абароны дзяцінства, адукацыі, іншых дзяржаўных устаноў нашай краіны, а таксама людзі, якім праект дапамог чагосьці дасягнуць у жыцці, вырашыць пэўныя праблемы.
Пры гэтым, канечне, тыя, хто сабраўся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё.Рау, не толькі падводзілі вынікі, але і прадстаўлялі перадумовы далейшага развіцця вынікаў праекта. І галоўнай была думка аб тым, што толькі аб’яднаныя намаганні дзяржавы, грамадскіх арганізацый і асобных людзей прыводзяць да жаданага выніку. Хаця, як сказала адна з удзельніц канферэнцыі, і адзін у полі воін, калі ўпарта дабіваецца сваёй мэты, запальваючы ідэяй іншых.

Пачыналася з малога

Рэалізацыя праекта была накіравана на тое, каб замацаваныя законам правы дзіцяці ― права на жыццё без насілля, на жыццё ў сям’і, на адукацыю — былі цалкам даступнымі для найбольш уразлівых груп дзяцей: малых з інваліднасцю, сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Зараз мы можам гаварыць пра тое, што ў Беларусі ўсё больш малых, якія аказаліся без апекі бацькоў, застаюцца на сямейных формах выхавання, усё менш дзяцей, якія трапляюць у інтэрнаты. Па даных Міжнароднага дзіцячага фонду, у населеных пунктах, якія цесна супрацоўнічалі з праектам, доля дзяцей, якія трапляюць у інтэрнатныя ўстановы, блізкая да 0%, у 36% раёнаў Беларусі дзяцей наогул не адпраўляюць у інтэрнаты.
— Хачу падзякаваць Міністэрству адукацыі за ўсю тую падтрымку, якую на нацыянальным узроўні яно аказала праекту, — сказала, адкрываючы канферэнцыю, дырэктар прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Міронава. — Мы ўдзячны інстытутам развіцця адукацыі, цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання, СПЦ, камісіям па справах непаўналетніх, установам вышэйшай адукацыі, грамадскім арганізацыям і ўсім іншым за сумесную работу.
Далей яна расказала, што на момант пачатку праекта каля 65% дзяцей-сірот аказваліся ў інтэрнатах. Пры гэтым прыкладна 90% гэтых дзяцей мелі бацькоў, г.зн. былі сацыяльнымі сіротамі, а інстытут прыёмнага бацькоўства толькі пачынаў развівацца. Першапачаткова праект (пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці) рэалізоўваўся ў пяці беларускіх гарадах: Валожыне, Жодзіне, Кобрыне, Оршы і Чавусах. Зараз вопыт праекта распаўсюджаны на 168 населеных пунктаў.
— Прапанаваная мадэль спрацавала, — упэўнена І.Міронава. — Адбылося рэзкае падзенне колькасці дзяцей, якіх адпраўляюць у інтэрнатныя ўстановы, — гэта тычыцца і мясцовага ўзроўню, нашых партнёраў, і краіны ў цэлым. Ды і колькасць інтэрнатных устаноў знізілася на 36% за 10 гадоў. А яшчэ ў спадчыну пасля завяршэння праекта застаюцца тысячы падрыхтаваных спецыялістаў, застаюцца вопыт, адаптаваныя інавацыйныя методыкі і праграмы, стандарты абароны дзяцінства, трэнерскія каманды і, канечне, наша работа з УВА і інстытутамі развіцця адукацыі. 100% універсітэтаў, якія рыхтуюць сацыяльных педагогаў, і 100% абласных ІРА, якія рыхтуюць такіх педагогаў і псіхолагаў, атрымалі трэнераў па ўсіх нашых праграмах і паспяхова рэалізоўваюць гэтыя праграмы самастойна.
Кіраўнік прадстаўніцтва фонду ў Беларусі расказала пра вынікі і перспектывы рэалізацыі праекта “Пашырэнне ўдзелу людзей з інваліднасцю ў грамадскім жыцці і працэсе прыняцця рашэнняў”, заўважыўшы, што зараз у галіновым міністэрстве створана канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі, у тым ліку пры пэўным удзеле Міжнароднага дзіцячага фонду і грамадскіх арганізацый. Мяркуецца, што канцэпцыя будзе прынята ў хуткім часе.
— Гэта вялікі крок наперад, і мы ганарымся тым, што маем дачыненне да гэтага, — дадала Ірына Міронава. — Пілотныя праекты па інклюзіўнай адукацыі, якія былі рэалізаваны ў фармаце “дзіцячы сад — школа — універсітэт” — гэта бясцэнны вопыт, які можна распаўсюджваць і далей. У нас было рэалізавана больш за сто ініцыятыў, што тычыліся адукацыі, працаўладкавання, спорту, сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю. Самае цікавае, што яны не толькі былі створаны для людзей з інваліднасцю, але і людзьмі з інваліднасцю.

Уласны вопыт

Пра тое, як усё пачыналася і да чаго прывяло, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жодзіна Людміла Міхайлаўна Музычэнка.
— На 2005 год у нас у горадзе, лічу, не было міжведамаснай каманды, якая б у поўным складзе падключалася да праблем сям’і, — адзначыла яна. — У кожным рэгіёне, таксама і ў нас, былі інтэрнаты, прычым даволі вялікія. Многае з таго часу змянілася.
Людміла Міхайлаўна расказала, што на той час у Жодзіне існавалі дзве інтэрнатныя ўстановы — дашкольны дзіцячы дом, у якім выхоўваліся 200 малых, і школа-інтэрнат, у якой было больш чым 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. А зараз ідзе ўжо трэці год, як Жодзінскую школу-інтэрнат закрылі, а ў дашкольным дзіцячым доме колькасць выхаванцаў не перавышае 60.

Праект “Развіццё паслуг для ўразлівых груп насельніцтва” ажыццяўляўся з удзелам амаль 1500 партнёраў — дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сферы абароны правоў дзяцей-сірот, дарослых і дзяцей з інваліднасцю.

— Мы імкнуліся падключыцца да кожнага праекта праграмы Міжнароднага дзіцячага фонду, — заўважыла Л.М.Музычэнка. — Гэта і курсы прыёмных бацькоў і ўсынавіцеляў, і інфармацыйная кампанія “Дзяцінства без жорсткасці і насілля”, і сямейна-арыентаваны падыход у рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, які даў нам вельмі многа для развіцця, і шмат чаго яшчэ.
Па словах спецыяліста, у Жодзіне пачалі прадастаўляцца новыя паслугі для дзяцей і сем’яў, былі падрыхтаваны каманды трэнераў па ўсіх праграмах, распрацаваны і зацверджаны міжведамасныя дакументы для эфектыўнага ўзаемадзеяння, навучана міжведамасная каманда аховы дзяцінства.
Асабліва дырэктар Жодзінскага СПЦ спынілася на рэалізацыі праекта “Адкрыты свет”. Спецыяліст лічыць, што дзякуючы яму ў горадзе сфарміравана гатоўнасць да інклюзіўнага падыходу і ў педагогаў устаноў дашкольнага выхавання, і ў бацькоў. Жыхары горада атрымалі інфармацыю аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і аб наступствах для іх ізаляцыі ад здаровых равеснікаў.
Юныя жодзінцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як расказала Людміла Міхайлаўна, зараз наведваюць звычайныя ўстановы адукацыі па месцы жыхарства — зроблены першыя крокі па стварэнні ўніверсальнага адукацыйнага асяроддзя для падтрымкі ўсіх навучэнцаў. Акрамя таго, яшчэ ў 2007 годзе ў горадзе па ініцыятыве аддзела адукацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра створана і зацверджана рашэннем гарвыканкама гарадская сістэма абароны дзяцінства. Яна ўключае ў сябе наступныя часткі: ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнае расследаванне, міжведамаснае ўзаемадзеянне ў рабоце па рэабілітацыі нядобранадзейных сем’яў і іх суправаджэнне. Раз у два гады на пасяджэнне гарвыканкама выносіцца пытанне аб гарадской сістэме абароны дзяцінства. Важна, што ўсе спецыялісты горада навучаны сямейна-арыентаванаму падыходу, навучаюцца і міжведамасныя каманды.
У Жодзіне ёсць дзве прыёмныя дзяжурныя сям’і, што прымаюць дзяцей да трох гадоў, якіх адабралі ў бацькоў. Такім чынам, малыя ўжо шмат гадоў не трапляюць у дом дзіцяці. Да таго ж існуе рашэнне гарвыканкама аб будаўніцтве дзіцячага дома сямейнага тыпу для самых маленькіх. А яшчэ ў горадзе працуе кругласутачная гарачая лінія, якая прымае сігналы аб цяжкіх сітуацыях у сям’і, дзейнічае служба тэрміновага рэагавання. Ёсць і іншыя праграмы, накіраваныя на работу з нядобранадзейнымі сем’ямі, дзецьмі, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі. Напрыклад, група дзённага знаходжання для дзяцей, у сем’ях якіх часова склалася нейкая цяжкая сітуацыя. На базе групы працуе аздараўленчы лагер, які дзейнічае ў тры змены. У выніку ўсёй работы пачынаючы з 2007 года ні адно дзіця з раёна не трапіла ў інтэрнатную ўстанову.
Пра свой вопыт работы з уразлівымі групамі насельніцтва расказалі і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі — з Чавус, Баранавіч, Брэста і іншых. Так, спецыяліст з Чавус зазначыла, што за апошнія сем гадоў у раёне дзеці не накіроўваліся ў інтэрнатныя ўстановы, некалькі гадоў тут няма адбірання малых з сем’яў. У раёне нават няма дзяцей, якім неабходна ўладкаванне ў прыёмныя сем’і, спецыялісты зараз накіроўваюць свае намаганні на работу па ўсынаўленні малых.
Перад прысутнымі выступіла старшыня грамадскай арганізацыі інвалідаў “Асаблівы свет” Алена Сяркульская, якая расказала і пра работу з дзецьмі, якія разам з бацькамі навучаюцца бальным танцам на калясках, і пра работу непасрэдна з бацькамі, і наогул пра ўдзел грамадскага аб’яднання ў дзейнасці па змяненні становішча дзяцей з інваліднасцю ў грамадстве. “Дабіцца навучання дзяцей з інваліднасцю ў звычайнай школе можна, — упэўнена Алена, — толькі трэба ведаць, навошта гэта, розныя ж бываюць сітуацыі. Галоўнае, каб у кожнага была магчымасць такога выбару”.
У адукацыйны цэнтр прыехала і Маргарыта Шніп, выпускніца курса лідарства для моладзі фонду, член маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Откровение”, каб расказаць пра свой вопыт уваходжання ў свет здаровых людзей.
— У мяне ніколі не было аднакласнікаў, я вучылася дома, — расказала дзяўчына ў інваліднай калясцы. — І мне здавалася неверагодна складаным кантактаваць са здаровымі людзьмі, але дзякуючы вучобе на курсах я зразумела, што ўсё магчыма. І, думаю, такія зносіны больш патрэбны нават не нам, а менавіта здаровым людзям.

***

…З экрана на ўдзельнікаў канферэнцыі глядзелі дзеці — маленькая Вера з Полацка, у якой сіндром Даўна, чые бацькі і бабулі з дзядулямі разгарнулі актыўную кампанію па сацыялізацыі такіх дзяцей і тым самым далі вялікую веру сем’ям, у жыццё якіх увайшла гэтая хвароба. Глядзелі ўдзельнікі фотамарафону па ацэнцы безбар’ернага асяроддзя таксама ў Полацку, якія з дапамогай родных і сяброў паспрабавалі на інвалідных калясках трапіць у розныя ўстановы горада (атрымалася не так дрэнна, хоць і не ідэальна). Глядзеў студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Улад — адзін з больш чым дваццаці маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў гэтай УВА. Глядзелі выхаванцы сацыяльнага прытулку з Глыбокага, якія расказвалі пра свае мары. Яна адна на ўсіх: хутчэй вярнуцца дамоў, і каб маці і тата не пілі. А ў выхаванцаў Дзівінскага дзіцячага дома (Брэсцкая вобласць), выпускнікоў тутэйшай базавай школы, для якіх даўно ўжо няма іншага дому, акрамя гэтага, мары дарослыя: адкрыць уласны салон прыгажосці, стаць аўтамеханікам, шэф-кухарам, стварыць сям’ю.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.